Адны птушкі яшчэ толькі думаюць калі ім вяртацца з зімоўкі, а іншыя - ужо актыўна такуюць і дэманструюць і выглядам, і паводзінамі, што гатовы размнажацца. Бо нікуды не адляталі і могуць сабе гэта дазволіць.
У вусці безіменнай ручаіны ў в.Дарошавічы, якая ўпадае там у Нёман, і дзе вялікая колькасць выступаючых над вадой рэштак мёртвых дрэваў, вялікія бакланы (Phalacrocorax carbo) трымаюцца амаль увесь час, акрамя зімы. Бо ў 2012 г. пасля пабудовы плаціны ГЭС на Нёмане ніжэй гэтага месца, рака тут штозіму пакрывалася льдом і бакланы трымаліся ніжэй плаціны - там можна было рыбачыць без ледзянога покрыва. Але гэтай зімой Нёман не замярзаў зусім, таму і праблемы трымацца ў іншым месцы для гэтых птушак не было. А з наступленнем лютага ўсё больш бакланаў ператвараліся ў седаголовых джэнтэльменаў з ярка-белай пламай на баку - менавіта так птушкі паказваюць, што яны (ужо) дарослыя і гатовы размнажацца.
Гэтае месца іх адпачынку не праглядаецца з высокага берагу ад вёскі, хаця пастаянныя 'перамовы' добра чутны здалёк. Бакланы - вельмі асцярожныя і да сябе звычайна не падпускаюць 'на адлегласць стрэлу' - яўна ведаюць, што можа зрабіць чалавек. Таму, каб зняць што ў іх там адбываецца, прыйшлося павольна, прыкрываючыся за дрэвамі і кустамі па грэбню берагавога схілу, падбірацца на яго край каб убачыць і зняць іх.
І тут мне пашанцавала - бакланы ў колькасці каля 150 птушак не толькі чысціліся, сушылі крылы і адпачывалі, але і ТАКАВАЛІ! Прычым гэтыя іх паводзіны я назіраў упершыню!
https://youtu.be/_fzQyTmK_L8
Аднак для столькі пар пільных вачэй цяжка доўга заставацца незаўважным, таму бліжэй да мяне птушкі пачалі зрывацца і гучна шлёпаючы па вадзе, адлятаць. Але саме цікавае я ўжо зняў і не шкадаваў, што бакланы яшчэ раз праявілі сваю асцярожнасць - гэта яўна дапаможа ім выжыць.
14-02-2020, Гарадзеншчына.
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ