Дзякуючы выкарыстанню міні-відэакамер, прымацаваных да пінгвінаў у прыродных умовах атрымалася вызначыць раней невядомы для іх тып ахвяр. Аказалася, што мінімум 4 віды рэгулярна палююць на розныя віды мядузаў і іншых жэлепадобных марскіх жывёл.
Прагляд і аналіз шматлікіх відэа-запісаў паказаў, што птушкі невыпадкова праглыналі мядузаў пад час палявання на рыбу ці на іншую здабычу, а рабілі гэта спецыяльна. Разуменне гэтага дапамагае навукоўцам лепш зразумець становішча ў харчовых ланцугах зборнай нетаксанамічнай групы "gelata" – планктону і нектону, які мае жэлепадобнае цела.
Негледзячы на тое, што gelata можа даць пры спажыванні параўнальна невялікую колькасць калорый, яны адзначаны ў складзе харчавання нават такіх жывёл, як марскія чарапахі і вялікія рыбы. Цяпер да іх можна дадаць цеплакроўных пінгвінаў.
Жан-Баптыст Цібо (Jean-Baptiste Thiebot) і яго калегі з 5 краін у сямі розных месцах гнездавання птушак прымацавалі відэакамеры з лоджэрамі дадзеных памерам з невялікую флэшку на 106 пінгвінаў на поўдзень ад 30 градуса паўднёвай шыраты – ад палярных да умераных водаў. Пад час прагляду больш 350 гадзін атрыманых запісаў былі зафіксаваныя амаль 200 атак птушак на мядузаў і іншых gelata чатырох відаў пінгвінаў: Адэлі (Pygoscelis adeliae), жоўтавокіх (Megadyptes antipodes), Магеллана (Spheniscus magellanicus) і карлікавых пінгвінаў (Eudyptula minor).
Каманда Жана-Баптыста Цібо змагла ацаніць значнасць жэлепадобных жывёл у дзённым запатрабаванні энергіі як толькі 1% для пінгвінаў Адэлі, Магеллана і жаўтавокіх, тады як для карлікавых гэта доля можа дасягаць 2%.
Выглядае на тое, што пінгвіны адмыслова атакуюць па магчымасці драпежныя віды медузаў з таксонаў Cnidaria і Ctenophora. Усяго навукоўцам атрымалася вызначыць у складзе дыеты пінгвінаў ажно 107 мядуз 11 відаў. Акрамя іх, даволі часта пінгвіны таксама елі розныя віды сальп – прымітыўных прадстаўнікоў Хордавых.
Крыніца:
Jean-Baptiste Thiebot et al (2017) Jellyfish and other gelata as food for four penguin species - insights from predator-borne videos, Frontiers in Ecology and the Environment DOI: 10.1002/fee.1529
Паводле www.rarebirdalert.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак: пінгвін Адэлі атакуе мядузу Diplulmaris аntarctica ў Антарктыцы, Adélie Land, снежань 2015 г.(© Pierre Chevaldonné / CNRS / IPEV)
На гэтую тэму:
Чаму пінгвіны перасталі лятаць
Асабовасць марскіх птушак ўздзейнічае на ўсё іх жыццё
Як пінгвіны ведаюць, калі вынырваць?
Імператарскі пінгвін з Антарктыды апынуўся ў Новай Зеландыі
Марскія віды птушак у вялікіх клопатах
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ