Крумкачы ў горадзе

 У нашым горадзе, у Кобрыне, на гнездаванні адзначаны шэсць відаў крумкачовых птушак.

Найбольш шматлікі грак (Corvus frugilegus ) і каўка (Corvus monedula). Даволі звычайная сарока (Pica pica), рэгулярна адзначаецца на гнездаванні сойка (Garrulus glandarius): кожны год птушкі выводзяць птушанят у горадзе, напрыклад у гарадскім парку, а адно гняздо з птушанятамі было знойдзена у пабудове чалавека. Шэрая варона (Corvus cornix) сустракаецца рэдка і часцей узімку. Знаходкі гнезд адзінкавыя - у мінулым годзе за шмат гадоў знойдзена першае гняздо каля цэнтра горада. Але нас на гэты раз цікавіць крумкач (Corvus corax).

Звычайна гэтыя птушкі хоць і цягнуцца бліжэй да чалавека, асабліва зімой, але птушанят выводзяць далей ад нашага жылля. У нашым выпадку крумкачы пасяліліся у Кобрыне практычна ў цэнтры горада, у гарадскім парку. Раней былі выпадкі гнездавання у горадзе, але птушкі будавалі гнёзды дзе небудзь на ускрайках населенага пункта, напрыклад на электрычных апорах. Тут зусім іншае. Крумкачы пабудавалі гняздо на высокай яліне у парку Кобрына. Думаю, што усім вядома, колькі людзей бывае ў гарадскіх парках, тым больш, у невялікіх гарадах, куды пайсці на нейкія “святы” няма куды. Але птушкі зусім не звяртаюць на людзкую мітусню ўвагу і займаюцца сваімі справамі. У парку таксама выводзяць птушанят гракі і каўкі. Калонія гракоў мае некалькі сотняў гнёзд і іх гоман чуць увесь гнездавы сезон. Крумкачы на фоне гракоў выглядаюць зусім сціплымі суседзямі, іх чуваць зімой альбо ранняй вясной. А у час вывядзення птушанят крумкачы вядуць сябе ціха і непрыкметна. У гэтым годзе крумкачы пасяліліся у парку чацвёрты год запар. Гняздо надзейна схавана на яліне, шуму ніякага ад іх няма, таму на птушак ніхто і увагі не звяртае. Пачынаецца у ніх, як заўсёды. У лютым птушкі пачынаюць весці сябе па веснавому, лётаюць, вырабляюць розныя паветраныя фігуры, “крумкаюць”. Потым пачынаецца рамонт гнязда. Тут трэба дадаць, што у кобрынскім выпадку крумкачы выкарыстоўваюць два гнязда, за чатыры гады яны займаліся два на два, роўна. Потым, калі гняздо ужо гатова прыняць яйкі, адна птушка займаецца тым, што заўсёды знаходзіцца на гняздзе. Калі яшчэ няма яек, яна доўга сядзіць і грэе, сушыць гняздо. Потым, калі ўсе яйкі знесены, пачынае наседжваць.

Так было і сёлета.У пачатку лютага адзначыў, як птушкі насілі высцілку для гнязда, займаліся рамонтам. Потым адна птушка знікла, гэта значыць, што ужо яна на гняздзе. Цяпер крумкач, думаю, што самец, лётае адзін, корміць самку і зрэдку яе падмяняе. Хутчэй за ўсё, яйкі знесены і пачалося наседжванне. Пазней, калі птушанаты падрастуць і стане цяплей, яны будуць заставацца ў гняздзе самі, а дарослыя будуць іх карміць. Цікава і незвычайна назіраць, калі дзе небудзь у траўні – чэрвені крумкачы ходзяць нібы каўкі па тратуарах і нешта збіраюць амаль у цэнтры горада. Але гэта адбываецца толькі рана раніцай, потым, калі людзі пачынаюць свае справы, крумкачы ляцяць за горад. Яшчэ адно назіранне, якое прыцягнула маю увагу. У горадзе, як я пісаў вышэй, зусім няма шэрых варон, якіх, напрыклад, у суседнім Берасці шмат. Але з’явіліся крумкачы, каторым, як бачым, падабалася жыць у горадзе. Такім чынам, адна пара крумкачоў перетварылася ў сінантропную, цягне яе да чалавека, а што будзе далей, пакажа час.

Разам для птушак і людзей!

Алег Кальчанка, г. Кобрын

Каментары

 вельми цикава, аисток, нават на канферэнцыи ци у Суббутео можна было написаць пра вашых крумкачовых, у мястэчках их амаль нихто не вывучау, тым болей, што ситуацыя пастаянна змяняецца. У Минску и Гродна сароки и вароны звычайныя на гнездаванни (у маим раёне напрыклад), крумкачы лятаюць, але рэдка, хаця у тым жа парку Чалюскинцау магли бы гнездавацца, але на хвоях их цяжка знайсци. Выбачайце за литары.

Чаму крумкачы не гняздуюць у нашых ці іншых эўрапейскіх гарадах - сапраўдная загадка. Раней іх перасьледавалі і да чалавека яны не гарнуліся. Аднак ужо шмат гадоў, як яны маглі б каланізаваць гарады. Але такіх разумных ці адважных знаходзяцца толькі асобныя пары - як гэта ў Кобрыне.

Сарока ў Горадні ўжо некалькі год, як рэдкі на гнездаваньні від. За тое вароны паболела. Хутчэй за ўсё гэта зьвязана адно з адным. Аднак не толькі з гэтым, бо пад час апошніх бёдрэйсаў знайсьці сароку вакол гораду надзвычай цяжкая справа, часам немагчымая.

На Дзевятоўцы будуць гнездаваць і дзе яшчэ? Раней былі амаль паўсюль і ў старых раёнах, і ў новых.

Я ў мінулым годзе ўвосень быў у Зялёнай Гуры - там сарокі былі паўсюль. Але ў іх шэрай вароны няма ў большасьці гарадоў. Тое самае ў Беластоку.

Значыць і нашы там - рванулі на Захад. А больш сур'ёзна: у Менску перамясьціліся на зялёныя зоны. Аліж й там шмат якія гнёзды застаюцца пустымі. (Ёдкаўскі Востраў Цнянскага вадасховішча. Назіраньні двух апошніх гадоў.) Ствараецца ўражаньне - штосьці сапраўды няладнае ў тэндэнцыі. Тым ня меньш, калі прыгледзецца, пабольшала гнёздаў у глыбіні вострава, куды не дапінаюць аматары сабак разам зь любімцамі.   

Алегу Кальчанка вялікі дзякуй. Варта надрукаваць Вашу цікавую рэмарку ў ПМ і дадаць пэўны здымак.

Сапраўды, яліна - добрае дрэва для гнездаваньня ў горадзе, к прыкладу дрэва перад 1 кл. бальніцай у Менску (прама на пр. Незалежнасьці). А наконт таго, чаму мінаюць крумкачы парк Чалюскінцаў - усё проста. Тэрыторыя падпадае пад моцнае ўзьдзеянне электрамагнэснага і іншага... выпраменьваньня. (Магчыма, цяпер яно крыха паменьшала - ёсьць спрыяльныя абставіны.)

Тут птушкі значна разумнейшыя за чалавека, які безперапынна гутарыць па мабільніку. Дадам, што нізкавольтныя лініі 50 Гц аніякай шкоды не ўяўляюць - не патрапіць бы пад напружаньне.