Нетрадыцыйная ў апошнія некалькі гадоў зіма са снегам і марозамі дазваляе ўбачыць і паназіраць за тым, што немагчыма ў іншых умовах. Пад час нашай паездкі ў даліну Нёманскай Свіслачы мы сустрэлі дзве сям'і (а можа і сямейныя групы, якія аб'ядноўвывалі больш, чым адну сям'ю) шэрых курапатак (Perdix perdix), якія зімавалі ў заснежаным асяроддзі.
Першую мы заўважылі здалёк - некалькі птушак больш, чым напалову, закапаліся ў снезе на заснежаным полі далёка ад яго ўскрайкаў. Навокал іх былі і пустыя паглубленні ў снезе, але здавалася, што ўсе яны былі выцягнутыя амаль па прамой лініі, а не раскіданыя хаатычна.
Другая ж група курапатак сядзела значна бліжэй дарогі, метрах у 20-25 ад узбочыны, прычым і дарога гэтая была са значным трафікам. Але паміж імі і назіральнікамі з дарогі быў глыбокі і шырокі канал, як раз за якім птушкі і абаснаваліся. За тыя некалькі хвілін, што мы назіралі за імі з машыны, прыпыніўшыся на ўзбочыне, курапаткі асабліва не перамяшчаліся і не было бачна, каб яны раскапвалі снег пад сабой і нешта елі:
А вось калі мы выйшлі з аўто , яны гэта заўважылі і пачалі 'уціскацца' у свае ямкі ў снезе, каб стаць менш заўважнымі. Але цікаўнасць перамагла і над снегам усё роўна выступалі хаця б голавы птушак - каб назіраць за нашымі наступнымі дзеяннямі:
Мы не сталі перашкаджаць ім і паехалі далей.
Бераставіцкі р-н, 20-01-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ