Недалёка ад дома, у якім я жыву, ёсць вялікі і шыкоўны куст шыпшыны, які ўвосень прыцягвае ўвагу шматлікімі ярка-чырвонымі пладамі. Звычайна многія з іх вісяць на кусце да вясны. Бо птушкі чамусьці не вельмі іх любяць і толькі ў сапраўды халодныя і галодныя зімы робяць выключэнне і з'ядаюць амаль ці нават усе.
Гэта восень была на дзіва цёплай і таму я не звяртаў увагу на тое, чым унутры куста займаюцца звычайныя там дамовыя вераб'і (Passer domesticus). Ажно нядаўна адзначыў там зелянушку, якая ўжо ласавалася чырвонымі плодзікамі. А ў наступны раз, калі праходзіў побач, убачыў што і вераб'і спрабуюць, хаця і не надта актыўна, есці плодзікі:
Некаторыя з іх пасля касання дзюбай падалі і вераб'ям прыходзілася злятаць на зямлю, каб там працягваць іх есці. Раскідзістыя галіны з шыпамі давалі магчымасць адчуваць сябе бяспечна і пад кустом - ад коцікаў, і ўнутры куста - ад шуляка-крагольчыка. Але калі птушкі сядалі недзе вышэй, зверху куста, яны не час ад часу, нахіляючы галаву набок, пільна назіралі за паветрам. Бо есці ж хочуць не толькі вераб'і.
Не ведаю, ці гэта звязана, але на наступную ноч пасля першых маіх назіранняў вераб'ёў, якія пачалі есці шыпшыну, выпаў снег і раніцай пачалася зіма.
Гродна, 17-18.11.2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Apus - 24.11.2022 - 21:26
У бязпечным кусце і шыпшына…
У бязпечным кусце і шыпшына смачней)
Harrier - 24.11.2022 - 21:46
Так і ёсць) А зімой будзе…
Так і ёсць) А зімой будзе яшчэ смачней)