Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Студзеньскія арэхі

грак

У добрыя на грэцкія арэхі гады апошнія з іх птушкі знаходзяць і з'ядаюць яшчэ нават у сакавіку. І гэта негледзячы на тое, як інтэнсіўна іх ядуць у першыя месяцы пасля паспявання! Вельмі магчыма, што некаторая частка арэхаў так і застаецца нязнойдзенай і нез'едзенай і пазней, але з пачаткам вясны нашмат даступней становіцца іншая ежа, якую не трэба так упарта шукаць у схованках. Ды і арэхі, схаваныя ў зямлі, хутчэй за ўсё пачынаюць прарастаць і могуць станавіцца неядомымі для птушак.

З пачатку новага году ў мяне былі тры сустрэчы птушак з грэцкімі арэхамі ў горадзе, дзве з шэрымі варонамі (Corvus (corone) cornix) і адна  - з граком (Corvus frugilegus). Прычым вароны з арэхамі сустрэліся хаця і ў розныя дні, але ў тым самым месцы - на беразе Нёмана ў падтопленай высокай вадой пойме.

Першая птушка знайшла арэх дакладна недзе ва ўжо затопленай, хаця і неглыбокай вадой схованцы сярод наваленых у тым месцы валуноў, таму што арэх быў не толькі вельмі цёмны, але і мокры. З'есці яго на месцы варона не рашылася і адляцела са здабычай на другі бераг. Вельмі магчыма, што гэта яна і схавала яго там, дзе і знайшла, бо вароны не вельмі любяць шукаць нешта ў зімовай вадзе, няхай і неглыбока і недалёка ад берагу. Летняя вада - іншая справа.

Другая птушка ў іншы дзень знайшла арэх амаль у тым самым месцы - можа і была той самай варонай? Аднак есці яго не збіралася і перахоўвала знойдзенае там жа, сярод валуноў на падтопленым зімовай паводкай беразе. Але рабіла гэта вышэй і далей ад узроўню вады. Прычым добрае для схованкі месца знайшлося толькі з трэцяй спробы, хаця і на невялічкай прасторы. А для надзейнасці птушка прыкрыла арэх у схованцы невялікімі кавалкамі сухога трыснягу.

А самая цікавая сустрэча адбылася з граком, які з арэхам хадзіў па газону з рэшткамі снегу ў абед (чаму гэта важна - ніжэй). Як хутка аказалася, грак таксама есці сваю здабычу тут і цяпер не збіраўся, а толькі шукаў надзейную схованку. З пятай спробы ў радыюсе прыкладна 50 см знайшоў, падрыхтаваў і схаваў арэх, зверху прыкрыўшы ўсё цвілым лісцем каштана:

Цікава, што нават у кароткі зімовы дзень (студзеньская раніца пачынаецца позна), грак ужо не быў галодны і нават не спрабаваў з'есці грэцкі арэх, а заставіў яго на нейкую будучыню. Прычым, вельмі магчыма, і не сабе - калі яго там знойдзе іншая птушка. Значыць да абеду ён ужо наеўся недзе і нечага так, што хаця яшчэ і шукаў ежу, але ўжо толькі каб схаваць яе 'на потым'.

Гродна, 01-2023

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі