Сокал-балабан на пад’ёме дзякуючы арабскім шэйхам

 Дзякуючы адмысловай праграме размяшчэння штучных гнёздаў, у Манголіі сёлета вылупіліся 2000 птушанят сокала-балабана (Falco cherrug). Праект, які выконвалі разам мангольскае міністэрства прыроды, навакольнага асяроддзя і турызму і Агенцтва навакольнага асяроддзя Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (ААЭ), пачаўся ў 2010 г. з мэтай павялічыць велічыню дзікай папуляцыі гэтых сакалоў.  

У 2010 г. Агенцтва ад імя ураду ААЭ падпісала пагадненне з урадам Манголіі з мэтай пабудаваць і размясціць 5000 штучных гнёздаў для балабанаў у стэпах Манголіі, каб значна павялічыць даступнасць месцаў гнездавання і павялічыць іх поспех гнездавання і рэпрадукцыйныя паказчыкі. Дзякуючы гэтаму ўжо вылупіліся 3700 маленькіх сакалоў.

Некалькі штучных гнёздаў былі забяспечаныя камерамі, якія пастаянна запісвалі падзеі на гняздзе і дазволілі лепш зразумець чым сокалы харчуюцца ў розныя перыяды гнездавання як і пагрозы і прычыны гібелі кладак і птушанят. Сёлета праект пашырыўся для таго, каб лепш зразумець праблему гібелі балабанаў на паветраных ЛЭП, што з’яляецца галоўным чыннікам гібелі птушак пасля вылету іх з гнязда як ў Манголіі, так і ў Кітаі. Дзякуючы гэтаму атрымалася зрабіць дадатковую ізаляцыю некаторых найбольш небяспечных для птушак частак ЛЭП. 

Праект стаў частковым адказам на папярэднія прыкладна 20 год нелегальнага адлову і выкарыстання балабанаў сакальнікамі з ААЭ пад час міграцыі птушак праз гэтую краіну, а таксама браканьерсткага адлову сакалоў у месцах гнездавання і перапродажу шэйхам і паляўнічым з меншым статусам. Паводле аценак, толькі Казахстан страчваў каля 1000 балабанаў штогод на карысць арабскіх сакальнікоў з краін Бліжняга Ўсходу.

Акрамя забеспячэння балабанам бяспечных месцаў гнездавання, адначасова ў школах Манголіі і ААЭ рушыла праграма па адукацыі школьнікаў, накіраваная на адказнае і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў і экасістэм.

Дзякуючы паспяховай супрацы Манголіі і ААЭ атрымалася павялічыць агульную колькасць сусветнай папуляцыі гэтага знікаючага віду птушак, якая перад пачаткам праекту аценьвалася ў 2000-5000 асобін. 

 

Арабская назва балабана ‘Hurr' значыць “вольны”. Гэты другі па памерах від сокалаў, прыстасаваны для жыцця ў стэпах, пустынях і паўпустынях і гарах здаўна выкарыстоўваўся бліжнеўсходнімі сакальнікамі для паляванняў і займае важнае месца ў іх традыцыях і культуры. 

Паводле www.wildlifeextra.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by 

Здымак з www.thenational.ae

На гэтую тэму:

ЭВАЛЮЦЫЯ ВЯЛІКІХ САКАЛОЎ АДБЫВАЛАСЯ ХУТКА

Сокал-балабан зноў у Беларусі!

 Новый вид птиц для Беларуси «видели» только спутники?

 У Грэнландыі знайшлі гняздо сокалаў-белазораў, якое займаецца імі на працягу 2500 гадоў!

 ЮНЭСКА абвясціла сакалінае паляванне сусветнай культурнай спадчынай: “FALCONRY is a Living Human Heritage”

 

Comments

1Falcon (госць) - 30.10.2013 - 18:38

Нарэшце яны сталі глядзець у корань. Па дадзеных расійских вучоных, папуляцыі усіх драпежных птушак пачалі павялічвацца, акрамя балабана. Дзякуючы попыту на іх у гэтых самых арабскіх краінах. Радуе, канешне, што праблему врашаюць такім спосабам. +++