Альманы - балота пад грыфам “сакрэтна”

Кожнае балота – невядомая планета, на якой марыць пабываць любы палявы даследчык. Альманскія ж балоты – гэта цэлае сузор’е, якое спакон веку прываблівала арнітолагаў. Але трапіць туды яны доўгі час не маглі. 

Доўгі шлях да балота

Знаходзячыся ў цэнтры Палесся ў Столінскім раёне на мяжы з Украінаю, Альманскія балоты былі адным з самых сакрэтных мясцін Беларусі. У савецкі час на тэрыторыі балот існаваў авіацыйны палігон “Палескі” (Мерлінскі). З 25 вайсковых палігонаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі, гэты быў самы вялікі, агульная плошча яго складала 127,4 тыс.га – ў той час у БССР не было ніводнай запаведнай прыроднай тэрыторыі, якая б мела падобную плошчу. Дарэчы, Альманскія балоты часта ўзгадваюцца ў манаграфіях М.С.Долбіка і А.У.Фядзюшына «Птицы Белоруссии» і «Птицы Полесья». Гэтая акалічнасць яшчэ больш інтрыгывала нас і павялічвала наша жаданне трапіць туды.

Штогод з Інстытута заалогіі Акадэміі навук у Беларускую вайсковую акругу накіроўвалася афіцыйнае пісьмо з запытам дазволіць супрацоўнікам Інстытута даследаваць балотны масіў. Але кожны раз навукоўцы атрымлівалі адмову.

М.М. Пікулік, заснавальнік беларускай герпеталагічнай школы, пад час экспедыцыі на р.Сцвіга. Здымак Вадзіма Сідаровіча.

 

Памятаю, як тагачасны намеснік дырэктара М.М.Пікулік (1948-2006), трымаючы чарговы адмоўны адказ у руках, запытаўся ў старэйшых супрацоўнікаў: “Будзем спрабаваць яшчэ, альбо супакоімся на гэтым?” Усе ў адзін голас адказалі, што трэба і надалей спрабаваць трапіць туды. 

Між тым сабралася ініцыятыўная група заолагаў, якія вырашылі праплыць вясною па рацэ Сцвіга, якая ўяўляла сабой натуральную мяжу палігона. Але Альманскія балоты і тут не захацелі адкрываць свае таямніцы. Ды й не дзіва – у той час у нас нават мапы добрай гэтых мясцін не было. Каб толькі паглядзець краем вока 4х-кіламетроўкі, неабходны быў спецыяльны дазвол, бо нават такі маштаб ужо меў грыф “Для службовага выкарыстання”.

Тым не менш, экспедыцыя ў terra incognita адбылася. Першая ноч на балоце даследчыкаў уразіла. Яны літаральна трапілі на светлавое шоу масіраваных начных пускаў ракет “паветра-зямля” над Колкамі. Наступная ноч прынесла даследчыкам непрыемны сюрпрыз. Была ранняя вясна. Пакуль арнітолагі шукалі ўначы соў, сухая трава на выспе, дзе знаходзіўся лагер, загарэлася. Імгненна загарэўся намет, у якім спаў адзін з удзельнікаў экспедыцыі. Прачнуўшы ад агню, ён літаральна “вынес” палаючы намёт са спальнікамі і ўсёй амуніціяй да старыцы ракі. У ваду трапіла каштоўная  фотаапаратура, а ў мітусні пажару згарэў спальнік і палова ботаў.

Удзельнікі экспедыцыі на Альманскія балоты разбіраюць пазасталыя ад начнога пажару рэчы. Здымак Аляксандра Казуліна.

 

Але непрыемнасці на гэтым не скончыліся. За навукоўцам прыехала машына ГАЗ-66, у якую загрузілі байдарку і астатнія рэчы і вырашылі заначаваць. Ужо ў поўнай цемры кіроўца вырашыў прагрэць машыну і змяніць месца паркоўкі. Так ужо здарылася, што новае, больш “зручнае” месца аказалася ў самой рацэ. Выконваючы гэты “манёўр”, грузавік толькі цудам не перакуліўся, але ўсе рэчы з кузава трапілі ў ваду. Нешта патанула, нешта не без цяжкасцяў удалося вылавіць… 

Грузавік у рацэ. Здымак Аляксандра Казуліна.

 

Усе гэтыя прыгоды прыдалі альманскім таямніцам новае містычнае адценне, а ўсе ўдзельнікі навуковага дэсанту яшчэ доўга ўспаміналі гэтую экспедыцыю.

Трапіць на Альманскія балоты марыў і я. Маючы дазвол для працы з сакрэтнай літаратурай, у тым ліку і з картаграфічнымі матэрыяламі, я, карыстаючыся выпадкам, вывучыў мапу тых мясцін. Палічыўшы сябе нарэшце дастаткова падрыхтаванымі, мы вырашылі самастойна прайсці Альманскія балоты.

І вось мы на месцы! Фарсіравалі Сцвігу і рушылі на захад. На нашым шляху ў самім балоце пачалі трапляцца карпусы падвясных самалётных бакаў, авіяцыйных ракет і бомбаў. Неўзабаве нізенька над нашымі галавамі праляцелі і самі самалёты. Раптоўна наперадзе пачаліся выбухі, пасля якіх мы вырашылі павярнуць назад.

…Праходзілі гады. Вайсковыя таямніцы савецкай імперыі сталі ўжо набыткам гісторыі, а палігон так і заставаўся недасяжным не толькі для нас, але і для іншых даследчыкаў. Што ж, калі нельга прайсці яго па зямлі, то можна паспрабаваць паглядзець на балота з паветра. У 1995 годзе навукоўцы змаглі абляцець Альманскія балоты і паглядзець увесь масіў з верталёта. Пабачыўшы сцяжынкі, якія цягнуліся ад вострава да вострава, зразумелі: балота не такое ўжо і непраходнае, як гэта меркавалася раней. Аблёт даў падставу для правядзення далейшых даследаванняў. Са з’яўленнем грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Беларусі” (у 1998 г.) на Альманскія балоты была арганізавана арніталагічная экспедыцыя, якая ўпершыню адзначыла там на гнездаванні вялікага арляца. Як потым выявілася, тут мае прапіску найбуйнейшая групоўка гэтага віда ў Еўропе. З цягам часу на балотах былі знойдзены і іншыя віды рэдкіх птушак: вяртлявая чаротаўка, барадатая кугакаўка.

Вялікі арлец - адна з самых рэдкіх птушак Еўропы. Здымак Валерыя Дамброўскага

Дзякуючы намаганням арнітолагаў і быў створаны заказнік “Альманскія балоты”, які ў 1998 годзе быў абвешчаны Тэрыторыяй, важнай для птушак (ТВП) міжнароднага значэння. У 2001 годзе Альманскія балоты атрымалі статус Рамсарскіх угоддзяў.

У 2000 годзе, праз 10 гадоў пасля першай няўдалай спробы пабываць на Альманскіх балотах, я нарэшце здзейсніў сваю мару. Дарэчы, для гэтага прыйшлося звярнуцца “куды трэба” і атрымаць адпаведны дазвол. Але калі мы туды трапілі, на здзіўленне, балота літаральна шумела ад людзей. Тут добра асвоіліся жыхары прыгранічнай Украіны, якія збіралі на балоце “нашы” журавіны.

 

Глуханямые загаварылі

Хаця вайскоўцы занялі Альманскія балоты яшчэ ў 50-тыя гады мінулага стагоддзя, тым не менш, aфіцыйнай датай стварэння палігона лічыцца 1962 год. Мясцовыя казалі, што пры гэтым жыхары Мерлінскіх хутароў адмаўляліся пераязджаць з роднага балота ў іншыя куткі краіны. Тады для правядзення “разъяснительной работы”да іх прыехаў генерал. Відаць, не знайшоў ён з хутаранамі агульнай мовы, бо ў запале спрэчак, быццам “па неасцярожнасці”, яны разбілі генеральскую машыну. Вось такой была прыхільнасць палешукоў да здавалася б гіблых месцаў.

Пазасталы ў Самінага возера крыж. Здымак Мікалая Чэркаса.

Пасля гэтага выпадку адсяленне людзей перайшло ў стадыю поўнамаштабнай вайсковай аперацыі, у выніку якой тэрыторыя цалкам абязлюдзела. Добрую частку балот аддзялілі ад Беларусі і перапарадкавалі Украінскай ССР. Вялікі абшар быў аддадзены вайскоўцам. Авіяцыя з году ў год у літаральным сэнсе шпігавала яго свінцом і іншымі элементамі табліцы Мендзялеева. Сярод мясцовых жыхароў хадзілі чуткі, што там узрывалі нават ядзерныя боепрыпасы невялікай магутнасці. Але гэта былі толькі чуткі. Падчас перабудовы многія журналісты і навукоўцы спрабавалі знайсці хоць якія-небудзь афіцыныя звесткі, ў якіх павядамлялася б пра выпрабаванне ядзернай зброі на Палессі. Але ўсё дарэмна.

Прайшоў час. І пасля распаду СССР у СМІ з’явіліся публікацыі аб самых сакрэтных падраздзяленнях вайсковай авіяцыі з вельмі непрыкметнай назвай – рамонтна-тэхнічная база (РТБ). Яны ствараліся каля аэрадромаў далёкай авіяцыі. Менавіта на такіх базах збіраліся ядзерныя бомбы перад загрузкаю іх у самалёт. Тыя, хто служыў у РТБ, былі фантастычна маўклівымі. “Глуханямыя” – так называлі іх у Вайскова-Паветраных Сілах. З цягам часу інфармацыя пра “глуханямых” адкрылася. Ім, дакладней 12-му Галоўнаму ўпраўленню Міністэрства абароны СССР, якому падпарадкоўваліся РТБ, прысвечаны падрабязнейшы артыкул у Вікіпедыі. А ў Інтэрнэце ёсць нават форум самых маўклівых некалі людзей з забаўнай назвай “Глухонемые” ВВС СССР – на связь!” І там яны цяпер “размаўляюць” па поўнай. 

Вось на гэтым форуме мне і давялося знайсці звесткі аб таямніцах Альманскіх балот. Там жа я знайшоў інфармацыю і аб адной авіяцыйнай часці Балтыйскага флоту, якая дыслакавалася …пад Быхавам. Як павядамляюць вайскоўцы, якія там служылі, зусім недалёка ад горада ў 1957 годзе было пабудавана сховішча РТБ для ядзерных бомбаў. І ўжо да сярэдзіны наступнага году казематы спецаб'екта былі запоўненыя вырабамі, што называецца, “пад завязку”. Адны здымаліся з ўзбраення, іншыя паступалі. З гэтай нагоды бомбы першага канструктыўнага тыпу аказаліся самымі “заляжалымі”, таму было прынята рашэнне іх “спісаць”. Тут, у казематах РТБ, іх і дэмантавалі. Ядзерны зарад і некаторыя іншыя прылады здымаліся і адпраўляліся назад на завод. Але ж нават і без ядзернага зараду бомбы заставаліся радыёактыўнымі. 

Як паступілі вайскоўцы? Давайце пачытаем запісы “глуханямога” з форума: «… изделие все равно оставалось источником радиации, поскольку в нем находится несъемный нейтронный источник стабилизации цепной реакции. В августе 1959 года такое изделие подвесили к самолету, который взял курс на юго-запад Беларуси, достиг Столинского военного полигона, где и сбросил эту условную “атомную” бомбу. Над болотами-лесами Полесья поднялся в небо гриб взрыва – без электромагнитного импульса, без мощной ударной волны, яркого светового излучения и вторичной радиации – за исключением рассеивания над полигоном радиации несъемного нейтронного источника... Подобные тренировки экипажей и сборочных бригад проводились еще несколько раз в течение 1959-60-х годов. Вот в чем был секрет “малопонятных” для полешуков испытаний в этом районе. Жившие там люди уже тогда подвергались облучению малыми дозами радиации, платя свою “скромную” цену за размещение на территории республики ядерного арсенала ДКБФ СССР…».

Першымі ў СССР авіцыйнымі бомбамі, якія вырабляліся серыйна (“глуханямы” паведамляе аб іх як бомбах першага канструктыўнага тыпу) былі ядзерныя вырабы РДС-4 з мянушкай “Тацьяна”. Вага такой бомбы складала 1200 кг і магла нават без ядзернага зараду заставіць вялікі радыёактыўны след на Палессі. Дарэчы, гледзячы на карту дачарнобыльскага радыёактыўнага забруджвання Палесся, па плямах, якія адзначаны ў розных кірунках, можна сказать, што на палігоне ўзрывалася не адна бомба. Пра неаднаразовыя выпрабаванні ядзерных зарадаў на Палескім палігоне можна знайсці інфармацыю і ў іншых крыніцах. Так, на старонках артыкула, прысведчанага 60ці гадоваму “юбілею” вадароднай бомбы, ёсць звесткі аб выпрабаванні тут ядзерных зарадаў магутнасцю ад 2 да 4 кт з 1958 па 1963 гг. 

Мапа забруджвання радыёактыўным цэзіем малака кароў на тэрыторыі Беларуска-Украінскага Палесся, 1970 г. Упершыню была апублікаваная Аляксеем Дуброўскім ў 1990-ягады.

Больш парабязная мапа па радыяктыўнаму цэзію ў кароўім малаку ў розных раёнах Беларусі ў 1960-я гг. Малюнак з: Марей А.Н., Бархударов Н.М., Новикова Н.Я. Глобальные выпадения Cs-137 и человек. М.: «Атомиздат» - 1974.

 

Такім чынам, трошкі больш чым праз паўстагоддзя, прыадкрылася яшчэ адна таямніца Альманскіх балот. Цяжка зараз уявіць, навошта скідвалі гэтыя бомбы на палескія балоты? Што гэта – вялікі эксперымент ці спрошчаная “утылізацыя”? Так ці інакш, у пачатку 1960-х гадоў па ўсяму Палессю пачала працаваць навуковая экспедыцыя, якая вывучала радыяцыйную сітуацыю ў гэтым краі. Праца працягвалася некалькі год. Як сцвярджаюць крыніцы, маштабы даследаванняў па некаторых кірунках пераўзыходзілі нават паслячарнобыльскія. Прапанова навукоўцаў была наступнай: каб спыніць міграцыю радыёактыўных рэчываў па Палессі, трэба правесці меліярацыю і ўносіць на палеткі дадатковыя ўгнаенні. Фактычна гэтыя рэкамендацыі і падштурхнулі ўлады да правядзення буйнамаштабнай меліярацыі Палескай нізіны. У 1966 годзе Пленум ЦК КПСС вынес вердыкт: асушыць на беларускім Палессі 2,7 млн. гектараў балот. Але ў гэтыя мільёны Альманскія балоты, дзякуючы вайсковаму палігону, не трапілі і засталіся амаль некранутымі.

 

“Майдан” на балоце

Пасля распаду СССР палігон стаў выкарыстоўваца не так інтенсіўна. Але ж да апашняга вайскоўцы хацелі так і заставіць гэтую тырыторыю мілітарыскай. Як павядамляе газета “Советская Белоруссия” ад 9 жніўня 2013 г., былі прапановы за грошы запрашаць сюды авіяцыю НАТО. Але гэтага не здарылася.

Мінуў час, і вайскоўцы сышлі з тэрыторыі палігона. Тут жа пачаліся спробы яго засваення. Хутка з'явіліся ўсюдыісныя меліяратары са сваёй адвечнай ідэяй асушыць гэты велізарны масіў. Але знайшліся цвярозыя галовы, якія спынілі работы ўжо пасля пачатку. Адзін з першых на абарону Альманскіх балотаў стаў Аляксей Дуброўскі (1944-2011), біёлаг, краязнаўца і  сябра АПБ. Хоць гэта рашэнне аб спыненні асушэння далося нялёгка, але яно выратавала многія жыцці людзей. Бо ў балоце засталося мноства неразарваных бомбаў і іншых выбуховых рэчываў. І як кажуць, лепш не будзіць ліха пакуль ціха.

Імправізаваны намёт на адным з астравоў у балоце. Здымак Валерыя Дамброўскага

 

Надзвычай хутка знайшлі былому вайсковаму палігону альтэрнатыўнае прымяненне грамадзяне Украіны. Балотныя абшары з’яўляюца сапраўдным журавінным царствам, скарбамі якога і карыстаюцца нашы суседзі. Яны наладзілі масавы збор журавін і іншых ягад і грыбоў. У час збору ягад на балотах ствараліся лагеры, ў якіх жыло да 1000 і болей чалавек! Таму не выпадкова беларускія памежнікі забаранілі перасячэнне мяжы не ў пунктах пропуску. Браканьерства, высечка дрэў у буйных маштабах, пажары – вось далека не поўны пералік шкодаў, якія зрабілі на Альманскіх балотах украінцы.

Прыклады адмоўнай дзейнасці грамадзян Украіны ў заказніку "Альманскія балоты". Тут і ніжэй здымкі Валерыя Дамброўскага

Борці для дзікіх пчол на адным з астравоў. Здымак Валерыя Дамброўскага

Не прыпыняла ініцыятыўных суседзяў і дэпартацыя. Толькі за 2010 г. тут з тэрыторіі Беларусі было выдварана 3040 грамадзян Украіны. Сітуацыя рэзка пагоршылася пасля таго, як 2 ліпеня 2011 года каля 120 украінцаў сабралася каля пункту пропуску “Мутвіца” і запатрабавалі дазволіць ім збор ягад і грыбоў на беларускай тэрыторыі, а таксама адпусціць раней затрыманых суграмадзян.

Тым не менш менавіта такі стыхійны мітынг змяніў сітуацыю на балоце. Гэта быў беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі памежнай службы Беларусі. Таму для стабілізацыі становішча ў рэгіёне і ў мэтах пазбягання масавага парушэння дзяржаўнай мяжы, кажучы мовай афіцыйнага дакумента, паміж урадамі Беларусі і Украіны было дасягнута пагадненне аб сезонным пропуску ўкраінцаў для збору грыбоў і ягад. Рашэнне прымалася настолькі хутка, што пратакол кіраўнікамі памежнай службы Беларусі і Украіны 5 ліпеня падпісваўся прама на мяжы. Згодна з ім, жыхары 10 украінскіх вёсак атрымалі магчымасць збіраць ягады і грыбы ў прыгранічнай зоне нашай краіны.

Гаць для хуткага перамяшчэння па балоце. Здымак Валерыя Дамброўскага.

 

Самае масавае “паломніцтва” нашыx суседзяў назіраецца тут, натуральна, падчас паспявання журавін. Аб маштабах нагрузкі на балота можна меркаваць па колькасці наведвальнікаў. Паводле інфармацыі начальніка аддзела памежнай службы штаба Луцкага пагранічнага атрада Івана Чаплінскага, у 2012 г. на трох пунктах спрошчанага пераходу, створаных на ўскраіне балота, было зарэгістравана… 83000 (!) перасячэнняў мяжы жыхарамі 10 прыгранічных вёсак. Па ацэнках спецыялістаў, сума эканамічных стратаў, якая наносіцца Беларусі грамадзянамі Украіны з-за збору на Альманскіх балотах журавін, можа складаць ад 4 да 7 млн. даляраў ЗША штогод.

Мясцовыя зборшчыцы журавін з вёскі Альманы. Здымкі Мікалая Чэркаса:

У цяперашні час на “здароўі” Альманскіх балот адмоўна адбілася і будаўніцтва дарогі, якая перасякае ўвесь масіў з поўначы на поўдзень.

 

Заказнік ці запаведнік?

Тым не менш, заказнік “Альманскія балоты” дае прытулак параўнальна значнай колькасці такіх рэдкіх птушак, як вялікі арлец і арол-вужаед. Агульная колькасць вялікага арляца ў межах заказніка складае 18-20 гняздуючых пар. Для параўнання, ва ўсіх краінах Еўрасаюзу няма і 10 пар гэтых птушак.

Злётак вялікага арляца. Здымак Мікалая Чэркаса.

Добра сябе адчувалі тут і арлы-вужаеды: да тарфяных пажараў 2002 года іх колькасць на тэрыторыі заказніка складала каля 30 пар. Пасля пажару адбылося катастрафічнае зніжэнне шчыльнасці гнездавання гэтага віду і толькі цяпер, больш як праз 10 гадоў, мясцовая папуляцыя пачынае паволі аднаўляцца.

Адна з самых знакамітых насельніц Альманскіх балот - барадатая кугакаўка. Невялікая рэліктавая папуляцыя гэтага віду захавалася ў Беларуска-Украінскім Палессі. Здымак Мікалая Чэркаса.

 

Спадабаліся Альманскія балоты і барадатай кугакаўцы. Хоць яна і аддае перавагу паўночным прасторам, але ўжо вельмі да душы прыйшліся ёй Альманскія балоты. Іх абшары забяспечваюць існаванне значнай часткі (10-20%) беларускай папуляцыі гэтай рэдкай савы, якая прадстаўлена, мяркуючы па ўсім, ізаляванай рэліктавай групоўкай на поўдні Беларусі і поўначы Украіны.

Гэтая сава мала баіцца чалавека, а ад птушанят адганяе нават мядзведзя. Здымак Мікалая Чэркаса.

 

З-за вялікай плошчы і цяжкадаступнасці, адсутнасці населеных пунктаў на балотах змаглі захавацца непарушанымі тыповыя для рэгіёну фауністычныя комплексы. Найбольш вывучана зараз арнітафауна заказніка “Альманскія балоты” (Домбровский и др., 2014), якая ўключае 189 відаў птушак. З іх 131 від даказана гняздуецца тут, для яшчэ 9 гнездаванне мяркуецца, яшчэ 49 відаў сустракаюцца толькі падчас сезонных міграцый, на зімоўцы ці з’яўляюцца выпадкова залётнымі. Са складу гняздуючых 22 віды занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, а два з іх (вялікі арлец і вяртлявая чаротаўка) з’яўляюцца глабальна пагражаемымі. 

Усё прыроднае багацце Альманскіх балот мы павіны зберагчы. І найбольш аптымальны шлях да гэтага – пераўтварэнне мясцовага заказніка ў запаведнік.  

Мікалай Чэркас, кандыдат біялагічных навук, для www.birdwatch.by

Часопісны (скарочаны) варыянт апублікаваны тут

 

Непадпісаныя здымкі альманскіх краявідаў Мікалая Чэркаса і Валерыя Дамброўскага.

 

 

Comments

добры артыкул! Я ужо кольки гадоу прапаную размяшчаць як у НГ больш поуныя версии артыкулау ПИМа на сайце. Фотки, что тычацца пажару (дзённага дарэчы, не начнога, кали я добра помню, там з сабакам штосьци было звязана) и грузавика - гэта целыя гисторыи, было бы добра каб их аписали для гисторыи)))

Паводле артыкулу, пажар здарыўся ўначы - калі шукалі соваў. Але ўдзельнікі экспедыцыі ведаюць лепш, канешне.

Артыкул на сайце дае магчымасць рабіць гіперспасылкі на іншыя цікавыя матэрыялы, звязаныя з артыкулам. Я пастараўся часткова гэтую магчымасць тут выкарыстаць.

Ну і іншы кантэнт магчымы: мапы, відэа, больш здымкаў.

Валерий Домбровский (госць) - 19.02.2015 - 19:59

Хорошая статья, но есть ряд хронологических неточностей. Например, первая орнитологическая экспедиция была в 1994 году в составе Никифорова, Козулина, Парейко, Зуенка и меня. Именно это посещение дало толчок для создания здесь в 1998 году заказника. Кстати, исследования 1998 года проходили в основном с использованием вертолета, поэтому довольно поверхностно. Доказательства присутствия и гнездования большого подорлика получены только в 1999 году, когда на Ольманские болота было организовано целых 3 пеших экспедиции, в которых помимо меня участвовали Журавлев, Дмитренок, Миндлин, Тишечкин и Пинчук. Тогда было найдено первых 5 пар большого подорлика, из 20-и известных в настоящее время. Прочитав про уровни радиации не могу понять как может руководство, имеющее доступ к этой информации, не предпринять никаких мер по ограничению использования грибов и ягод на этой территории. Еще и украинцев вполне официально приглашаем отравиться этой радиацией.

Harrier - 19.02.2015 - 20:34

In reply to by Валерий Домбровский (госць)

Дзякуй, Валера, за ўдакладненні. Не зусім храналагічна правільна, але сюжэт разгортваецца і напруга ўзрастае - таму чытаць цікава. А з Тваімі дапаўненнямі ўсё становіца на свае месцы.