"Ахова прыроды ў гарадзкім асяроддзі" - пад такой назвай стартаваў праект Бресцкага абласнога аддзялення АПБ, мэтай якога з'яўляецца захаванне біялагічнай разнастайнасці ў горадзе Брэсце, падвышэнне ўзроўня ведаў жыхароў горада ў вобласці экалогіі і аховы прыроды, укараненне інтэрактыўных метадаў экалагічнай адукацыі ў школах і іншых ўстановах горада.
Сучасны Брэст размешчаны ў месцы зліцця двух рэк - Буга і Мухаўца. У межах гораду захаваліся значныя ўчасткі натуральных ці малапарушаных, асабліва водна-балотных участкаў, з цэлым комплексам рэдкіх і ахоўных відаў жывёл і раслін. Усё гэта стварае ўнікальную магчымасць выкарыстання гэтага прыроднага асяроддзя ў мэтах экалагічнай адукацыі школьнікаў, студэнтаў, мясцовага насельніцтва. Аднак да цяперашняга часу ў горадзе няма сучаснай, уладкаванай экасцежкі. Акрамя таго, адсутнасць у адпаведных арганізацый дакладнай інфармацыі аб каштоўных аб'ектах флоры і фауны, біятопах, робіць немагчымым улічваць прынцыпы аховы навакольнага асяроддзя пры планаванні развіцця горада.
Праект накіраваны на рашэнне двух праблем у сферы аховы навакольнага асяроддзя і экалагічнай адукацыі. З аднаго боку, забеспячэнне адпаведных арганізацый неабходнай для прыняцця рашэнняў экалагічнай інфармацыяй. З іншага боку, стварэнне інфраструктуры, якая будзе спрыяць падвышэнню экалагічнай культуры і адпаведных ведаў сярод мясцовага насельніцтва, і першым чынам - моладзі. Праект разлічаны на школы і ВНУ, а таксама на арганізацыі, якія прыймаюць рашэнні ў вобласці аховы навакольнага асяроддзя і планаванні развіцця горада.
Пад час рэалізацый праекту будзе створана ўнікальная ў маштабах краіны комплексная інтэрактыўная навучальная праграма, якая дапамагае экалагічнай адукацыі ў гарадзкім асяроддзі. Яна будзе ўключаць у сябе неабходны мінімум інфраструктуры (экасцежка, экспазыцыя ў музеі), метадычныя матэрыялы (даведнік па сцежцы, мапы з заданнямі, інтэрактыўны курс "Ахова прыроды ў гарадзкім асяроддзі" і інш.), а таксама навучальныя семінары і трэнінгі для авалодання навыкамі адукацыйнай і прыродаахоўнай дзейнасці.
Значна палепшыцца інфраструктура Брэсцкага абласнога краязнаўчага музею - там з'явіцца новая інтэрактыўная экспазыцыя. Упершыню ў краіне будзе створаны Атлас размяшчэння рэдкіх відаў жывёл і раслін гарадскога населенага пункта. Матэрыялы Атласа могуць быць выкарыстаныя пры прыняцці рашэнняў па ўстойлівым развіцці горада, а таксама ў экалагічнай адукацыі насельніцтва. У рамках праекту плануецца выдаць больш 2500 асобнікаў розных друкаваных матэрыялаў (брашуры, буклеты, метадычныя матэрыялы, плакаты, налепкі і інш.). Усе матэрыялы будуць распаўсюджвацца бясплатна сярод адукацыйных устаноў, і тых, якія звязаны з аховай прыроды і планаваннем развіцця Брэсту. Будуць ўсталяваныя 25 інфармацыйных табліц у розных частках горада. Запланаваная ў рамках праекту інфармацыйная кампанія з працоўнай назвай "Яны жывуць побач з намі - давайце іх захаваем!", якая прапагандуе беражлівыя адносіны да жывой прыроды на прыкладзе аховы рэдкіх відаў, спадзяемся, дазволіць далучыцца да праектнай дзейнасці самыя шырокія пласты насельніцтва нашага горада.Праект рэалізуецца пры падтрымцы грамадскай экалагічнай арганізацыі "Zielona Swoboda" з Польшчы.
Сачыце за навінамі праекту і ўдзельнічайце ў яго мерапрыемствах разам з намі.
Разам для прыроды і людзей!
Андрэй Абрамчук,
Брэсцкае абласное аддзяленне ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны”
Здымак Сяргея Сідарука
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
Harrier - 12.03.2014 - 23:39
Выдатная ідэя і вельмі
Выдатная ідэя і вельмі цікавы праект! Спадзяюся, што ў бліжэйшай будучыні нешта падобнае (з выкарыстаннем брэсцкага досведу) атрымаецца зрабіць і ў Гродна.