Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Вясковыя ластаўкі выляцелі. Дзе і як сядзець?

вясковая ластаўка

Хаця адразу як выляцяць з гнязда, птушаняты вясковых ластавак (Hirundo rustica) ужо могуць даволі няблага лятаць, але ім гэтая важная здольнасць не вельмі патрэбная пакуль бацькі кормяць іх на прысадах. А вось выбар прысады - месцаў, дзе лепш сядзець і чакаць на прынос ежы, вельмі важны. Бо месца павінна быць бяспечным і таму адначасова не вельмі адкрытым (каб патэнцыйныя ворагі не ўбачылі цябе і сіблінгаў здалёк), і мець хаця б адзін добры падлёт для бацькоў - бо наўрацці яны будуць прадзірацца праз галіны і лісце, каб пакарміць цябе. 

Вельмі дапамагае ў правільным выбары тое, што у любы момант можна зрабіць новы - пераляцець і паспрабаваць чакаць бацькоў на іншай прысадзе. Ды яшчэ і сіблінгі, з якімі рос у адным гняздзе, таксама як бы падказваюць што можа быць лепш, бо дэманструюць свой выбар. Бацькі ж дапамагаюць з яго карэкцыяй і наўпрост - бо кароткімі, адрывістымі і гучнымі крыкамі трэвогі папярэджваюць пра набліжэнне небяспекі і тады  птушаняты стараюцца чым хутчэй узляцець з месца, дзе былі і потым або вярнуцца ў яго ж, або знайсці новае, больш бяспечнае. Ускосная ж падказка ад бацькоў пра тое, што лепш сесці і чакаць іх у іншым месцы, вельмі простая: калі яны часцей прылятаюць з ежай да іншых сіблінгаў, чым да цябе, варта змяніць сваё месца знаходжання.

Часам сіблінгі сядзяць амаль як у гняздзе, нават прытуляючыся адзін да аднаго, а часам на адлегласці ад некалькіх сантыметраў да некалькіх метраў. Здаецца, што першы варынт найбольш папулярны ў першыя дні пасля вылету і пэўна дапамагае адчуваць сябе больш бяспечна. А пазней неабходнасць знаходзіцца ў фізічным кантакце з сіблінгам(і) даволі хутка прападае. Тым больш мусіць быць вельмі крыўдна, калі бацькі выбіраюць пакарміць браціка ці сястрычку непасрэдна каля цябе, але гэта не ты. Ну і магчымасці своечасова перавярнуцца і сустрэць дарослую птушку з ежай з любога боку, калі яна падлятае да месца, дзе сядзіш, у выпадках з сіблінгам побач абмежаваныя. Таму лепш сядзець хаця і недалёка ад яго, але ўсё ж на нейкай адлегласці. 

А калі адлегласць ад іншых птушанят ужо большая за метр, то тады пры набліжэнні бацькоў амаль заўсёды зразумела - ці ляцяць яны карміць менавіта цябе, ці некага іншага. І хаця шырока адкрываць рот і крычаць каб пакармілі варта ў любым выпадку - каб проста яшчэ раз нагадаць пра сябе, часам бачна, што гэта не мае сэнсу калі і так пакормяць некага здалёк.

Часам птушаняты галоднымі крыкамі рэагуюць на набліжэнне любой ластаўкі да сябе, нават сіблінгаў, якія пералятаюць каб сесці побач. Бо лепш памыліцца і папрасіць, чым памыліцца і не папрасіць)  Але і дарослым час ад часу патрэбны перапынак і яны могуць сядзець побач з птушанятамі, сваімі і чужымі. І нават ахалоджвацца ў спёку, шырока пазяхаючы або часта дыхаючы праз раскрытую дзюбу - гэта бачна не здымках на прыканцы серыі.

Галоўнае - хутка вучыцца на сваіх і чужых памылках.

Гродна, 19-06-2023

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі