Вельмі ціхая вясна

Паводле дадзеных Брытанскага арніталагічнага траста (British Trust for Ornithology, ВТО), самы вядомы мясцовы птушыны спявак – заходні салавей (Luscinia megarhynchos), сёлета не спявае на большай частцы Брытанскіх астравоў.

Пачынаючы з 1998 году, папуляцыя віду тут зменшылася на больш чым 50% і многія гнездавыя тэрыторыі салаўёў цяпер пустуюць. Не зразумела, чаму адбыўся такі хуткі спад колькасці салаўёў, аднак несумненна, што адбылося гэта з-за камбінацыі негатыўных фактараў на месцах гнездавання, пад час міграцыі ў і з Афрыкі, а таксама на месцах зімоўкі на поўдзень ад Сахары. 
Каб лепш зразумець магчымыя прычыны змяншэння колькасці віду, ВТО плануе зладзіць ў 2012 г. даследаванні віду і яго месцапражыванняў як у Вялікабрытаніі, так і ў Афрыцы пад час зімоўкі.
Навукоўцы з ВТО ўжо змаглі прасачыць трасу міграцыі аднаго з салаўёў у Афрыку і назад з дапамогай геалакатара. Больш звестак спадзяюцца атрымаць у наступным годзе, каб зразумець чаму від знікае і павярнуць кола фартуны.
Гэтыя непакоячыя звесткі дапаўняюцца справаздачамі з паўночнай і ўсходняй Еўропы пра падобнае змяншэнне колькасці ў блізкага віду – ўсходняга салаўя (Luscinia luscinia) ды іншых вераб’іных птушак, зімуючых у Афрыцы. З Даніі і Швецыі паступаюць дадзеныя пра вельмі выразныя змяншэнні колькасці ў некалькіх відаў, якія зімуюць на поўдзень ад Сахары. Ў Даніі адзначана падзенне колькасці ўсходняга салаўя на 80,5% ў параўнанні з мінулым годам, у Швецыі – на 35%.
Еўрапейскія навукоўцы спадзяюцца, што адзначаныя негатыўныя паказчыкі азначаюць не значную гібель салаўёў, а хутчэй запаздалыя прылёты птушак на былыя месцы гнездавання. Пра гэта могуць сведчыць моцныя паўночныя ветры ў заходнім Міжземнамор’і, якія могуць стрымліваць мігрыруючых з Афрыкі птушак. Назіранні з Ізраіля сведчаць пра 2-3 тыднёвыя затрымкі ў міграцыі мігрантаў з афрыканскага кантыненту. Аднак гэта не можа растлумачыць адсутнасць заходняга салаўя ў краінах Заходняй Еўропы, бо менавіта сёлета тут адзначана адна з цяплейшых вёснаў з паўднёвымі вятрамі, якія павінны спрыяць хуткай міграцыі і вяртанню на месцы гнездавання. Тым не менш, камбінацыя засушлівых умоваў ва Ўсходняй Афрыцы і засуха ў зоне Сахель, якая непасрэдна мяжуе з Сахарай могуць спрыяць зацягванню вясновай міграцыі птушак і нават прывесці да значнага павелічэння смяротнасці птушак.
Цікава, што для некаторых іншых відаў птушак (малага грычуна, авяльгі і перапёлкі) ёсць дадзеныя аб большай колькасці птушак сёлета, чым у мінулыя гады для некаторых краін Еўропы. Таму сапраўдныя прычыны анамальна ціхай вясны пакуль застаюцца незразумелымі.
 

Здымак усходняга салаўя Мікалая Гулінскага
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

На гэтую тэму:
Крах папуляцыі заходняга салаўя ў Вялікабрытаніі

Куды падзеліся гарадзкія ластаўкі?

Салавей амаль знік у Вялікабрытаніі

Пустальга працягвае знікаць у Вялікабрытаніі

Кукаванне зязюлі ўсё радзей можна пачуць у Вялікабрытаніі

Марскія птушкі з узбярэжжаў Шатландыі знікаюць у непакоячым тэмпе