Стратэгія размнажэння – першым кінуць сваё гняздо

Цікавыя вынікі паказалі даследаванні стратэгіі размнажэння рэмезаў (Remiz pendulinus), якія праводзіліся на працягу 4 гадоў на рыбаводных ставах у заходняй Польшчы.

У даследаванай папуляцыі гэтых невялікіх вераб’іных птушак 42% самак і 44% самцоў на працягу сезону размнажэння капуліравалі больш, чым з адным партнёрам. Максімальная колькасць кладак, у якой асобныя і самцы, і самкі прымалі ўдзел, была роўнай пяці!
Апекаваўся будучымі патомкамі заўсёды толькі нехта адзін з бацькоў. Цікава, што для 45% гнёзд гэта была самка, на 17% гнёзд гэта быў самец, і яшчэ 38% кладак былі кінуты абодвума бацькамі да пачатку інкубацыі.
Большасць самцоў рэмезаў не даглядала ні адно са сваіх гнёздаў. Частка самак апекавалася двума сваімі кладкамі і птушанятамі ў сезоне.
Велічыня кладкі, колькасць птушанят і слёткаў у сярэднім была большай там, дзе імі займалася самка, чым у тых, якія даглядаў самец.
Колькасць патомкаў у самцоў пазітыўна карэлявала з колькасцю самак, з якімі ён спарваўся. Аднак у самак такой карэляцыі колькасці патомкаў з колькасцю палавых партнёраў знайсці не атрымалася. А найбольшы эфект размнажэння мелі тыя самкі рэмезаў, якія бралі на сябе цяжар апекі за двума гнёздамі на працягу аднаго сезону гнездавання. Без вялікай нечаканасці, даследчыкі знайшлі, што найменш патомкаў мелі тыя самкі, якія кідалі ўсе свае кладкі.
Генетычны аналіз птушанят паказаў, што ў сярэднім кожны пяты з іх (18% ад усіх) з аднаго гнязда меў іншага бацьку, чым большасць сваіх сіблінгаў.

Крыніца:
B. Czyż. (2009) Strategie rozrodcze samcow i samic remiza Remiz pendulinus na stawach milickich. Streszczenia “Ogolnopolska Konf. Ornitol. w 190 rocznice urodzin Władyslawa Taczanowskiego, Ptaki-Środowisko-Zagrożenia” Lublin, 12-20.09.2009. s.30.

Здымак Дзьмітрыя Якубовіча
Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

НА ГЭТУЮ ТЭМУ:
Старыя самкі сініц горшыя?