Чорныя дразды ўмеюць раптоўна “пераключацца” на начныя міграцыі

чорны дрозд з перадатчыкам

Штогод мільёны вераб’іных птушак мяняюць сваю пераважна дзённую актыўнасць на начную і становяцца так званымі начнымі мігрантамі. Як адбываюцца гэтыя змены ў фізіялогіі і паводзінах да нядаўняга часу не было вядома – навукоўцы думалі, што яны адбываюцца паступова. Аднак новае даследаванне міжнароднай каманды даследчыкаў з нямецкага Max Planck Institute for Ornithology з дапамогай сучасных тэхналогій даказала як мінімум для чорных драздоў (Turdus merula), што такое “пераключэнне”адбываецца раптоўна непасрэдна перад адлётам на зімоўку. 

Пасля дзесяцігоддзяў доследаў над арыентацыяй і фізіялагічнымі зменамі ў арганізме птушак у няволі перад пачаткам міграцыі стала зразумела, што адказаць на пытанне па зменах актыўнасці ў начных мігрантаў можна толькі ў прыродных умовах і на дзікіх птушках. Тым не менш, яшчэ да нядаўняга часу навукоўцы былі няздольныя праводзіць пастаянныя назіранні у прыродзе за вераб’інымі птушкамі нават сярэдніх памераў. Тэхналогія сачэння са спадарожнікаў існуе параўнальна даўно, але перадатчыкі былі завялікія і зацяжкія, ці няздольныя назапашваць дастаткова дадзеных (геалакатары).

Паступовая мініатурызацыя радыётэлеметрыі вырашыла гэтую праблему. На драздоў павесілі перадатчыкі масай усяго 2 грамы. Некаторыя з птушак мігрыравалі, а некаторыя засталіся на зімоўку ў месцах гнездавання. Атрыманыя дадзеныя паказалі, што параметры дзённай і начной актыўнасці ў папуляцыі, якая складалася часткова з аселых і часткова з мігрыруючых чорных драздоў, не адрозніваліся да пачатку міграцыі. Не было адзначана ніякай прэ-міграцыйнай асаблівай актыўнасці, па якой можна было б сказаць, што менавіта гэтыя птушкі адляцяць і калі яны гэта зробяць. “Пераключэнне” адбывалася раптоўна ў ноч адлёту на зімоўку. "Чорныя дразды раптам адляталі, пралятаючы ў бок зімоўкі ад нуля да ста км у дзень без аніякай знешняй падрыхтоўкі. І далей яны перамяшчаліся ўжо выключна па начах, застаючыся таксама дзённымі птушкамі” – сказаў Jesko Partecke з Max Planck Institute for Ornithology, адзін з аўтараў даследавання.

Сёлета навукоўцы да перадатчыкаў дадалі датчыкі ціску паветра, каб даведацца на якой вышыні чорныя дразды здзяйсняюць пералёты на поўдзень Францыі, дзе зімуе частка папуляцыі.

Аднак выявіўся яшчэ адзін цікавы факт: у даследаванай папуляцыі на зімоўку адлятала больш самак, чым самцоў. Магчыма, гэта звязана з рознымі ролямі палоў – самцы могуць і пад час зімы старацца ўтрымліваць сваю будучую гнездавую тэрыторыю ці папросту быць паблізу яе каб мець магчымасць адразу кантраляваць сытуацыю там калі прыйдзе час гнездавання.

Крыніца:

Daniel Zúñiga et al. 2016 Abrupt switch to migratory night flight in a wild migratory songbird, Scientific Reports; DOI: 10.1038/srep34207

 

Паводле www.rarebirdalert.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

За эпічныя міграцыі вераб’іных птушак адказвае невялікі кластэр генаў

ПЕРАЛЁТНЫЯ ПТУШКІ НЕ СПЯШАЮЦЦА АДЛЯТАЦЬ

МІГРАЦЫІ ЎКАРАЧВАЮЦЬ ЖЫЦЦЁ ПТУШАК

Некаторыя палявыя падкаменкі вандруюць яшчэ далей, чым меркавалася

Трансакеанічныя пералёты пацверджаны яшчэ для аднаго віду вераб’іных

Упершыню даказана, што геалакатары не павялічваюць смяротнасць дробных вераб’іных

Першае параўнанне дадзеных, атрыманых з дапамогай геалакатара і перадатчыка GPS ад той самай птушкі