У Новай Зеландыі апісаны два новыя вымерлыя віды нелятаючых пастушкоў

На Паўднёвым востраве Новай Зеландыі ў адкладах былога возера ўзростам ад 16 да 19 мільёнаў гадоў аўстралійскія навукоўцы знайшлі скамянелыя косткі пастушкоў, па якіх апісалі два новыя для навукі віды.

Абодва віды мелі параўнальна невялікія памеры – адзін быў троху большы за сучасных вераб’ёў. Многія віды пастушкоў могуць вельмі добра і хутка лятаць – менавіта дзякуючы гэтаму яны змаглі засяліць многія аддаленыя адзін ад аднаго акіянічныя астравы. Тым не менш, страта здольнасці да палёту ў прадстаўнікоў гэтай групы з’яўлялася, пэўна, нашмат часцей, чым у іншых таксонах птушак такога ж памеру. Асабліва часта гэтак адбывалася на астравах, на якіх не было наземных драпежнікаў. Самыя вялікія памерамі нелятаючыя пастушкі як раз утварыліся у Новай Зеландыі – гэта такахе і века (weka).

Вынікі апісання новых відаў, зробленага палеантолагамі з універсітэту Flinders разам з калегамі з універсітэту Новага Паўднёвага Уэлсу UNSW, музеяў Canterbury і Новай Зеландыі былі апублікаваныя ў апошнім нумары часопісу Journal of Systematic Palaeontology.

Прафесар Майк Эрчэр (рrofessor Mike Archer) з UNSW, сказаў: "Гэтае новае адкрыццё яшчэ раз падкрэслівае той факт, што Новая Зеландыя доўгі час была адной з самых цікавых “лабараторый” эвалюцыі птушак”.

У час існавання мегавозера – ад 19 да 16 мільёнаў гадоў таму – яго плошча была каля 5,5 тысяч кв км і яно дамінавала на ўсім Паўднёвым востраве. Навокал раслі субтрапічныя дажджавыя лясы, якія яшчэ засталіся ў Аўстраліі, але даўно зніклі ў Новай Зеландыі.

"Часта страта здольнасці да палёту асацыюецца з павелічэннем памераў” – сказала Элен Мавэр (Ellen Mather), галоўная аўтарка публікацыі і аспірантка ўніверсітэту Flinders. "Мясцовы пастушок века, які дагэтуль жыве на Новай Зеландыі, мае памеры у палову свойскай курыцы і не можа лятаць, тады як лятаючы паласаты пастушок – яго найбліжэйшы крэўны від, меншы прыкладна напалову”.

Найбольш часта сустракаемы сярод парэштак новаапісаны бяскрылы пастушок атрымаў навуковую назву Priscaweka parvales, што значыць “старажытны века з маленькімі крыльцамі”. Ён важыў прыкладна ў 20 разоў менш за сучасных века і памерам быў падобны да чатамскага пастушка Cabalus modestus, які знік як від не так даўно.

Нелятаючыя птушкі невялікіх памераў маглі ўзнікнуць толькі там, дзе не было наземных звяроў-драпежнікаў. І Новая Зеландыя доўгі час лічыцца менавіта такім месцам, авіфауна якой утварылася як раз пад час адсутнасці такіх драпежнікаў.

Калі першыя людзі прыплылі на Новую Зеландыю, на галоўных астравах жыло шмат нелятаючых відаў птушак, сярод якіх 9 відаў моа, некалькі ківі, два вялікіх гуся, два віды своеасаблівых Aptornis, некалькі відаў нелятаючых новазеландзкіх крапіўнікаў і як мінімум пяць відаў пастушкоў.

Дакладнае паходжанне новаапісаных відаў пастушкоў застаецца загадкай. Аднак яшчэ большай загадкай ёсць той факт, што ў той самы час, калі вакол возера ў раёне St Bathans бегалі бяскрылыя пастушкі, там таксама жылі наземныя віды звяроў! І хаця дакладна іх апісаць пакуль не атрымалася, навукоўцы лічаць, што яны, пэўна, не палявалі на невялікіх птушак. На сённяшні дзень новаапісаныя віды могуць лічыцца самымі старажытнымі вядомымі нам нелятаючымі пастушкамі ўвогуле.

"Даследаванні выкапневых відаў птушак працягваюцца ў Новай Зеландыі больш 150 гадоў. І для многіх вялікіх таксонаў дзякуючы ім атрымалася лепш зразумець паходжанне, прыкладны час узнікнення і ўзаемасувязі” – сказаў прафесар Трэвар Уорфі (Professor Trevor Worthy) з універсітэту Flinders.

 

Паводле www.phys.org (тэкст і малюнак з рэканструкцыяй аднаго з новаапісаных відаў) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Вызначаныя ўсё віды моа

Амаль нелятаючы чорны лебедзь некалі жыў у Новай Зеландыі

Людзі знішчылі больш за 10% усіх відаў птушак Свету, калі каланізавалі ціхаакіянскія астравы

Сучасныя метады паправілі ўяўленні пра вынішчэнне аўстралійскай мегафауны

Навукоўцы знайшлі метад атрымаць ДНК са шкарлупіння яек вымерлых відаў птушак

ПТУШКІ НОВАЙ ЗЕЛАНДЫІ

Бліжэйшыя крэўныя ківі знойдзены на… Мадагаскары

МОА. Апошнія птушкі-гіганты.