Аляпка (Cinclus cinclus) – параўнальна невялікая вераб’іная птушка са своеасаблівым полуводным ладам жыцця, якая сустракаецца на хуткіх ручаях і рэчках, часцей за ўсё у гарах ці прадгор’ях. У нашу краіну аляпкі прылятаюць толькі на зімоўку. Раней, хоць і ў зусім невялікай колькасці, адзначаліся рэгулярна, але ў апошнія 5 гадоў птушкі або перасталі далятаць да нас, або іх недастаткова добра шукалі.
І вось у пачатку гэтага году пашанцавала – аляпку сфатаграфавалі на адным са шлюзаў Аўгустоўскага канала – больш пра гэта ТУТ. Зусім не дзіўна, што каб паглядзець аляпку і занесці новы від у свае асабістыя спісы, на шлюз сталі прыязджаць меншыя і большыя групы бёрдуотчараў фактычна з усёй Беларусі.
Але ўбачыць там птушку атрымалася не ўсім – пасля моцных і працяглых марозаў сток вады са шлюза і вадарэзы, з якіх аляпка саслізгвала ў ваду ў пошуках ежы, амаль замёрз. Пакрыліся льдом і тыя прысады-камяні, з якіх аляпка прыгала ў ваду ніжэй па плыні. І птушка яўна пераляцела ў новае, невядомае нам месца. Дзякуючы таму, што аказалася яна не дужа палахлівай, атрымалася зрабіць добрыя здымкі і відэа, на некаторых з якіх была добра бачная яе асаблівасць – пухліна на адным з пальцаў:
Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага з мінулай зімы. 25-01-2021
І вось новае паведамленне пра аляпку, ужо на самым пачатку гэтай зімы! Месца тое ж, але ці тая ж птушка? На здымках не бачна пальцы птушкі так, каб сцвярджаць што пухліны няма або што яна ёсць. Каб праверыць гэта і ўпершыню злавіць і закальцаваць аляпку, у Гродна вырушыла невялікая каманда: Дзяніс Кіцель і Максім Косцін. Яны запрасілі далучыцца да іх і мяне, але ў апошні момант, перад самым выездам на канал, мне прыйшлося адмовіцца ад паездкі. Таму я хутчэй з недаверам успрыняў вядомасць ад Дзяніса, што аляпка злоўлена і закальцаваная!
Па словах Дзяніса і Максіма, злавіць птушку атрымалася даволі хутка, але не зусім так, як яны чакалі. Тым не менш, мы віншуем іх не толькі з новым закальцаваным у Беларусі відам птушак, але і з тым, што атрымалася разгадаць загадку: тая ж гэта птушка з пачатку году ці іншая?
Расказвае Дзяніс Кіцель:
“Некалі я спецыяльна ездзіў паглядзець на гэты від у Чэхіі. Тады мы разам са Святланай Вранавай, мясцовым арнітолагам, назіралі за парай, якая карміла падрослы вывадак на адным з ручаёў. Мая другая сустрэча з гэтым відам адбылася ўжо ў Беларусі, на Аўгустоўскім канале ў пачатку году. Дарэчы, нідзе больш я гэты від у Свеце не бачыў – толькі ў Чэхі і тут.
Аляпка аказалася птушкай параўнальна моцнага целаскладу, якая актыўна супраціўлялася ў руках. Пасля ўсіх зробленых прамераў і агледзін аказалася, што гэта хутчэй за ўсё дарослая самка.”
Максім спрабаваў зрабіць здымкі птушкі на камянях пад шлюзам, каб пацвердзіць пухліну на яе пальцы ці наадварот, упэўніцца, што яе няма і гэта хутчэй за ўсё іншая аляпка, не з мінулай зімы. Але зрабіць гэта аказалася няпроста – птушка апускала пальцы ў воду ці сядзела так, што зрабіць неабходны здымак не атрымлівалася. І вось аляпка ў руках і ўсе сумневы знікаюць – пухліна на месцы. Імавернасць таго, што гэта іншая птушка з такім самым адметным пальцам зімуе ў тым самым месцы, настолькі малая, што яе не варта абмяркоўвываць.
“Дарэчы, сябар з Латвіі, які ловіць па некалькі аляпак штозіму, кажа, што звычайна тыя ж птушкі зімуюць у ніх у тых жа месцах. Так што “наша” птушка хутчэй не выключэнне з гэтга правіла.” – дадаў Дзяніс.
А цяпер, калі ў гэтай аляпкі ў дадатак да траўмы з’явілася і кальцо, пазнаваць яе здалёк стане лягчэй. Няхай дазімоўвае на канале і вяртаецца да нас і ў наступныя гады.
Дзяніс Кіцель з аляпкай - 109-м сваім відам, закальцаваным сёлета.
Для Дзяніса гэта ўжо далёка не першы від, які ён кальцуе (сам ці з камандай) першым у Беларусі. Сёлета новымі для краіны або падобнымі першымі закальцаванымі ўжо сталі сіняхвостка, тоўстадзюбая пячураўка і сібірская завірушка. А ўвогуле гэта 109-ы закальцаваны ім від птушак у гэтым годзе.
Для “Птушкі штодня” падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымкі Максіма Косціна
На гэтую тэму:
Трэці сёлета новы для Беларусі від птушак, таўстадзюбая пячураўка, адлоўлены на поўначы краіны
Сіняхвостка – доўгачаканы новы від птушак, адзначаны для Беларусі
Новы для Беларусі від птушак – пячураўка-зарнічка – адляцеў з уласным кальцом
Новы для Беларусі від птушак – стрынатка-рэмез – адлоўлены на поўначы краіны!
Стрынатка-крошка – новы для Беларусі від птушак- адляцела з уласным кальцом
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
svetlana vranova - 12.12.2021 - 01:45
Pamjataju tvaie…
Pamjataju tvaie zachapliennie, Dzjanis, kali ty jaie ubačyu upieršyniu :-) I taksama kali bačyu, što jana u nas nie takaja i redkaja... :-)
Vielmi ščyra vinšuju ciabie z čarhovym tvaim pospiecham!