Учора афіцыйна была прадстаўлена Справаздача па стану птушак Паўночнай Амерыкі (The State of the North America's Birds report), у якой упершыню ацэньваецца стан і тэндэнцыі зменаў колькасці 1154 відаў птушак з Канады, ЗША і Мексікі. Аднак упершыню краіны Паўночнай Амерыкі пачалі супольна ахоўваць птушак яшчэ 100 гадоў таму, калі быў падпісаны Акт па ахове мігрыруючых птушак (Migratory Bird Treaty Act).
Пад час хаасу Першай Сусветнай вайны прэзідэнт ЗША Ўудроў Уілсан (Woodrow Wilson) і кароль Брытанскай імперыі Джордж V (King George V) (які прадстаўляў Канаду) знайшлі час арганізаваць абмеркаванне праблемы пералётных птушак Паўночнай Амерыкі і забараніць гандаль пералётнымі дзікімі птушкамі і іх дэрыватамі.
Дзякуючы Акту федэральны ўрад ЗША змог стварыць першы нацыянальны рэфугіум на востраве Пелікан (Pelican Island) у Фларыдзе, што фактычна паклала канец дзейнасці рынку па продажах пер’яў-эгрэтак вялікіх белых чапляў і дапамагло выратаваць гэты від ад знікнення.
Ратыфікацыя Акта рабіла незаконным пераследаванне, паляванне і іншае здабыццё ці забойства пералётных птушак, пералічаных у Акце. Таксама не надавалася розніцы паміж жывымі ці мёртвымі дзікімі птушкамі, пад ахову трапілі любыя птушыныя часткі ці дэрываты ўключна з пер’ем, яйкамі і гнёздамі. На сённяшні дзень пад дзейнасць Акту трапляюць 800 відаў птушак.
Самым вядомым выключэннем з дзеяння Акту былі і застаюцца федэральныя палажэнні, якія найбольш вядомыя як “закон арлінага пяра”. Ён рэгулюе здабыццё, ўладанне і траспарціроўку белагаловых арланаў і арлоў-маркутоў, а таксама іх частак, гнёздаў і яек для навуковых, адукацыйных і рэлігійных мэтаў плямёнамі амерыканскіх індзейцаў.
Акт быў падпісаны ў эру, калі многія віды птушак знаходзіліся пад пагрозай знішчэння з-за камерцыйнага палявання як на саміх птушак, так і на іх пер’е. Акт стаў адным з першых федэральных законаў па ахове прыроды (ранейшым быў толькі АктЛэйсі (Lacey Act), які пачаў дзейнічаць у 1900 годзе і забараняў гандаль, траспарціроўку або ўладанне нелегальна здабытымі дзікімі жывёламі і раслінамі).
Праз 20 год, у 1936, месіканскі прэзідэнт Лазаро Кардэнас (Lázaro Cárdenas) далучыўся да Акту аб ахове пералётных паўночнаамерыканскіх птушак. Падобнае двухбаковае пагаднене з ЗША ў 1972 годзе падпісала Японія, а ў 1976 – Савецкі саюз. Цяпер гэтыя акты абараняюць не толькі саміх птушак, але і іх месцы пражывання і наваколле, неабходныя для захавання птушак.
Паводле www.stateofthebirds.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На здымку (L-R): прэзідэнт ЗША Woodrow Wilson, кароль George V, прэзідэнт Мексікі Lázaro Cárdenas.
На гэтую тэму:
Бернская канвенцыя – 30 год на службе аховы прыроды
Амерыканскія птушкі апынуліся пад найвялікшай пагрозай
ІНТРАДУКАВАНЫЯ ПАПУЛЯЦЫІ ПАПУГАЯЎ МОГУЦЬ ДАПАМАГЧЫ АБАРЫГЕННЫМ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ