Як мы ратавалі пустальгу ў касьцёле

Сёньня каля абеду мне паталефанавалі з прапановай дапамагчы. Ў Пабернардынскім касьцёле, што ў цэнтры Горадні, унутры як мінімум з пятніцы лятае пустальга.

Многія, напэўна, памятаюць, што менавіта на фасадзе гэтага касьцёлу гняздуе пара гэтых сакалоў. З чорнымі думкамі пра тое, што кладка гэтай пары хутчэй за ўсё загінула, бо калі ўнутр трапіла самка, эмбрыёны даўна астылі, а калі самец, то самка без корму з яго боку хутчэй за ўсё проста кінула кладку.

Я патэлефанаваў студэнту Сяргею, каб ён дапамог мне злапаць ці выгнаць птушку з касьцёлу і накіраваўся да яго.

Але на сваім шляху я сустрэў яшчэ адну пару пустальгі ў зусім нечаканым месцы - птушкі крычалі, сядзелі і лёталі вакол дэкаратыўных выступаў на сьцяне былой першай школы на горцы недалёка ад касьцёлу:

Ніша там не ўнутраная, а зьнешняя і не вельмі прасторная. Але можа там у іх ужо гняздо?

Сяргей ужо чакаў мяне каля ўваходу ў касьцёл і супакоіў - пара сакалоў з-за статуі Сьв.Алены лятала некалькі хвілін таму. Таму птушка ў касьцёле атрымліваецца з невядомай нам пары або ўвогуле негняздуючая.

Ксёндз-пробашч адчыніў нам краты ў галоўным уваходзе і разам з намі шкадаваў птушку, якая аказалася самкай і сядзела амаль без руху на адным са шматлікіх выступаў прыкладна ў цэнтры касьцёлу:

Мы спрабавалі спалохаць яе ўспышкамі фоцікаў, Сяргей паставіў каля ўваходных дзьвярэй песьню вялікай сініцы. Але птушка ніяк не рэагавала на нас.

Праз нейкі час пасьля кансультацыі з сябрам з МЧС, я патэлефанаваў туды і яны абяцалі пад'ехаць і паспрабаваць дапамагчы.

За гэты час у адным з закуткоў знайшлася высачэзная - мэтраў 10- бамбукавая палка-дубец для выціраньня пылу. Аднак калі мы вярнуліся з ім да былога месца адпачынку птушкі, яе ні там, ні ў іншых месцах, не аказалася.

Выступаў у касьцёле хапала, таму мы ўважліва стараліся знайсьці сокала:

Прыехалі ратавальнікі з МЧС і разам з імі прыйшлося канстатаваць, што яны, на жаль, дапамагчы не змогуць, бо іх пераносныя лествіцы маюць толькі 15 м вышыні, а вышыня касьцёлу да столі ажно 22 м.

Хутка прыехала і здымачная група абласнога ТБ, якой птушка паказалася і пачала пералятаць з аднаго месца ў іншыя, і, нарэшце, заляцела ў нішу над арганам.

Хлопцы паспрабавалі сагнаць самку адтуль, што ім паспяхова ўдалося:

Аднак гэта зусім нам не дапамагло - птушка і не думала вылятаць праз адчыненыя дзьверы, а зноў села на падваконьне пад самым дахам за алтаром.

Набліжаўся час імшы і нам прыйшлося пакінуць касьцёл так і не выратаваўшы пустальгу...

Невядома, колькі яна яшчэ зможа працягнуць там без ежы. Бо напэўна не будзе сядаць знізу, бо зверху адчувае сябе значна больш бяспечна.

 

Працяг гісторыі тут: Як мы ратавалі пустальгу ў касьцёле. Частка другая, шчасьлівая

Каментары

А ці нельга было проста адкрыць вокны і залішыць птушку на нейкі час саму? Можа, яна б і вылецела? Мы так аднойчы  саву вушастую на прадпрыемстве "Санта" у Брэсце "выратоўвалі". Прыехалі - паглядзелі, што сава пад дахам, аставілі адчыненнымі дзьверы гэтага памяшкання - і ўноч яна вылецела.

Не пасьпелі паставіць сетку, як пустальга ўжо амаль схапіла мыш каля лаўкі! Прыйшлося адагнаць яе - добра, што мыш была прывязана за заднюю нагу... Цікава, што птушку мы як ні глядзелі, не бачылі. А тут яна ўбачыла (пачула) мыш і прыляцела сама метраў у 5 ад нас!

Пасьля таго, як паставілі сетку, пустальга апусьцілася каля мышы за сеткай і схапіла яе лапай, трошкі запуталася, але мне не хапіла каля 50 см, калі яна выпуталася і адляцела.

Потым села зьверху недалёка ад нас, але мыш, якая таксама заблыталася ў сетцы, ўжо не атакавала...

Прыйшоў час адкрываць касьцёл для наведвальнікаў і нам прыйшлося адкласьці аперацыю па ратаваньню на заўтрашні дзень. Мыш жывая, сетку будзем ставіць (класьці) гарызантальна над ёй, так што шанцаў заблытацца ў пустальгі будзе больш.

Заўтра будзе тыдзень, як птушка трапіла ў касьцёл...

Наконт вокнаў - вокны ў касьцёле велізарныя, але ніводныя не адчыняюцца. Праз дзьверы птушка не вылятае, бо яны параўнальна нізкія і трэба праляцець праз т.зв.карыдор метраў 15.

Думаю, што так. Але не ўпэўнены на 100%. Трэба назіраць хаця б 4-5 гадзін, каб або кангчаткова ўпэўніцца. Ў студэнтаў цяпер сесія і пакуль няма магчымасьці гэта зрабіць.