ГУСІНЫ ХЭПІ-ЭНД

Часам у жыцці бываюць проста неверагодныя супадзенні.  Называць іх выпадковымі цяжка, ды і не хочацца. 

Сёння дзень народзін у дарагога мне чалавека. На жаль, падарыць ёй нешта я не магу. Але яна вельмі любіць гусей. І гэтая гісторыя няхай будзе ёй такім падарункам які цяжка прыдумаць спецыяльна - нават каб моцна хацелася б.

Але пачалося ўсё не сёння, а прыкладна тыдзень таму, калі пачалася у нас сапраўдная зіма - з марозамі, але яшчэ тады без снега.

МЧС час ад часу дае мой нумар людзям, якія тэлефануюць туды каб дапамагчы дзікім птушкам, якія, па іх меркаванні, трапілі ў бяду і ім патрэбна дапамога. 

У гэты раз мужскі голас расказаў мне, што тры гусі сядзяць на нейкай сажалцы каля  мікраёну Альшанка і іх трэба ратаваць.

Калі я стаў удакладняць - ці сапраўды гэта гусі і ў чым праблема з імі, то мужчына засумняваўся ў вызначэнні, але сказаў, што вада там амаль зацягнулася ільдом і таму ён патэлефанаваў у МЧС.

Я падзякаваў яму і супакоіў, што дзікія птушкі павінны самі справіцца з гэтай праблемай, бо ўмеюць лятаць і трэба даць ім гэты шанец.

І вось сёння атрымаўся нечаканы працяг гэтай гісторыі. Ізноў у МЧС далі мой нумар і ўжо жаночы голас распавёў, што тры дзікія гусі сядзяць пад іх домам.  І гэта зноў аказаўся мкрараён Альшанка! Жыхары баяліся за іх лёс, таму што птушкі не лятаюць і бадзяжныя сабакі могуць іх лёгка злапаць. Я спачатку не звязаў першы і другі званок і засумняваўся ў тым, што гусі сапраўды дзікія. Да таго ж пад'ехаць і спраўдзіць хто там насамрэч і чаму ў мяне не было магчымасці.

І тут я ўспомніў, што там жыве арнітолаг і мой былы студэнт Сяргей Саковіч.   Хутка Сяргей быў на емсцы і здзіўлена паведаміў, што гусі сапраўды дзікія, шэрыя і невядома чаму ў аднаго з іх зялёнае самаробнае пластыкавае кальцо. мы пачалі думаць- што рабіць і праз нейкі час Сяргей з мясцовымі жыхарамі змаглі загнаць двух птушак у т.зв. дамок для смецця (гл. верхні здымак), а трэцяя птушка - маладая белалобая гусь - адляцела.

птушкі і людзі

птушкі і людзі

птушкі

Пакуль гэта адбывалася, я дамовіўся пра ратавальны выезд з іншым сваім былым студэнтам і таксама арнітолагам Яўгенам Сліжом.

Акрамя Сяргея і гусей, побач нас чакалі самыя актыўныя дарослыя і неабыякавыя дзеткі:

дзеткі

Мы засунулі гусей у кашулькі (каб яны не маглі самастойна лятаць па машыне калі б раптам захацелі) і паехалі ў заапарк, дзе дзякуючы сябру і калегу Віталію Гуменнаму нас чакалі нават пасля закрыцця.

Пакуль мы ехалі, птушкі час ад часу нягучна перамаўляліся, але што там з імі адбывалася перашкаджаў ўбачыць задні рад сядзенняў. Аказалася, што гусі неяк выблаталіся з адзення і яўна не хацелі ў заапарк:

птушкі

Але як мінімум на выходныя яны пабудуць там, у каранціне.

Ніякіх бачных пашкоджанняў у іх няма. Таму хутчэй за ўсё птушкі  проста згаладалі пасля таго, як зялёныя да гэтага палеткі вакол горада пакрыў слой снега.

Як толькі мы выпусцілі іх у вальер, яны адразу пачалі папраўляць памятае намі пер'е і выглядалі гаспадарамі памяшкання. Я сфатаграфаваў іх на памяць і пажадаў удачы.

гусі

 

Кропка назірання

Каментары