Як і ў мінулыя гады, ў Гродна прайшла канферэнцыя Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ з вельмі цікавымі навукова-папулярнымі прэзентацыямі і інтэрактыўнымі часткамі, ў якіх прынялі ўдзел удзельнікі самага рознага ўзросту не толькі з Гарадзеншчыны і іншых рэгіёнаў Беларусі, але і госці з Польшчы.
Сёлета канферэнцыя прайшла пад назвай “Птушкі штодня” і была прымеркавана да пяцігоддзя сайта Birdwatch.by. А на наступны дзень – у нядзелю, удзельнікам канферэнцыі было прапанавана прыняць удзел у семінары “Разам мы можам больш”, прысвечанага выяўленню патрэбаў і чаканняў прадстаўнікоў мэтавых груп ад дзейнасці аддзялення.
Агулам у канферэнцыі прынялі удзел больш за 60 чалавек. Сярод іх – не толькі сябры АПБ з Гарадзеншчыны, але і з Міншчыны, Брэстчыны, а таксама журналісты і госці з Польскага таварыства аховы птушак (РТОР) і Агульнапольскага таварыства аховы птушак (ОТОР).
Аб гісторыі стварэння і развіцця сайта Birdwatch.by распавёў яго рэдактар Дзьмітры Вінчэўскі, які адзначыў, што за пяць год сайт наведала больш як 165 тысяч наведвальнікаў са 162 краін свету. Найбольшая колькасць заходаў звязана з арганізацыяй он-лайн трансляцыі з гнязда сокалаў-пустальг з Брэста і Гродна. За час працы на сайце з’явілася 133 старонкі навін і абвестак, больш 4000 фотаздымкаў, сотні відэа і апісанняў назіранняў за птушкамі з Беларусі і амаль усяго Свету.
Дырэктар аддзялення Яўген Сліж агучыў справаздачу дзейнасці аддзялення за 2013 год. Паводле яе, у мінулым годзе было праведзена 12 рэгіянальных акцый і іншых мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел больш за тысячу чалавек. Найбольш папулярнымі аказаліся Восеньскія дні назіранняў за птушкамі, акцыя “Домік для савы”, фотаконкурс “Магія дзікай прыроды Беларусі - 2013”, анлайн трансляцыя з гнязда сокала-пустальгі, Birdrace - 2013 ды інш.
Планамі на 2014 год падзяліўся старшыня Гродзенскага аддзялення Андрэй Храмогін, зазначыўшы, што значная іх частка звязана з праектам па падрыхтоўцы абаснавання пашырэння заказніка мясцовага значэння “Гродзенская Свіслач” на ўсю прыродна-каштоўную пойму р.Свіслач (Бераставіцкі і Гродзенскі р-ны) для яе лепшай і больш эфектыўнай аховы. З гэтай мэтай плануюцца навуковыя даследаванні, семінары з зацікаўленымі мясцовымі жыхарамі, палявы летнік для студэнтаў і школьнікаў па даследаванню поймы ракі, экскурсіі і г.д..
Прадстаўнік польскага таварыства аховы птушак (PTOP) Міхал Карнелюк расказаў аб асаблівасцях аховы дубальта на Падляшшы, лічэбнасць якога значна скарачаецца з-за меліярацыі забалочаных тэрыторый, на якіх сустракаецца гэты від. У сваім выступе ён адзначыў, што на тэрыторыі Польшчы адзначана каля 400 самцоў дубальта, у той час як у Беларусі яшчэ жыве каля 4000. З дапамогай радыёперадатчыкаў удалося высветліць, што самцы здольны пералятаць, нават на працягу дня, з Польшчы ў Беларусь і назад.
Пра магчымасці развіцця экатурызму ў заказніку "Ельня" распавёў старшыня АПБ Аляксандр Вінчэўскі. Па яго словах, для турыстаў тут ладзяцца экскурсіі на верхавым балоце, ствараецца экалагічная трапа. Таксама турыстаў прываблівае і мясцовы фестываль «Журавы и журавіны Мёрскага краю», пад час якога можна паназіраць за вельмі ўражлівым відовішчам - вялікай колькасцю тысяч журавоў, якія злятаюцца ўвечары на балота на начлег.
Праект АПБ па захаванню ласасёвых рыб на Гарадзеншчыне прадставіў кандыдат біялагічных навук з Брэста Мікалай Чэркас. Знікненню ласасёвых ў Беларусі пагражаюць марскі промысел, браканьерства, знішчэнне рыб дзеля ікры, забруджванне мясцовых нерастовых ручаёў і рэчак, якія, пасля збудавання плацін на Нёмане і Заходняй Дзвіне, цяпер можна пералічыць на пальцах адной рукі. Выйсцем з сітуацыі можа стаць шырокая інфармацыйная кампанія і экалагічная адукацыя насельніцтва, патруляванне рэк, а таксама стварэнне рыбаходаў і жорсткая барацьба з браканьерамі.
Аб падрыхтоўцы да кампаніі нацыянальнага ўліку белага бусла ў 2014 годзе ў межах VII міжнародных улікаў віду годзе распавяла кандыдат біялагічных навук з Беларускага цэнтру кальцавання птушак Ірына Самусенка. Яна нагадала, што па дадзеных мінулых улікаў, Беларусь займае чацвёртае месца ў свеце па колькасці гэтых птушак з 21500 гнездавых пар. Прыняць удзел ва ўліках зможа кожны. Для гэтага неабходна будзе запоўніць адмысловую анкету і выслаць яе каардынатару.
На Гарадзеншчыне ўлікі будзе каардынаваць Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ.
Аб он-лайн праекце па сачэнню за шляхамі міграцыі і месцамі зімоўкі беларускіх зязюляў – Птушак 2014 году, распавёў Яўген Сліж. Па яго словах, для ажыцяўлення сумеснага з нямецкімі, брытанскімі і фінскімі даследчыкамі праекту ў мінулым годзе ў Беларусі было адлоўлена пяць зязюляў, на спіны якіх замацавалі спадарожнікавыя міні-перадатчыкі. І цяпер кожны, нават не выходзячы з дому, можа сачыць за перамяшчэннем гэтых птушак, якія правялі зіму ў Паўднёвай Афрыцы і цяпер паволі вяртаюцца ў Еўропу.
Удзельнікі канферэнцыі маглі не толькі паслухаць і абмеркавалі цікавыя даклады, але і паглядзелі слайд-шоу польскай аматаркі птушак Ганны Паморскай “Птушкі ў аб'ектыве пачынаючага фатографа”, паглядзець дакументальныя фільмы аб дзікай прыродзе ад беларускіх аўтараў: “Святое балота” - Віталя Гуменнага, “Сокал над горадам” Ігара Бышнёва, а таксама прыняць удзел у відэаконкурсе па вызначэнню птушак.
Відэаконкурс аказаўся складаным нават для яго арганізатараў і вынікі былі падведзеныя толькі ў нядзелю. Перамог у ім Томаш Кулакоўскі, прэзідэнт РТОРа. А сярод беларускіх бёдуотчараў найбольш відаў правільна вызначыў Дзяніс Табуноў.Памятныя дыпломы і прызы атрымалі пераможцы дзіцячага абласнога конкурсу на лепшы малюнак удода - Птушкі 2013 года. Іх работы можна было пабачыць пад час канферэнцыі на выставе разам з лепшымі працамі з усёй Беларусі ў холе гімназіі.
Віталь Гуменны, вядучы праграмы “У аб’ектыве натураліста”, атрымаў насценны гадзіннік з прыгожай выявай вялікага дзятла атрымаў у якасці прызнання вялікага асабістага ўнёска ў прапаганду аховы прыроды на Гарадзеншчыне:Ну і, канешне, не стала выключэннем ужо традыцыйная гульня – каманднае маляванне Птушкі года – звычайнай зязюлі з завязанымі вачыма, якая, як заўсёды, вельмі спадабалася як дзеткам, так і дарослым:
Першы дзень скончыўся таварыскай вячэрай, на якой Старшыня АПБ Аляксандр Вінчэўскі ўручыў выяву касматанога сыча пэнзля Аляксандра Плескайціса - птушку з лагатыпа РТОР - Томашу Кулакоўскаму, прэзідэнту польскай арганізацыі:
На наступны дзень пад час семінару і актыўнай працы ў малых групах удзельнікі высвятлялі, што Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ можа зрабіць для сваёй мэтавай аўдыторыі, каб супраца была яшчэ больш плённай. У якасці вядоўцаў і фасілітатараў сустрэчы выступалі прадстаўнікі грамадскай арганізацыі “Трэці сектар” Вітаўт і Лана Руднік.
Усе ўдзельнікі паступова аказаліся злучаныя паміж сабой - спачатку ніткай, а потым - зацікаўленнямі і жаданнем зрабіць АПБ больш эфектыўнай.
Важнай часткай семінару стала абмеркаванне тых зменаў, якія можна ўнесці ў сайт Birdwatch.by, каб ён стаў больш эфектыўным і цікавым для сваёй аўдыторыі. Прапаноў было агучана дастаткова шмат. Што ж, будзем чакаць іх ажыцяўлення. У цэлым і канферэнцыя, і семінар прайшлі паспяхова. Былі канешне і некаторыя памылкі і дзесці недапрацоўкі. Але як кажуць, на памылках вучацца… Будзем вучыцца і мы.Яшчэ раз шчыра дзякуем усім удзельнікам нашай канферэнцыі і семінару! Заставайцеся з намі! Да наступных сустрэч!
Канферэнцыя і семінар адбыліся дзякуючы падтрымцы Рэгіянальнага экалагічнага цэнтру (REC), Польскага таварыства аховы птушак (РТОР) і Прыраднічага таварыства “Bocian” (Польшча).
Падрыхтаваў Сяргей Саковіч
Здымкі: Дз. Вінчэўскі, І. Самусенка, Т. Яварэц, С. Саковіч, В. Фядотаў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ