“Птушкі штодня” – 5 год разам з Вамі

15.02.2014 - 15:25 | admin

 Сёння мы адзначаем свой першы юбілей – пяць гадоў таму, 15 лютага 2009 г. на нашым сайце з’явіўся першы матэрыял – абвестка. З таго часу навін і абвестак, звязаных з вывучэннем, аховай і назіраннямі за птушкамі з’явілася ажно 133 старонкі (па 10 на кожнай), нашымі карыстальнікамі размешчана амаль 4000 фотаздымкаў, сотні відэа і апісанняў назіранняў за птушкамі з Беларусі і амаль усяго Свету. Пад усімі гэтымі матэрыяламі пакінута больш за 21 тысяча каментароў. Дзякуючы нашай агульнай штодзённай цікаўнасці да птушак і нарадзілася беларуская назва сайта – “Птушкі штодня”, якая з тыдзень упрыгожвае нашу “шапку”.

Усяго за пяць гадоў дзейнасці сайта яго наведалі больш за 165 тысяч чалавек. Добра бачна, што наведвальнасць нераўнамерная і найбольшая колькасць заходаў звязана з арганізацыяй на сайце он-лайн трансляцыі з гнязда сокалаў-пустэльг у Брэсце. Пры гэтым максімальная колькасць прыходзіцца на травень 2010 года (каля 38 тыс наведванняў за месяц), Птушкай года ў якім якраз і была пустальга. 

У гэтым годзе нас чакае пяты запар сезон он-лайн назіранняў з гнёздаў сокалаў у Гродна і Брэсце.

  За пяць гадоў дзейнасці на сайт зайшлі наведвальнікі са 162 краін Свету, - не было толькі з некаторых краін Цэнтральнай Афрыкі. Прыемна (і лагічна), што з Беларусі была найбольшая колькасць наведванняў – 212 502. Сярэдняя працягласць знаходжання на сайце склала трошкі болей за 4 хвіліны. За гэты час наведвальнік у сярэднім праглядае 3- 4 старонкі. А ўсяго за пяць год было прагледжана каля 1,5 млн старонак.   Часцей за ўсё на сайт заходзілі па вонкавай спасылцы з польскага сайту  нашых сяброў www.webcam.peregrinus.pl , які дапамагаў у арганізацыі он-лайн назіранняў з гнязда нашых сокалаў-пустэльг і мае спасылкі на нашы камеры.   Акрамя галоўнай старонкі сайту з навінамі ды абвесткамі, самымі папулярнымі з’яўляюцца старонкі он-лайн назіранняў за сокаламі-пустальгамі, здымкі ў Галерэі і Нашы назіранні. Вельмі прыемна, што да нас заходзяць амаль у роўнай прапорцыі прадстаўнікі як мужнага, так і прыгожага полу.    Хаця нас глядзяць і размяшчаюць свае матэрыялы людзі розных узростаў, асноўнай узроставай катэгорыяй наведвальнікаў сайту з’ўляюцца  маладыя людзі ад 18 да 35 гадоў. Што таксама не можа не радаваць – бо менавіта яны будуць вызначаць ці ўжо вызначаюць будучыню. А вось наконт бліжэйшай будучыні мы маем вельмі прыемную навіну: нашы сябры праграмісты, якія падтрымліваюць тэхнічны бок нашай дзейнасці з самага пачатку на валанцёрскай аснове, прапанавалі нам падумаць над неабходнымі пры любым развіцці тэхнічнымі зменамі на сайце, якія могуць быць зроблены ў бліжэйшыя паўгады. 

 

Таму чакаем на Вашыя прапановы і заўвагі, якія змогуць зрабіць сайт больш цікавым і карысным. А таксама на ўсе іншыя матэрыялы: здымкі, відэа, гісторыі і асобныя факты пра птушак і людзей, якія іх назіраюць, вывучаюць і ахоўваюць.

 

 Дзякуй усім, хто быў з намі самага пачатку, далучыўся пазней і, галоўнае,  застаецца з намі! Птушкі штодня чакаюць нас оф-лайн і он-лайн!

 

 Падрыхтавалі Яўген Сліж і Дзьмітры Вінчэўскі

 Статыстыка і яе візуалізацыя з www.support.google.com/analytics  

Comments

 І мае таксама!!! Хоць і маленькі, а ўсё ж юбілей! Глядзіш, неўзабаве і дзіцячы садок переарасцем, у школу пойдзем, а там і ў інстытут!!! Задаткі для гэтага вельмі сур'ёзныя!!! А што ў дарослым жыцці будзе, дык нават і ўявіць баюся!!!

Цудоўны сайт, а самае галоўнае - што за ім стаяць апантаныя, у добрым сэнсе гэтага слова "хворыя на галаву" людзі. Ну, а якая тытанічная праца крыецца за усім гэтым, ведаю не па чутках. Так, што дзякуй усім "Бубайцам" і далейшых творчых поспехаў на радасць птушкам, людзям і ўсёй дзікай прыродзе!!!

СЗ

 

Harrier - 19.02.2014 - 23:46

In reply to by Avestom (госць)

 Дзякуй усім за віншаванні і добрыя словы.

З Вашым удзелам  і зацікаўленасцю зможам зрабіць больш і лепш.

Наконт краін па наведвальнасці - мне таксама прыемна, што Польшча на другім месцы.