Каб пазбегнуць турбавання белых соваў, групы ў сацсетках забаранілі размяшчаць у сябе іх здымкі

белая сава

Гэтая зіма ў ЗША і Канадзе пачалася не зусім звычайна: хаця белыя совы (Bubo scandiacus) ужо прыляцелі на поўдзень ад Палярнага кола як і ў папярэднія гады, аднак сёлета іх зімоўка можа стаць значна больш камфортнай. Справа ў тым, што многія спецыялізаваныя амерыканскія групы для бёрдэраў і фатографаў прыроды ў сацсетках заклікалі фатографаў не турбаваць белых соваў і папярэдзілі, што здымкамі віда ўжо будзе нельга пахваліцца сярод удзельнікаў групы.

Група Maine Wildlife у ФБ, у якой больш 127 тысяч удзельнікаў, адна з многіх, якія забаранілі размяшчаць здымкі белых соваў на сваіх старонках. Troy Dyer, адзін з адміністратараў групы, сказаў, што ўсё пачалося пасля ‘падняцця’ гэтай тэмы некалькімі прафесійнымі фатографамі. “Яны звярнулі ўвагу на тое, што як мінімум некалькі здымкаў віда, размешчаных у групе, былі зроблены вельмі з блізкай адлегласці і птушкі былі вымушаны ўзляцець, каб адчуваць сябе больш бяспечна” – сказаў Dyer. "У зімовых умовах птушкі, і совы не выключэнне, стараюцца не траціць энергію без асаблівай патрэбы. І частае іх турбаванне чалавекам можа прывесці да пераахалоджання і гібелі”.

Белыя совы гняздуюць пераважна ў арктычных рэгіёнах Паўночнай Амерыкі і Еўразіі, але на зімоўку ляцяць на сотні кіламетраў на поўдзень ад месцаў гнездавання. У 2017 годзе від атрымаў ад МСАП (International Union for Conservation of Nature) статус “уразлівага” (vulnerable). Гэта першая катэгорыя ў шэрагу іншых, якія дэкларуюць значнае і хуткае змяншэнне колькасці віда і дэманструюць сур’ёзную пагрозу яго знікнення. Паводле ацэнкі, апублікаванай у 2017 годзе, колькасць дарослых птушак скарацілася да 28 тысяч з прыкладна 200 тысяч яшчэ ў 2013-м годзе.

Doug Hitchcox, прадстаўнік арганізацыі Maine Audubon і эксперт-арнітолаг сказаў, што праблема з белымі совамі ў тым, што яны адпачываюць і спяць удзень на адкрытых месцах, дзе іх параўнальна лёгка ўбачыць. "Кожны хоча зрабіць прыгожы здымак савы ў палёце, або партрэт і фатограф павінен падыйсці вельмі блізка, каб сава спачатку прачнулася і расплюшчыла вочы, а потым адляцела. А на гэта яна траціць энергію, неабходную ёй зусім для іншых мэтаў”.

Папярэджанні і заклікі да адказных паводзін у адносінах да віда на месцах зімоўкі даюць надзею на адпаведны водгук сярод фатографаў дзікай прыроды. Хаця наўрацці яны змогуць прымусіць усіх без выключэння да разумных паводзін, але даюць зацікаўленым асобам магчымасць убачыць карціну і з іншай, больш шырокай перспектывы.

Паводле www.newsweek.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з https://animals.howstuffworks.com

 

 

На гэтую тэму:

Белая сава прызнаная відам, якому пагражае рэальнае знікненне

Абноўлены Чырвоны спіс МСАП (IUCN): двум відам ківі ўжо не пагражае знікненне, а вось белая сава атрымала статус ўразлівай

Белыя совы сігналяць суродзічам сваёй белізной

Белая сава ў Гішпаніі: патройная сенсацыя

 

Comments