Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Вясновыя гілі. Частка І: ямо і п'ем усё

гіль

Дакументацыйныя здымкі

Так атрымалася, што за ўсю мінулую ўжо восень і зіму я ні разу не бачыў у горадзе гілёў (Pyrrhula pyrrhula).  Таму, калі па іншых справах апынуўся на ўскрайку глыбокай даліны Гараднічанкі, якая парасла высокімі лісцевымі дрэвамі і пачуў там знаёмыя галасы: "Гіль? Гіль", то пасля абеду вырашыў туды вярнуцца і паздымаць гэтых яркіх і прыгожых птушак.

Аказалася, што гілі, якіх я налічыў 25-30, нікуды не адляцелі і хутка я зразумеў што іх тут 'трымае'. Справа была ў тым, што на версе даліны  былі некалькі дрэваў: ліпы, 'нашы' клёны і пенсільванскія ясені, прычым дрэвы апошніх двух відаў яшчэ трымалі дзесяткі кілаграм насення, якое так любяць гілі:

Але і ліпы не пуставалі: калі гілям надакучвала насенне клёнаў ці ясеняў, ці і тое, і другое, яны пераляталі на галінкі ліпаў і там ахвотна елі ўжо вялікага памеру пупышкі. А потым зноў ляцелі на клёны-ясені, пераклікаючыся даволі часта і пад час пералётаў, і, асабліва, пад час ежы.

Непрацяглыя  і нечаканыя для мяне перапынкі птушкі рабілі на некалькі секундаў, калі то па адной, па 2-3 ці групкамі нават з некалькіх птушак зляталі на зямлю перад шэрагам дрэваў. Тут іх чакалі калужыны, многія з якіх зверху былі зацягнутыя тонкім льдом і некаторыя гілі пілі з калужын ваду, а некаторыя выбіралі замест вады кавалачкі льда - гэта добра бачна на адным са здымкаў ніжэй. 

Самае ж дзіўнае было звязана не столькі з птушкамі, колькі з людзьмі, якія на працягу дня сотнямі праходзілі праз адкрытае мной 'гілінае' месца і ні разу не толькі не ўбачылі іх, але нават не глядзелі навокал. У самым пачатку я не вытрымаў і паказаў гіля на экранчыку фотакамеры, а потым на дрэве адной з жанчын, якая як раз праходзіла побач. Яна са здзіўленнем, пасля непрацяглай паўзы, сказала мне: "А я же не відела снегірей уже лет тріста!" і задаволеная пайшла далей па сваіх справах.

У другім выпадку я падобным чынам паказаў птушак двум задаволеным жыццём мужчынам на падпітку. Яны спачатку сцвярджальна запыталі : "Э-э-э - ахова птушак ... э-э бацькаўшчыны?" і потым казалі мне і адзін аднаму, што столькі разоў хадзілі тут, але гілёў не бачылі. А на развітанне адзін сказаў другому: "Так с его апаратурай канешне всё увідішь..." і пасля гэтага, яшчэ больш задаволеныя жыццём, паволі зніклі за дрэвамі.

Пачало змяркацца і прыйшоў час і на мяне. Але я ўжо ведаў, што абавязкова туды вярнуся.

Гродна, 09-03-2023

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі

Працяг будзе

Каментары