Вынікі сёлетніх традыцыйных зімовых назіранняў птушак у садах і прысядзібных участках у Вялікабрытаніі (Big Garden Birdwatch) пацвердзілі, што сярэднія лічбы колькасці многіх дробных відаў птушак значна зменшыліся. Арганізатар назіранняў – Каралеўскае таварыства абароны птушак RSPB – лічыць, што галоўная прычына гэтага – суворая і доўгая зіма, якая сёлета адзначалася практычна паўсюль на Брытанскіх астравах.
Амаль 530 тысяч бёдуотчараў прыняло ўдзел у сёлетнім RSPB Big Garden Birdwatch. Яны налічылі агулам больш за 8 з паловай мільёнаў птушак. Усяго было даследавана 280 тысяч садоў і наваколляў сядзібаў, дзе за два дні – 30 і 31 студзеня – адзначылі 73 віды птушак.
Пасля параўнання атрыманых дадзеных з ўлікамі мінулага году, аказалася, што колькасць адзначаных жоўтагаловых каралькоў ( Regulus regulus) зменшылася на 75%, сініц-апалоўнікаў (Aegithalos caudatus) – на 27%, сініц-масковак (Parus ater) – на 20%. Аднак колькасць многіх звычайных зімуючых у Вялікабрытаніі птушак – такіх як малінаўкі, берасцянкі, чорныя дразды, дамовыя вераб’і - не змянілася.
Цікава, што з-за незвычайна халоднай зімы ў нашмат большай колькасці, чым звычайна, ў садах адзначаліся віды птушак адкрытых мясцін. Сярод іх – дразды-піскуны і белабровыя дразды, таўстадзюбы і звычайныя стрынаткі. Іншыя птушкі – дрозд-спявун, шэры дрозд, чорнагаловая леска таксама рэгістраваліся часцей, чым звычайна.
Сара Келлі (Sarah Kelly), каардынатарка Big Garden Birdwatch, сказала: “Гэтай зімой мы адмыслова канцэнтраваліся на ўліках дробных вераб’іных і прасілі сябраў таварыства рэгулярна напаўняць кормам сталоўкі для птушак і паілкі свежай вадой. Гэта зіма паказала, як важнымі могуць стаць для нашых птушак рэгулярнае выкладванне дадатковага харчавання і створаныя чалавекам біятопы – сады і агароды, асабліва пад час такіх працяглых пахаладанняў”.
Паводле вынікаў за сем апошніх гадоў, дамовы верабей па колькасці адзначаных птушак упершыню апынуўся на першым месцы, чорны дрозд з трэцяга месца перамясціўся на другое, а шпак – з першага на трэцяе. Аднак паводле агульных лічбаў, колькасць дамовых вераб’ёй за апошнія 5 гадоў зменшылася на 17%, а шпакоў – на амаль 14%.
Здымак зімуючага крапіўніка Мікалая Гулінскага
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
НА ГЭТУЮ ТЭМУ:
Амялушка вярнулася праз год
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ