На Гарадзеншчыне з’явіўся помнік сокалу-падарожніку

 На аўтатрасе Слонім-Зэльва, пры павароце на вёску Елка на землях СВК “Сынковічы” Зэльвенскага раёна, з’явіўся на днях вось такі помнік. Выява сокала-падарожніка (Falco peregrinus) ў палёце вельмі рэалістычная. 

На жаль, мала падобныя на сакаліныя два яйкі белага колеру, якія знаходзяцца ва імправізаваным гняздзе пад птушкай (нагадаем, што яйкі ў сакалоў звычайна карычнева-рудыя з чорнымі плямкамі). 

На мой погляд, гэта радасная падзея адбылася, хутчэй за ўсё, праз памылку. Справа ў тым, што на гэтым скрыжаванні дарогі вядуць да двух вёсак (гл. здымак): Елка і Шулякі. Менавіта ў гонар апошняй, напэўна, і быў усталяваны помнік. Аднак у (сучаснай) беларускай мове шуляк – гэта ніяк не сокал, а “ястреб”. Аднак вельмі імаверная памылка ніяк не прымяншае прыемную выяву сокала-падарожніка ля вёскі Шулякі.

Варта нагадаць, што сокал-падарожнік – рэдкі від птушак, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Апошні вядомы выпадак гнездавання гэтай драпежнай птушкі ў нашай краіне адбыўся ажно 40 год таму - ў 1973 годзе на адным з верхавых балот Віцебшчыны. Пасля гэтага сокалы-падарожнікі сустракаюцца ў нас толькі на міграцыі і часам на зімоўцы.

Некаторыя з былых месцаў гнездавання віду ў прыродзе дагэтуль засталіся амаль у нязмененым выглядзе, што дае невялікую надзею на магчымасць самастойнага вяртання віду ў нашу краіну. 

Паводле  www.racyja.com (верхні здымак і частка тэксту) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі (ніжні здымак) для www.birdwatch.by

На гэтую тэму:

 СОКАЛ-ПАДАРОЖНІК ЗНОЎ ЗАГНЯЗДУЕ Ў БЕЛАРУСІ

 СОКАЛ-БАЛАБАН НА ПАД’ЁМЕ ДЗЯКУЮЧЫ АРАБСКІМ ШЭЙХАМ

 ЭВАЛЮЦЫЯ ВЯЛІКІХ САКАЛОЎ АДБЫВАЛАСЯ ХУТКА

Сокал-балабан зноў у Беларусі!

 У Грэнландыі знайшлі гняздо сокалаў-белазораў, якое займаецца імі на працягу 2500 гадоў!

ПОЛЬСКИЕ СОКОЛЫ КОЛОНИЗИРУЮТ БЕЛАРУСЬ?

 

Comments

 ідэя добрая, але заблытае людзей дзе сокалы, а дзе шулякі.

Толькі неправільна ўсе птушыныя скульптуры называць помнікамі. Помнікі робяцца звычайна па загінуўшым, чы ў памяць чаго-небудзь. Верабей у Баранавічах і марадунка ў Тураве - скульптуры. А гэты падарожнік увогуле нават не скульптура, а рэкламная ці нейкая іншая  інсталяцыя.

 Ну марадунка ды дамовы верабей, на шчасце, яшчэ гняздуюць у нас. А вось падарожніку пашанцавала меней. Таму як раз слова "помнік" яму дарэчы.