Павелічэнне колькасці і пашырэння вераб’інага сычыка ў Польскім Памор’і

вераб'іны сычык

У апошнім нумары польскага арніталагічнага часопіса Ornis Polonica з’явіўся артыкул, які падсумоўвае рэзкае павелічэнне колькасці і моцную тэрытарыяльную экспансію вераб’інага сычыка (Glaucidium passerinum) у лясах Памор’я (Pomorzе, Польшча), якія адбыліся з пачатку нашага стагоддзя.

На прыканцы 1990-х гадоў у Польскім Памор’і быў адзначаны першы тэрытарыяльны самец сычыка, а з 2006 году від адзначаецца тут штогод. Сярод 507 атласных ‘сухапутных’ квадратаў 10х10 км, якія адносяцца да гэтага рэгіёна, у 2016-22 гг від быў сустрэты ў 80 з іх (15,8%). У цэнтральнай частцы Памор’я сычыкі былі знойдзены ў 30,6% квадратаў са 144, у Гданьскім Памор’і ў 14,0% са 164 квадратаў, а ў заходняй частцы рэгіёна толькі ў 6,5% квадратаў са 199.

Від найбольш ахвотна засяляе паазер’я ў паўднёвай частцы Памор’я. Яго агульная сучасная папуляцыя для рэгіёна ацэньваецца даследчыкамі ў 250–350 гнездавых тэрыторый або тэрытарыяльных самцоў (далей – т.с.). Найбольш важныя месцы гнездавання вераб’інага сычыка ў Польскім Памор’і гэта Bory Człuchowskie (50–60 т.с.), тэрыторыя асаблівай аховы (OSO) Puszcza nad Gwdą (40–50 т. с.), OSO Bory Tucholskie i Lasy Puszczy nad Drawą (па 15–25 т.с. у кожнай).

У 2020–22 гг сярэдняя шчыльнасць віда на 9 пробных тэрыторыях склала 1,7 (ад 0,4 да 3,0) т.с. на 10 кв км усёй іх плошчы і 1,9 (ад 0,4 да 3,2) т.с. на 10 кв км іх лясной паверхні.

З 71 гнездавога дупла сычыкаў, знойдзеных даследчыкамі на Памор’і, у змешаных лясах (borze mieszanym świeżym) знаходзіліся 31,0% i ў змешаных забалочаных лясах (borze mieszanym bagiennym) 26,7%. У самай важнай тэрыторыі віда ў рэгіёне, у Borach Człuchowskich, сычыкі найчасцей (у 64,3% выпадкаў) для гнездавання выбіралі моцна вільготныя лясы.

Гнездавыя дуплы сычыкаў знаходзіліся галоўным чынам у соснах (Pinus sylvestris) (63,0%), значна менш папулярнымі былі дуплы ў елках (Picea abies) (20,5%), дубах (Quercus spр.), бярозах (Betula spр.) і вольхах (Alnus spр). У 76,7% выпадкаў гэта былі жывыя дрэвы, у 13,7% ужо мёртвыя і ў 9,6% тыя, якія паміраюць. На гнездавых участках віда дамінавала сасна (84,5%). Аднак як содамінант важнай таксама была елка (на 46,5% гнездавых участках), a ў падлеску елка была на 78,9% участках сычыкаў. У Памор’і сычыкі гнездавалі ў лясных выдзялах з сярэднім узростам дрэваў 120 гадоў (ад 59 да 199 гадоў) (n=71), на якіх выразна выбіралі тэрыторыі са старэйшымі дрэвамі.

На аснове апошніх дадзеных, памер агульнай папуляцыі віда ў Польшчы ацэньваецца аўтарамі артыкула ў 1 900–2 600 тэрытарыяльных самцоў.

Паводле Ornis Polonica падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Андрэя Несцерава

 

 

На гэтую тэму:

Совы знікаюць не з-за лясных пажараў, а з-за наступнай расчысткі лесу

Воробьиные сычи ( Glaucidium passerinum ) в Кобринском районе.

«Филины с кладбища», или мои встречи с Птицей 2015 года в Малорите