Прэмія АПБ імя Канстанціна Тызенгаўза для маладых арнітолагаў

У год 225-ці годдзя знакамітага даследчыка айчыннай арнітафауны Канстанціна Тызенгаўза асабліва прэстыжна будзе атрымаць Прэмію АПБ яго імя.

Для гэтага трэба да 15.07.2011 на адрас сакратара Камітэта Прэміі АПБ імя К.Тызенгаўза Дзьмітрыя Вінчэўскага  (harrier@tut.by ) даслаць у выглядзе файла(ў) .doc або .pdf свае друкаваныя, прынятыя да друку тэзісы ці матэрыялы канферэнцый, навуковыя артыкулы і дыпломную (магістарскую) працы, калі яны датычаць вывучэння і (або) аховы птушак Беларусі і анкету з пазнакай імя і прозвішча, годам нараджэння, поўнай назвай вышэйшай навучальнай установы і факультэту, ў якім саіскальнік навучаецца або навучаўся ў 2010-2011 навучальным годзе.


Да 15.09.2011 Камітэтам будзе выбраны лаўрэат Прэміі, якую ён разам з памятным знакам атрымае на чарговым з'ездзе АПБ у пачатку 2012 г.

Грамадзкая арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ)
Палажэнне аб прэміі імя Канстанціна Тызенгаўза

Граф Канстанцін Тызенгаўз (1786-1853) нарадзіўся і быў пахаваны ў м.Жалудок (цяпер Шчучынскі раён Гродзенскай вобл.). Выдатны заолаг і орнітолаг, аўтар некалькіх артыкулаў і кніг пра птушак, між іншым:
Zasadу ornitologii albo nauki o ptakach” (1841) – “Асновы арніталогіі, навукі аб птушках”;

тытульная старонка "Асноваў орніталогіі" (з калекцыі Ю.Зямчонка)


Ornitologia powszechna, czyli opisanie ptaków wszystkich części świata (tom 1-3, 1843-1846, Wilno.) – “Агульная арніталогія, альбо апісанне птушак усіх частак Свету”;

Catalogus avium et mammalium...” (1844) – “Каталог птушак і млекакормячых ВКЛ і Каралеўства Польскага...”, у якім былі апісаны 351 від птушак і 167 відаў звяроў з тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны;
ілюстрацыйных табліц да кнігі “Oologija ptaków polskich, wystawiona na 170 tablicach rytych na miedzi i kolorowanych”, text - W. Taczanowski, 1862 (“Аалогія польскіх птушак” з тэкстам У.Тачаноўскага - выйшла ўжо па смерці Тызенгаўза);
стваральнік адной з самых вялікіх тагачасных калекцый пудзіл птушак у тагачаснай Еўропе, якую збіраў ва ўласным палацы ў м.Паставы (цяпер адзін з карпусоў раённай бальніцы ў г.Паставы, Віцебская вобл.).
З’яўляецца заснавальнікам беларускай орніталогіі.

Помнік Канстанціну Тызенгаўзу ў сцен яго палацу ў Паставах. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага.

 

Мэта прысуджэння прэміі – стымуляванне моладзі да вывучэння і аховы птушак на навуковай аснове.

1.Заяўкі на атрыманне прэміі разглядаюцца штогод. Калі Камітэт прэміі палічыць узровень дасланых на конкурс прац не адпаведным яе ўзроўню, прэмія можа ў асобныя гады не прысуджацца.

2. Прэмію могуць атрымаць студэнты і магістранты ВНУ Беларусі ці замежжа за дасягненні ў вывучэнні і/ці ахове птушак Беларусі. Адна асоба можа быць узнагароджана прэміяй больш аднаго разу.

3. Прэмія ўручаецца на чарговым З’ездзе АПБ, калі Камітэт не прыме іншае рашэнне.

4. Заяўку ў свабоднай форме на атрыманне прэміі з пералікам сваіх прац на адрас АПБ могуць падаваць да 15 ліпеня бягучага году студэнты і магістранты ВНУ Беларусі, якія як мінімум на 1 мая году падачы заяўкі мелі адпаведны да гэтага статус.

5. Да заяўкі павінны быць прыкладзены апублікаваныя ці прынятыя да публікацыі  навуковыя працы (артыкулы, тэзісы) і/ці дыпломная (магістэрская) праца, якія сведчаць пра значныя дасягненні саіскальніка прэміі ў вывучэнні і/або ахове птушак.

6. Камітэт Прэміі выбіраецца Цэнтральным Саветам АПБ тэрмінам на 3 гады і складаецца з не менш чым 5 чалавек.

7.Прэмія прысуджаецца аднаму з саіскальнікаў большасцю галасоў чальцоў Камітэту.

8. Прэмія ўяўляе з сябе памятны знак з выявай Канстанціна Тызенгаўза і грашовай часткі, памер якой вызначае ЦС АПБ.

9. Камітэт сам прымае распарадак сваёй працы, вылучае Старшыню, размяркоўвае абавязкі сярод сваіх чальцоў, распрацоўвае крытэрыі адбору найлепшых.

Зацверджана Рашэннем Цэнтральнага Савета АПБ ад 30.10.2009

Партрэт Канстанціна Тызенгаўза паводле гравюры François Grenier з калекцыі Юзафа Зямчонка