Амерыканскія птушкі апынуліся пад найвялікшай пагрозай

Адна з найбуйнейшых амерыканскіх прыродаахоўных арганізацый - American Bird Conservancy (АВС) непакоіцца з нагоды выбуху на нафтавай вежы ў Мексіканскім заліве, з-за якой нафтавая пляма ўвесь час павялічваецца і можа стаць найгоршай у амерыканскай гісторыі катастрофай з доўгатэрміновымі адмоўнымі наступствамі для птушак.

Узбярэжжы Мексіканскага заліву з’яўляюцца надзвычай важнымі для сотняў розных відаў мігрыруючых птушак, якія не толькі спыняюцца тут для адпачынку і сілкавання, але і гняздуюць. Таму доўгатэрміновы эфект адчуюць не толькі папуляцыі мясцовых птушак, але і тых, якія мігрыруюць праз гэтыя месцы ў Паўднёвую Амерыку, ў Канаду і на Аляску.
“Гэтая нафтавая пляма нясе катастрофу для птушак рэгіёна і далёка за яго межы”  - сказаў прэзідэнт ABC Джордж Фенуік (George Fenwick).
Складаная лінія ўзбярэжжа са шматлікімі пляжамі, эстуарыямі, бухтамі, балотамі і сухімі рэчышчамі, якія прымыкаюць да заліву, утварае надзвычай складаную паверхню для ачысткі. Наступствы забруджвання нафтай будуць адчувальнымі яшчэ на працягу дзесяцігоддзяў, а некаторыя папуляцыі птушак значна зменшаць сваю колькасць. 
Усе гняздуючыя на ўзбярэжжы Мексіканскага заліву віды (чаплі, крычкі, чайкі, кулікі, качкі, пастушкі, ды іншыя), ўжо прыляцелі і займаюць або ўжо занялі гнездавыя тэрыторыі. Ўздзеянне нафты на гэтыя віды будзе залежаць ад тэрмінаў яе збору. Калі надвор’е застанецца кепскім, нафту доўга не змогуць сабраць з паверхні вады, што прывядзе да адмоўных наступстваў для птушак на дзесяцігоддзі наперад.
 

Мапа © American Bird Conservancy
Паводле www.birdwatch.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by