Некаторыя вялікамаштабныя кампутарныя сімуляцыі могуць значна пераацэньваць уздзеянне зменаў клімату на біяразнастайнасць у асобных рэгіёнах.
Нядаўна апублікаваны артыкул у часопісе Science кажа пра тое, што мадэлі, якія збольшага здольныя прадугледзець агульныя заканамернасці, не працуюць добра там, дзе трэба ўлічваць лакальныя асаблівасці, такія як тапаграфія і мікраклімат. Менш маштабныя сімуляцыі падзеяў, якія улічваюць пералічаныя вышэй фактары, выдаюць больш аптымістычную імавернасць падзей.
Адзін з яскравых прыкладаў – магчымы лёс раслін у швейцарскіх Альпах.
"Агульнаеўрапейская сімуляцыя, якая заснаваная на квадратах 16 х 16 км прадказвае страту ўсіх магчымых месцапраізрастанняў на працягу 21 стагоддзя. Ў той час як мадэль лакальнай сімуляцыі, заснаваная на квадратах 25 х 25 м, прадказвае захаванне прыдатных месцапраізрастанняў для ўсіх 100% мясцовых відаў раслін.”
Адзін з аўтараў артыкулу Шоніл Бхагват (Shonil Bhagwat), старэйшы даследчык з універсітэту Оксфарда (Вялікабрытанія), пракаментаваў гэта так: "Розныя вынікі атрымліваюцца з-за таго, што меншыя пробныя плошчы даюць магчымасць улічыць мікракліматычныя варыяцыі, тады як буйнамаштабныя мадэлі проста не могуць не ўніфікаваць дадзеныя для вялікіх плошчаў”. Развіццё кампутарнай тэхнікі азначае, што для навукоўцаў з’яўляецца магчымасць выкарыстоўваць усё больш складаныя базы дадзеных. Аднак пакуль найбольшую цікавасць прыцягвае магчымасць прадказаць буйнамаштабныя эфекты зменаў клімату, тады як змены ў раслінных кампанентах экасістэм адбываюцца ў значна меншых маштабах.
Аўтары пішуць у сувязі з гэтым: “Наша даследаванне паказвае, што мадэлі прадказання магчымых зменаў у біяразнастайнасці ў сувязі з кліматычнымі зменамі сустракаюцца з вялікімі цяжкасцямі”. Таму навукоўцы заклікаюць перад выкарыстаннем буйнамаштабных сімуляцый праводзіць мікра-мадэльныя даследаванні, інакш вынікі першых будуць адпавядаць сапраўдны магчымым зменам толькі ў невялікай ступені.
Тым не менш брытанскія даследчыкі ўпэўнены, што агульная карціна змяншэння біяразнастайнасці пры змене клімату прадказана правільна, асабліва калі прыняць ва ўвагу страту біятопаў і іх фрагментацыю.
Аднак дакладная карціна магчымых зменаў павінна быць заснаваная на больш дакладных і складаных даследаваннях. Напрыклад, д-р Бхагват тлумачыць, што сённяшняя сістэма зафіксаваных у прасторы ахоўваемых тэрыторый можа патрабаваць зменаў: “На Зямлі 12 % яе паверхні знаходзіцца пад рознага тыпу ахоўваемымі тэрыторыямі і акваторыямі, аднак змены клімату могуць прывесці да таго, што ахоўваемыя там віды будуць вымушаныя пакінуць іх. Таму мы вымушаныя прадугледзець не толькі ахову існых рэзерватаў, але і стварыць спрыяльныя ўмовы для міграцыі і жыцця відаў на іншых тэрыторыях”.
Змены ў раслінных супольнасцях прывядуць да зменаў ва ўсёй экасістэме, напрыклад, Альп www.curiousexpeditions.org
Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ