Мінск
Сустрэла сёння сваю старую знаёмую. У 2016 годзе гэта сустрэча прынесла першы пацверджаны выпадак рэгістрацыі жоўтаногай чайкі ў Беларусі.
Самка была пазначана польскімі калегамі пад час гнездавання ў калоніі на раке Вісла (Kępa Nadbrzeska - адна з самых вялікіх у Польшчы калоній чайкі-рагатухі, дзе сустракаецца некалькі жоўтаногіх чаек). Інфармацыя аб жоўтам кольцы PCUD дапамагла вызначыцца з відавой прыналежнасцю і нават апублікаваць караценькі артыкул аб новым для краіны відзе птушак. Жаўтаногая PCUD гняздуе (рэгіструецца) у той самай польскай калоніі кожны год, у Мінску адзначалася двойчы - у жніўні 2016 і 2019 гадоў. Сёлета нешта рана яна з'явілася, можа гнездаванне не было паспяховым?
Зараз як мінімум дзьве падобныя птушкі закальцаваныя намі і гняздуюць кожны год у Гатаўскай калоніі пад Мінскам. Калі мясцовых бёрдвочараў цікавіць гэты від, можаце звяртаць ўвагу не толькі на польскую жоўтаногую чайку PCUD, але і на нашых двух самцоў з чырвонымі кольцамі KY0J і KY1K.
А мне будзе цікава пабачыць нашых закальцаваных міх падчас восеньскай лінькі і зімоўкі.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ