Унікальнае сямейства, ў якое ўваходзіць толькі адзін від, было адкрыта даследчыкамі са Швецыі і Кітаю. Генетыкі даследавалі структуру і ўзаемасувязі сямействаў клады, або інфраатраду Passerida і знайшлі 10 адасобленых галінаў-сямействаў унутры яе. Аналіз таксама паказаў, што плямістая крапіўнікавая кустарніца займае адасобленае становішча як адна з базавых і рэліктавых галінаў і блізка не звязана ні з крапіўнікамі, ні з крапіўнікавымі кустарніцамі
Эксперты прапанавалі для птушкі новую родавую назву – Elachura, адпаведна для сямейства – Elachuridae.
"Гэты від з’яўляецца адзіным жывым прадстаўніком аднаго з самых старажытных адгалінаванняў у кладзе Вераб’іных, у якую ўваходзяць прыкладна 36% ад усіх 10.500 відаў сучасных птушак”- сказаў праф. Пэр Альстром (Prof Per Alstrom) са Шведзкага ўніверсітэту сельскагаспадарчых навук ва Ўпсале. Менавіта ён супрацоўнічаў з калегамі з Кітайскай Акадэміі навук у Пекіне.
Elachura formosa – невялікіх памераў вераб’іная птушка, якая распаўсюджана ад Усходніх Гімалаяў да Паўднёва-Усходняга Кітаю. Праф. Альстром апісвае птушку як ”вельмі скрытную і цяжкую для назіранняў, звычайна яна хаваецца ў вельмі густым падросце субтрапічных горных лясоў”.
Шведзкі навукоўца растлумачыў, што дакладнае сістэматычнае становішча віду было цяжка вызначыць, таму што ён вельмі падобны да крапіўнікаў і крапіўнікавых кустарніц:
"Гэтае падабенства ўзнікла дзякуючы выпадковасці або канвергентнай эвалюцыі, якая прыводзіць незвязаныя паміж сабой віды, якія жывуць у падобным асяроддзі, да знешняга падабенства – некаторыя крапіўнікавыя кустарніцы жывуць побач з элахурай.”
Адкрыццё было зроблена пад час параўнання малекулярных адрозненняў ДНК розных прадстаўнікоў клады.
Гэты метад шырока выкарыстоўваецца ў апошнія гады і адказны за шэраг цікавых адкрыццяў. Напрыклад, паводле геномаў, гіль больш блізкі да сокала-падарожніка, чым шуляк-карагольчык.
"Малекулярны аналіз з’яўляецца інструментам для вызначэння сувязяў паміж птушкамі і дапамог выявіць абсалютна нечаканыя сувязі: напрыклад, паміж фламінга і коўрамі, паміж сакаламі, папугамі і вераб’інымі, паміж жаўрукамі і вусатымі сініцамі” – сказаў праф. Альстром. "Магчыма, што больш такіх фактаў атрымаецца знайсці ў будучыні, таму што ўсё больш і больш відаў аналізуецца. Аднак я не думаю, што застаюцца невядомымі - калі яны ёсць ўвогуле - шмат выпадкаў, падобных да ўнікальнага віда Elachura formosa”.
Адкрыццё было апублікаванае ў часопісе Тhe Royal Society journal Biology Letters.
Паводле www.bbc.co.uk (тэкст і фота) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Створана “Дрэва жыцця” для ўсіх відаў птушак
Сярод Лескавых вылучылі тры новыя сямействы
Параўнальная генетыка крумкачовых – новы этап
ШЭРАЯ І ЧОРНАЯ ВАРОНЫ ПАД ГЕНЕТЫЧНАЙ “ЛУПАЙ”
ВІДАВАЯ РАЗНАСТАЙНАСЦЬ ПІТТАЎ МОЖА ПАВЯЛІЧЫЦЦА АМАЛЬ У ДВА РАЗЫ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ