Арол-маркут у польскіх Карпатах у апошнія гады

Каманда польскіх арнітолагаў на працягу апошняга пяцігоддзя (у 2019-23 гг) вывучала размяшчэнне на гнездаванні, колькасць і некаторыя важныя аспекты экалогіі размнажэння арла-маркута (Aquila chrysaetos) на ўсёй тэрыторыі польскай часткі Карпатскіх гор.

На працягу пяці гадоў колькасць гняздуючых пар маркута нязначна вагалася ад 29 да 34 пар, што на плошчу польскіх Карпат (7730 кв км) дае шчыльнасць  0,38–0,44 пары/100 кв км). Адеак размяшчэнне арлоў на гнездаванні не было раўнамерным і ў Zewnętrznych Karpatach Zachodnich даследчыкі адзначылі ад 13 да 17 пар, у Karpatach Wschodnich 13–14 пар і 3 пары ў Centralnych Karpatach Zachodnich.

Калі параўнаць атрыманыя дадзеныя па колькасці і шчыльнасці папуляцыі з папярэднімі перыядамі часу, то яна была трошкі большая ў параўнанні з 2008–15 гг, троху меншая чым у 1997–2007 i 2008–2011, і значна большая, чым была ў 1993–96 гг.

Сярэдні поспех гнездавання (калі з актыўнага гнязда, у якім было адкладзена хаця б адно яйка, выляцела хаця б адно птушанё) у сезоны 2019–23 атрымаўся  65,0%, колькасць птушанят на актыўную пару склала 0,68, а на паспяховую пару - 1,04. Найбольшы поспех гнездавання віду (82,4%) ў польскіх Карпатах за мінулае пяцігоддзе адзначылі ў 2021 годзе, a найменшы (50,0%) - у 2023 годзе. Атрымалася прасачыць сумны лёс 28 выпадкаў гнездавання і галоўнай прычынай гібелі яек і птушанят сталі неадпаведнае надвор’е і драпежніцтва.

Праўдападобнымі прычынамі негнездавання параўнальна вялікай долі дарослых пар (35%) маглі быць значнае павелічэнне наведвальнасці лясоў чалавекам і змягшэнне паляўнічых тэрыторый арлоў з-за дзейнасці чалавека (з’яўленне шырока раскіданай забудовы ў гарах і прадгор’ях і другасная сукцэсія га кінутых сельгаспалетках і аднаўленне лесу).

Дзеянні па паляпшэнню паляўнічых тэрыторый, якія распачаліся ў адпаведнасці з планамі аховы арлоў на тэрыторыях Natura 2000 (на якіх знаходзіцца большая частка гняздуючых у польскіх Карпатах пар віда) павінны павялічыць шчыльнасць гнездавання і яго поспех.

Крыніца: Stój М., Kruszyk R., Baziak T. 2023 Distribution, numbers and breeding ecology of the Golden Eagle Aquila chrysaetos in the Polish Carpathians in the years 2019–2023. Ornis Polonica 64: 261-272

Паводле www.ornis-polonica.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Сяргея Зуёнка

 

На гэтую тэму:

У гнезда беркута, или К ВОПРОСУ О ВЫРАЖЕНИИ «НАДЕЖДА УМИРАЕТ ПОСЛЕДНЕЙ»

Самы стары еўрапейскі арол-маркут дагэтуль жыве ў Фінляндыі