Сарокі насамрэч не крадуць бліскучыя прадметы, бо баяцца іх

 Насуперак папулярнаму меркаванню, сарокі (Pica pica) не цікавяцца бліскучымі прадметамі і тым больш не маюць падставаў красці іх і хаваць у схованках або гнёздах. 

 У культуры многіх еўрапейскіх народаў распаўсюджана меркаванне, што сарокі з’яўляюцца актыўнымі варамі і, калі ёсць такая магчымасць, крадуць невялікія бліскучыя прадметы і прыносяць іх у свае гнёзды. 

 Аднак навукоўцы з Цэнтру даследаванняў паводзін жывёл (Centre for Research in Animal Behaviour (CRAB)) ва ўніверсітэце Эксэтэра (University of Exeter) (Вялікабрытанія) паставілі сабе мэту: праверыць гэтае меркаванне ў серыі эксперыментаў. Аказалася, што птушкі хутчэй баяцца новых і незвычайных для іх прадметаў.  

Даследчыкі вывучалі групу сарок, якіх бралі з цэнтру ратавання птушак, а таксама выкарыстоўвалі “цалкам дзікіх” асобін з наваколля ўніверсітэту. Птушкі абедзвюх груп мелі магчымасць бачыць і браць бліскучыя і небліскучыя прадметы.

 Сарокі з прыроднай папуляцыі кантактавалі з бліскучымі прадметамі толькі 2 разы з 64 эксперыментаў. У абодвух выпадках птушкі падымалі і адразу выпускалі з дзюбы сярэбраныя пярсцёнкі. У ва ўсіх іншых выпадках птушкі альбо ігнаравалі, альбо пазбягалі кантакаў з бліскучымі і блакітнымі прадметамі, часта дэманструючы ў іх прысутнасці насцярожаныя паводзіны і значна менш часу харчаваліся ў тых месцах, дзе такія прадметы знаходзіліся. 

 Пад час эксперыментаў з птушкамі з ратавальнага цэнтру, ніводная з іх не кантактавала ні з яркімі, ні з блакітнымі аб’ектамі. 

Д-р Тоні Шэпард (Dr Toni Shephard), галоўны аўтар артыкулу пра вынікі даследавання, сказаў: “Мы не знайшлі доказаў таго, што сарокі праяўляюць надзвычайны інтарэс да бліскучых або яркіх прадметаў. Замест гэтага мы назіралі неафобію – боязь птушкамі новых рэчаў у іх атачэнні”. 

 Д-р Наталі Гэмпел дэ Ібарра (Dr Natalie Hempel de Ibarra), сааўтарка артыкула, дадала: “Нечакана мала даследаванняў было зроблена адносна кагнітыўных (пазнавальных) механізмаў паводзін сарок. Падобна да іншых крумкачовых птушак з параўнальна вялікімі памерамі мозгу, якія маюць складаныя сацыяльныя сістэмы ўнутрывідавых узаемадзеянняў, сарокі здольныя да складаных разумовых дзеянняў: напрыклад, пазнаюць сябе ў адбіцці люстэрка, памятаюць дзе і калі схавалі нейкія аб’екты або здольныя да іх пошуку ў схованках – асабліва, калі гэта ежа. 

 У нас атрымалася паказаць яшчэ раз, што гэта вельмі разумныя птушкі – замест таго, каб без аглядкі падбіраць бліскучыя і яркія прадметы – як гэта ім прыпісваюць людзі, сарокі трымаліся на бяспечнай адлегласці ад іх, бо гэта былі аб’екты новыя і нечаканыя для птушак”. 

 Крыніца:

Shephard, T V, Lea, S E G, and Hempel de Ibarra, N. (2014)The thieving magpie’? No evidence for attraction to shiny objects. Animal Cognition. DOI: 10.1007/s10071-014-0794-4.

 Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 Здымак Уладзіміра Янушэвіча

 

 На гэтую тэму:

 Гэтая сарока ведае Вас?

 У птушак-гараджан большы мозг

 Разумныя гракі пацверджваюць старажытную байку

 

Comments