У мінулым годзе было знойдзена гняздо пугача, у якім было тры птушаняці. Два з іх акальцаваны, аднаго мы не знайшлі - падрабязней гл. тут:
Сёлета у сакавіку на гэтай жа тэрыторыі пачулі зноў пугача, а першага траўня я паехаў шукаць гняздо…
http://youtu.be/2FZSBkn4xwI
У мінулым, 2012 годзе, птушанят знайшоў выпадкова. Цяпер мэта была канкрэтная - знайсці гняздо пугача з птушанятамі. Паехаў пад вечар, калі ў лесе ціха і спакойна, толькі спявае шматлікая птушыная дробязь. Адразу пайшоў да таго месца, дзе ў мінулым годзе было гняздо. Вось і яно. Рэшткі мінулагодніх ахвяр толькі і нагадваюць, што тут некалі сядзелі грозныя начныя драпежнікі. Прахожу трохі далей, ў лес і ужо чую берасцянак. Птушкі не спяваюць, яны хвалююцца. Характэрнае “пінь-пінь” падказвае, што птушачкі бачаць ворага. Гэта дадае мне аптімізму і я працягваю пошук.
Праз некалькі хвілін падае голас дарослы пугач. Я ужо ведаю, што гэта менавіта яна, а не ён: голас у самкі сіплы, нейкі прыглушаны. Іду на гэтыя гукі. Праз дзесятак – другі метраў бачу птушку. Яна зляцела з сасны, праляцела і села на іншае дрэва. Бачу яе і адзначаю, што яна не вельмі хвалюецца. Так, - значыць трэба вяртацца, ісці ў супрацьлеглы бок. Што і раблю. Вось тут, прайшоўшы сотню метраў, разумею, што шлях выбраў я правільны: дарослая птушка ўжо не “сіпіць”, яна крычыць ў голас! Яе звонкае “кек-кек”, “кек-кек” разносіцца па лесе. Птушка пралятае недалёка ад мяне, я яе добра бачу. Да слова - гэта не зусім характэрныя паводзіны для пугача. Звычайна дарослыя на вочы людзям не паказваюцца.
Па мінуламу году я ўжо ведаю, што набліжаюся да птушанят. Мала таго – яны зусім блізка, аб чым сведчаць паводзіны дарослай птушкі. Праз тры – чатэры хвіліны бачу і гняздо. Птушаняты сядзяць каля камля сасны, прыціснуўшыся адзін да аднаго. Іх два, на аднаго менш, чым летась. Хутка аглядаю іх, раблю фота і пакідаю гэтае месца. Дадам толькі, што ад моманту ўваходу ў лес да знаходкі гнязда я патраціў роўна паўгадзіны.
Праз тыдзень мы с сябрамі наведалі гняздо, каб акальцаваць птушанят, сабраць рэшткі ахвяр. Быў я не адзін, таму дарослая птушка зляцела ад птушанят, але голас падавала толькі сіплы. Яе мы заўважылі і пачалі шукаць птушанят. Гняздо птушаняты ўжо кінулі, ў ім засталіся толькі рэшткі шматлікіх ахвяр. Так і павінна быць: птушаняты соў пакідаюць гняздо яшчэ не умеючы лётаць.
Пачалі круг за кругам абыходзіць месца, дзе павінны быць птушаняты. Адзін, старэйшы, сядзеў у сасны метрах ў дваццаці ад гнязда. Трохі далей знайшлі і другога. Птушанят, як і планавалі, акальцавалі. Сабралі рэшткі ахвяр. Харчаваліся пугачы рознымі птушкамі. Тут былі і качка-крыжанка, і шызы голуб, і нават вушастая сава і шуляк-карагольчык. Млекакормячыя таксама былі прадстаўляны. Знайшлі рэшткі пацука, вожыка. За пацукамі і галубамі пугачы лётаюць на суседнюю ферму, яна прыкладна ў 1,5 кіламетрах ад гнязда.
Праз тыдні два – тры птушаняты будуць ўжо добра лятаць і пачнуць самі паціху паляваць. Пажадаем ім ўсяго найлепшага і да новых сустрэч! Алег Кальчанка, г. Кобрын Здымкі аўтара і Дзьмітрыя Вінчэўскага
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Harrier - 14.05.2013 - 18:58
Дзякуй, Алег! Для мяне - ды
Дзякуй, Алег! Для мяне - ды думаю, для іншых таксама - гэта была незабываемая сустрэча з пугачамі.
AV - 14.05.2013 - 21:55
вельмі цікава! дзякуй.
вельмі цікава! дзякуй. Шкада, што біятопа чыстага на здымках няма, але на апошнім, з людзьмі зразумела дзе яны жывуць. Такі' лясоў у Беларусі шмат. А як далёка возера ці сажалка ад гнязда? Крыжанка ж ёсць у меню.
aistok - 15.05.2013 - 19:26
In reply to вельмі цікава! дзякуй. by AV
Прыкладна у 2 км. на захад ад
Прыкладна у 2 км. на захад ад гэтага месца працякае невялікая рачулка, ў пойму якой і лётаюць пугачы. Там яны ловяць качак і вадзяных палёвак ( яны таксама адзначаны ў ахвярах ). Мяне заўсёды цікавіць, чым дарослы пугач карыстаецца, куды ляцець на паляванне. На ўсход ад гнязда ферма, там ловіць пацукоў і галубоў, а на захад рачулка, ловіць качак і палёвак. Як ён выбірае, куды ляцець, тым больш, што дастаўляе харчаванне адна птушка - самец? Цікавая птушка!!!!
aistok - 21.11.2013 - 17:54
In reply to Прыкладна у 2 км. на захад ад by aistok
Вчера вечером, 20 ноября,
Вчера вечером, 20 ноября, отметил еще одну пару филинов ( Bubo bubo ). Птица кричали дуэтом, раньше не приходилось слышать их таким образом. Начали кричать в 19.21. Если сей факт будет иметь место и весной, то это будет территория № 7 этих сов в Кобринском районе...
Harrier - 21.11.2013 - 21:32
In reply to Вчера вечером, 20 ноября, by aistok
Цікава, можа і сапраўды
Цікава, можа і сапраўды знойдзецца новая пара.