У Польшчы праз 32 гады вандроўны сокал зноў загнездаваў у лесе

Вельмі радасная падзея адбылася ў Польшчы. Ўпершыню з 1980 г., калі ў гэтай краіне было адзначана апошняе гнездаванне вандроўнага сокала (Falco peregrinus) ўвогуле і таксама на апошняе на дрэве (да рэінтрадукцыі віду, якая пачалася ў 1990 годзе, пасля якой сокалы пачалі гнездаваць штогод, але на пабудовах у гарадах), сёлета пара гэтых прыгожых птушак абрала месцам гнездавання гняздо на сасне!

Мінулы год быў другім запар, калі ў Польшчы таварыствам “Сокал” праводзіліся інтэнсіўныя выпускі – рэінтрадукцыя – птушанят вандроўнага сокала ў лясных біятопах. У чатырох розных месцах агулам было выпушчана 66 маладых птушак, якія нарадзіліся і былі вырашчаныя ў пітомніках Польшчы, Германіі, Чэхіі, Славакіі, Аўстрыі і Даніі.


У 2010 годзе было выпушчана ў лясах 56 маладых сокалаў.
Усяго ж у 1990 - 2009 гг. атрымалася рэінтрадукаваць у польскую прыроду 345 птушак гэтага віду, з якіх 291 птушка была выпушчана менавіта ў лясах. У гарадах выпусцілі 37 птушанят і 17 – у гарах.

Прыклад рэінтрадукцыі ў лесе. Здымак з  www.peregrinus.pl


Апошні вядомы выпадак гнездавання гэтай адной з найпрыгажэйшых драпежных птушак у Беларусі вядомы ў 1973 годзе з балота Обаль-2 (Віцебшчына). Пасля гэтага вандроўных сокалаў сустракалі часам на міграцыі і на зімоўцы, аднак ніводнага гнязда ў нашай краіне больш не знойдзена.


Некаторыя з прыродных былых месцаў гнездавання дагэтуль засталіся амаль у нязмененым выглядзе, што дае невялікую надзею на магчымасць самастойнага вяртання віду ў Беларусь.


Паводле паведамлення Януша Сяліцкага і www.peregrinus.pl (таксама здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Comments