Часам і ў цэнтры вялікага гораду можна сустрэць цікавых птушак, нават калі зусім не чакаеш гэтага.
Штовечар я са сваім сабачкам гуляю уздоўж Нёмана ў самым цэнтры Гродна. Вось і ў панядзелак мы радаваліся рэзкаму пахаладанню, але не самаму па сабе, а ветру і прыгожаму закату на Нёманам.
І тут я пачуў далёкія крыкі журавоў. Спачатку нават падумаў на імітацыю ад шпакоў - яны цяпер вялікімі кампаніямі спяваюць "свае песні з чужых кавалкаў" на дрэвах у пойме і побач. Але крыкі набліжаліся, і хутка над намі праляцелі тры кліны, разам пад 500 птушак.
На наступны дзень я таксама бачыў журавоў над цэнтрам гораду, і пра падобныя назіранні мне распавялі і сябры.
Цяжка сказаць - ці нашы гэта птушкі? Хутчэй за ўсё - не. Бо праз нас ляцяць на захад і жураўлі з Расіі, і з краін Балтыі, і са Скандынавіі. А нашы жураўлі трымаюцца сваіх улюбёных з году ў год месцаў паслягнездавых зборышчаў звычайна да першых маразоў, а ў апошнія гады адзінкавыя птушкі нават застаюцца на зімоўку.
Але дзяліць птушак на "нашых" і "ненашых" не зусім правільна. Таму і праважаў я іх пад сумныя крыкі са шчымлівым пачуццём.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Balu87 - 30.09.2018 - 21:48
Крык адлятаючай жураўлінай…
Крык адлятаючай жураўлінай чарады заўжды дадае суму...