Суворыя вочы кавак

 Каўкі (Corvus monedula) могуць выкарыстоўваць cвае вочы, каб камунікаваць з іншымі птушкамі свайго віду. Здаецца, гэта першы даказаны выпадак для жывёл з-па за групы прыматаў.

Даследчыкі з універсітэтаў Кэмбрыджа і Экзэтэра (Exeter) знайшлі, што каўкі выкарыстоўваюць вочы як засцерагальны сігнал для патэнцыйных супернікаў, якія пралятаюць паблізу ўжо занятай гнездавой нішы ці дупла альбо наўпрост цікавяцца ім. 

Гэбрыэль Дэвідсан (Gabrielle Davidson) з універсітэту Кэмбрыджа, якая ачольвала даследаванне, сказала: "Вочы кавак вельмі нетыповыя. Калі параўноўваць іх з вачыма бліжэйшых крэўных – гракоў і варон, якія маюць вельмі цёмна афарбаваныя вочы – радужкі кавак амаль белыя і ў камбінацыі з чорнымі зрэнкамі выглядаюць вельмі выразна на фоне іх цёмнага апярэння”. 

Перад самым пачаткам гнездавога сезону ў мінулым годзе, Дэвідсан змясціла адзін з чатырох розных тыпаў выяваў у 100 гнездавых нішах кавак. Кантролем служылі чорныя кавалкі паперу, а акрамя іх змяшчаліся выява пары вачэй кавак, пара вачэй кавак разам з абрысамі галавы і выява галавы каўкі з цёмнымі вачыма. Пасля гэтага вяліся відэа назіранні за паводзінамі і рэакцыяй кавак на выстаўленыя выявы. 

"Каўкі – ўнікальны від сярод крумкачовых, бо гняздуюць у нішах ці дуплах, размешчаных у дрэвах ці іншых месцах. Такія гнездавыя нішы звычайна маюць натуральнае паходжанне – каўкі не могуць іх стварыць як многія віды дзятлаў, таму яны вымушаны спаборнічаць з іншымі каўкамі за абмежаваны для гнездавання рэсурс. А з-за таго, што часта каўкі займаюць блізкія адна да адной нішы, яны вядуць працяглыя бойкі за лепшыя месцы для гнездавання” – растлумачыла Дэвідсан. 

Пасля прагляду і аналізу відэазапісаў 40 выпадкаў прызямлення і праверкі каўкамі патэнцыйных гнездавых нішаў з размешчанымі ў іх выявамі, атрымалася, што каўкі нашмат радзей не толькі прызямляліся каля такіх дуплаў, але і праводзілі каля іх значна менш часу. 

"Перад пачаткам нашага даследавання мы вельмі мала ведалі пра тое, чаму вочы некаторых птушак ярка афарбаваныя. У кавак светлыя вочы могуць дапамагаць іх уладальнікам абараняць сваё дупло і яго змесціва ад патэнцыйных супернікаў /без непасрэднага ўзаемадзеяння птушак паміж сабой/. Знойдзеныя намі факты падымаюць пытанне – ці гэта датычыць выключна кавак, ці іншыя віды дуплагнёзднікаў могуць выкарыстоўваць падобны механізм” – падкрэсліла Гэбрыэль Дэвідсан. 

Паводле www.wildlifeextra.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі 

Здымак кавак Ірыны Самусенка

На гэтую тэму: 

КОЛЬКІ ПТУШАК – СТОЛЬКІ ВАЧЭЙ

ЧЫРВОНЫ – КОЛЕР ДЛЯ ПТУШАК

ВАРОНА НІКОЛІ НЕ ЗАБЫВАЕ?