Калі проста параўнаць памеры шэрай вароны (Corvus cornix) і ягады чорнай бузіны (Sambucus nigra), стане зразумела, што гэтыя ягады не могуць быць звычайнай ежай для варон. Але часам яны ўсё ж ядуць гэтыя невялікія чорныя ягады - хутчэй як дэсерт, чым 'асноўную страву'.
І калі ў звычайных спажывальнікаў ягад бузіны: рудахвостак-чарнушак, шэрых лесак, лесак-завірушак і лесак-чарнагаловак часам праблемы ўзнікаюць з тым, як адарваць ягаду, праблема ў варон іншая і звязана як раз з іх памерамі, а калі дакладней - з вагой птуша. Бо галінкі бузіны каля гронак тонкія і зусім не разлічаны на тое, што на іх будзе сядзець птушка з вагой і памерам вароны, тым больш, што яна будзе абапірацца на іх і адрываць ягады:
Але тым дарослым варонам, якія выбралі гнездавы ўчастак з кустамі - і ягадамі - бузіны, усё ж варта паказаць сваім патомкам, што ягады бузіны можна есці (=яны не атрутныя) і як правільна сядзець і адрываць ягады, каб не зваліцца з куста:
Звычайна да сярэдзіны кастрычніка птушкі з'ядаюць усе, ці амаль усе ягады бузіны. Але на супрацьлеглым ад нас беразе чамусьці 3 ці 4 кусты у пойме ручаіны засталіся амаль некранутымі нават да канца кастрычніка. І вось адным вечарам я ўбачыў там маладую варону, якая з нечым у лапах прысела на гарызантальную галіну вольхі. Якім жа вялікім было маё здзіўленне, калі птушка пачала адрываць ад таго, што прынесла, невялічкія чорныя ягады (гл. верхні і другі здымак) - гэта была гронка чорнай бузіны! Як аказалася трошкі пазней, варона спецыяльна іх адрывала і перамяшчалася або побач на больш устойлівыя галінкі самой бузіны, або адлятала і сядала побач на вольхі, дзе і з'ядала без апасення зваліцца:
Бузіну на адным з кустоў елі тры вароны, але толькі адну з іх я заўважыў з інавацыяй. Але калі гэта сапраўды нашмат зручней для птушак, чым спрабаваць есці ягады непасрэдна 'з куста', думаю, што іншыя хутка навучацца адрываць гронкі і пераносіць іх.
Гродна, 22.09 і 31.10.2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Apus - 05.11.2022 - 17:40
Вось дык гурманы! І як…
Вось дык гурманы! І як звычайна знойдуць чым здзівіць)
Harrier - 05.11.2022 - 17:55
Гэта праўда - з варонамі…
Гэта праўда - з варонамі надоўга не расслабішся)