Пасля прыкладна месяца, калі чорнагаловыя шчыгелы (Carduelis carduelis) маглі і харчаваліся ў горадзе пераважна насеннем дзьмухаўцоў , з пачаткам чэрвеня прыйшоў час на падобнае, але значна большае насенне казлабароду (Tragopogon pratensis). Па колькасці апошнія значна саступаюць дзьмухаўцам і хаця і былі вельмі папулярнай крыніцай ежы ў шчыгелаў, праз месяц некаторыя з іх усё яшчэ засталіся нез'едзенымі. І менавіта на такую, з яшчэ не з'едзеным насеннем, купіну казлабародаў на беразе Нёмана і прыляцелі птушкі: дарослая самка і двойка вялікіх птушанят.
Здаецца, што значных адрозненняў у хуткасці, з якім дарослая птушка з'ядала насенне вялікіх парашуцікаў, не было. Расліны або ўжо падсохлі, або пачалі падсыхаць і ўскрыццё іх з мэтай дабрацца да насення напэўна нават стала лягчэйшым. Аднак для маладых шчыгелаў працэс яўна не быў такім жа лёгкім і хуткім:
Тым не менш адна з маладых птушак усё ж неяк спраўлялася з харчаваннем самастойна, другая ж вырашыла, што будзе прасцей выпрасіць ўжо адгрызенае насенне ў мамы і кінула займацца 'ўскрыццём' казлабародаў:
Спачатку здавалася, што дарослая птушка не рэагуе на гэтыя настойлівыя просьбы зусім побач з сабой. Але даволі хутка аказалася, што ёй напэўна проста быў патрэбен час, каб назбіраць у дзюбе адпаведную колькасць ежы для перадачы маладому шчыгелу:
'Сезон казлабародаў' яўна заканчваўся. Але наперадзе шчыгелаў чакаў нашмат большы выбар свежага насення.
Гродна, 01-07-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ