Пастушок з вострава Inaccessible зменіць сваю назву

Застаецца невядомым, як птушкі некалі трапілі на “свой” востраў у цэнтры Атлантычнага акіяна: толькі дзякуючы сваім крылам ці ім “дапамаглі” ствалы дрэваў у акіяне. Аднак цяпер, пасля правядзення дэтальнага генетычнага даследавання, нелятаючы пастушок з вострава Недаступны (Inaccessible Island rail) Atlantisia rogersi, зменіць сваё навуковае імя – навукоўцы знайшлі яго крэўных у Паўднёвай Амерыцы.

Востраў Недаступны (Inaccessible Island) – самы заходні з трох астравоў архіпелагу Tristan, ён узнік дзякуючы вывяржэнню вулкана прыкладна ад 3 да 6 мільёнаў гадоў таму і знаходзіцца на адлегласці каля 3600 км ад бліжэйшага да яго ўзбярэжжа Бразіліі ў Porto Alegre на ўсход і прыкладна 2800 км на захад ад бліжэйшага узбярэжжа Паўднёвай Афрыкі ў Cape Town.

Эндэмік вострава, гэты пастушок быў апісаны толькі ў 1923 годзе брытанскім хірургам Пірсі Лоў (Percy Lowe), - аматарам птушак, які збіраў калекцыю для Брытанскага музею (British Museum). Пірсі стварыў для птушкі новы род і назваў яго Atlantisia, - як напамін пра міфічны кантынент Атлантыду, які апусціўся на дно акіяну. Відавая ж назва атрымалася ў якасці падзякі капелану суседняга вострава Tristan da Cunha H.M.C. Rogers’у, які першым закалекцыянаваў від.

Пірсі верыў, што нелятаючы пастушок прыйшоў на востраў па сухапутнаму “масту”, які існаваў, паводле яго ўяўленняў, паміж архіпелагам і Афрыкай або Паўднёвай Амерыкай.

Аднак сучасныя ўяленні на паходжанне птушкі і яе з’яўленне на востраве Недаступны моцна адрозніваецца ад таго, што пісаў хірург Лоў амаль стагоддзе таму.

"Мы знайшлі, што, канешне, птушкі не прыйшлі на востраў па сушы” – сказаў Марцін Сцірвэндэр (Martin Stervander), даследчык з універсітэту Арэгона (ЗША) і галоўны аўтар публікацыі ў часопісе Molecular Phylogenetics and Evolution. “Птушкі прыляцелі туды або прыплылі на дрэвах. Аднак дакладна сказаць, як яны гэта зрабілі, немагчыма. У любым выпадку, яны паспяхова пераадолелі далёкі шлях з Паўднёвай Амерыкі на востраў”.

Выкарыстоўваючы параўнанне мітахандрыяльнай і ядзернай ДНК розных магчымых блізкіх відаў птушак і іншыя філагенетычныя метады, каманда Сцірвэндэра знайшла, што бліжэйшым крэўным відам пастушка з вострава Недаступны ёсць … кропкакрылы пагоніч Porzana spiloptera з Паўднёвай Амерыкі. Разыходжанне ад адзінага продкавага віду  адбылося прыкладна 1,5 мільёна гадоў таму, калі продак пастушка трапіў на востраў Inaccessible і каланізаваў яго за адзін раз. Два другіх блізкіх віды, гэта чорны пастушок (Laterallus jamaicensis) з Паўднёвай Амерыкі і галапагоскі пастушок (Laterallus spilonota) з аднайменнага архіпелагу, - апошні від таксама страціў здольнасць да палёту.

Таму ў публікацыі вынікаў даследавання навукоўцы прапнуюць змяніць родавую назву пастушка на Laterallus – як у іншых блізкіх відаў.

"Нам самім непрыемна, што мы прапануем змяніць такую прыгожую назву - Atlantisia, якая ўсім нам вельмі падабаецца. Аднак паводле правілаў, прынятых у біялагічнай наменклатуры, ў нас няма выбару – родавая назва бліжэйшых да нашага пастушка відаў была прапанаваная даследчыкамі раней і таму мае прыярытэт” – сказаў Сцірвэндэр.

Калі продкі пастушка прыбылі на востраў, яны не знайшлі тут драпежнікаў, затое тут было шмат даступнай ім ежы ў трох тыпах біятопаў: на лугах, лясных балотах і ў лясах. Зразумела, што птушкі праз нейкі час страцілі здольнасць да палёту, таму што больш не патрабавалі яе каб выжыць на востраве.

І хаця навукоўцы ацэньваюць памер папуляцыі пастушка ў прыкладна 5500 дарослых птушак і гэта параўнальна нямала, аднак выпадковая інтрадукцыя пацукоў або іншых драпежнікаў можа хутка прывесці да непапраўнай катастрофы ў адносінах да гэтага нелятаючага віду. Палеанталагічныя даследаванні паказалі, што на суседніх астравах былі свае шматлікія віды нелятаючых пастушкоў, аднак пасля прыбыцця на іх чалавека, яны не праіснавалі доўга.

Таму эндэмічны пастушок з вострава Недаступны мае статус уражлівага віду (vulnerable).

 

Крыніца:

 Martin Stervander et al, The origin of the world's smallest flightless bird, the Inaccessible Island Rail Atlantisia rogersi (Aves: Rallidae), Molecular Phylogenetics and Evolution (2018). DOI: 10.1016/j.ympev.2018.10.007

 

Паводле www.phys.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

У Новай Зеландыі апісаны два новыя вымерлыя віды нелятаючых пастушкоў

Людзі знішчылі больш за 10% усіх відаў птушак Свету, калі каланізавалі ціхаакіянскія астравы

Вымерлы дрозд насамрэч... авяльга

Знойдзены невядомы від гіля, вынішчаны чалавекам на Азорах

Невядомы для навукі від соваў некалі знік з-за людзей

Амаль нелятаючы чорны лебедзь некалі жыў у Новай Зеландыі