У якасці дзіўнай рэакцыі на змяншэнне колькасці даступнай для іх рыбы, белыя пеліканы пачалі есці жывых птушанят олушаў. Гэтыя адаптыўныя паводзіны пеліканаў, упершыню адзначаныя біёлагам Мартай дэ Понтэ Мачада (Marta de Ponte Machado), цяпер былі заснятыя на камеру камандай з BBC, якая працуе над новай серыяй прыродазнаўчых фільмай пад агульнай назвай “Жыццё” (Life.)
На востраве Malgas у Паўднёвай Афрыцы вялікія белыя пеліканы атакуюць любое птушаня олушаў, якое засталося без належнай апекі дарослых і невялікае настолькі, што можа быць цалкам праглынутае пеліканам.
І капскія олушы (Morus capensis), і белыя пеліканы (Pelecanus onocrotalus) – прадстаўнікі аднаго сямейства Пеліканавых. Дарослыя олушы маюць размах крылаў да 1,8 м і могуць жыць да 25 год.
Капскія олушы гняздуюць толькі ў шасці месцах, адно з якіх – востраў Мальгас. З-за таго, што людзі перавылавілі тут сардынаў і іншыя невялікія віды рыб – асноўны корм олушаў – іх папуляцыя ў апошнія гады значна зменшылася. Аднак, як аказалася, адсутнасць патрэбнай для птушак колькасці рыбы мае яшчэ адзін смяротны для іх эфект.
Белыя пеліканы, якія маюць размах крылаў да 3 м, таксама галадаюць. Голад прымусіў іх шукаць новыя крыніцы ежы, адной з якіх для іх сталі … олушы!
Каля 700 пар пеліканаў гняздуе на суседнім востраве Dassen. Штодзень некалькі з іх прылятаюць на Мальгас і шпацыруюць уздоўж і праз калонію олушаў.
Пеліканы вышукваюць птушанят олушаў, якія маюць не больш 2 кг вагі і хапаюць іх сваёй масіўнай дзюбай – секунды няўвагі з боку бацькоў ператвараюцца ў трагедыю. А з-за таго, што нястача рыбы вымушае часта абодвух бацькоў ляцець за ёй у акіян, птушаняты застаюцца практычна безабароннымі перад пеліканамі.
"Гэтыя незвычайныя паводзіны паказваюць, якімі адаптыўнымі і ўніверсальнымі ў пошуках ежы могуць быць пеліканы.” – сказаў Пэтрык Морыс (Patrick Morris), прадзюсер серыі фільмаў Лайф.
Дзякуючы дапамозе Марты дэ Понтэ Мачада, дактаранткі інстытуту палявой орніталогіі імя Percy FitzPatrick універсітэту Кэйптауна (Паўднёвая Афрыка), якая шмат гадоў вывучае мясцовых птушак, аператарам ВВС атрымалася зрабіць сэнсацыйны фільм з удзелам пеліканаў і олуш.
Як аказалася, пеліканы з’ядаюць не толькі олуш з суседняга вострава, але і птушанят капскіх бакланаў, дамініканскіх чаек, крычак Берга і нават афрыканскіх пінгвінаў!
Кароценькі адрывак з фільма можна паглядзець тут:
http://news.bbc.co.uk/earth/hi/earth_news/newsid_8343000/8343195.stm
Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ