Усю восень і амаль палову зімы калі я праходзіў берагам Нёмана ў гэтым месцы, я што раз здзіўляўся. І было чаму! Бо амаль увесь бераг з нашага боку зарос хмызняком ды дрэвамі, а тут месца было адкрытае, агулам не менш за гектар і парасло высокай крапівой і асліннікам. І калі на крапіве часам яшчэ шчыравалі сінічкі, то насенне аслінніка, якое так любяць многія насеннеядныя птушкі, чамусьці ніхто з іх не еў.
Ажно да гэтага разу, калі наперадзе мяне ўзляцелі некалькі чорнагаловых шчыгелаў (Carduelis carduelis). Нарэшце і яны знайшлі гэтае месца і нетаропка, акуратна выбіралі чорнае невялікае насенне з сухіх мікра-келіхаў аслінніка. Я прыпыніўся, шчыгелы, якія з-за мяне ўзляцелі на бліжэйшыя дрэвы, вярнуліся да сваёй ежы і далі сябе паздымаць.
Так што любая ежа ў прыродзе не прападзе, на ўсё прыйдзе свой час.
Бераг Нёмана ў Гродна, 11-01-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 25.01.2022 - 11:37
Зіма, хаця і не суровая, але…
Зіма, хаця і не суровая, але гэта зіма. А голад - не цётка, усё з'едомнае будзе з'едзена...