Дваццаць пяць год таму, 29 сакавіка 1985 г. у Інстытуце заалогіі АН БССР было створана Беларускае аддзяленне Усесаюзнага арніталагічнага таварыства. Карыстаючыся менавіта гэта датай, Цэнтральны Савет ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” на сваім апошнім паседжанні вырашыў абвесціць гэтую дату Днём беларускіх арнітолагаў.
Усесаюзнае арніталагічнае таварыства (Всесоюзное орнитологическое общество (ВОО)) было створана на два гады раней – 19 лютага 1983 г. у Маскве. З таго часу гэты дзень лічыцца нефармальным прафесійны святам для арнітолагаў Расіі. Сымбалем таварыства стала чырвонаваллёвая казарка – прыгожая і рэдкая птушка. Без ВОО і яго рэспубліканскіх аддзяленняў сёння цяжка ўявіць таварыствы па ахове і вывучэнню птушак, створаныя пазней ва Ўкраіне, Расіі, Літве, Азербайджане і іншых краінах – былых рэспубліках СССР.
У 1991 годзе ў незалежнай Беларусі на базе Беларускага аддзялення ВОО ўтварылася Беларускае арніталагічнае таварыства імя А.В.Федзюшына, яго лагатыпам стаў белы бусел. У 1993 годзе арнітолагі і аматары назіранняў за птушкамі, галоўным чынам з Заходняй Беларусі, стварылі Заходне-Беларускае таварыства аховы птушак (ЗБТАП). Лога ЗБТАП упрыгожваў сокал-кабец. У 1998 годзе два таварыствы аб’ядналіся і стварылі новую арганізацыю – “Ахова птушак Беларусі” (АПБ), на эмблеме якой спявае вяртлявая чаротаўка. З 1999 г. АПБ прадстаўляе ў нашай краіне глабальную міжнародную асацыяцыю BirdLife International. Цяпер АПБ расшыфроўваецца як “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
...У 1987 годзе, калі я захацеў далучыцца да сябраў ВОО, для ўступлення ў Беларускае аддзяленне ВОО патрабаваліся 2 пісьмовыя рэкамендацыі ад ўжо дзейсных сябраў арганізацыі. Я пасля заканчэння сярэдняй школы не паступіў на біяфак МГУ і амаль год працаваў грузчыкам на аптэчным складзе ў Гродна. Перад адыходам у Савецкую армію, атрымаў двухтыднёвы адпачынак і трапіў на некалькі дзён на вясновую міграцыю птушак у Бярэзінскі біясферны запаведнік. Менавіта там мне і далі рэкамендацыі на ўступленне мясцовыя арнітолагі: Аляксей Цішачкін і Ігар Бышнёў. Даволі хутка я атрымаў пасведчанне сябра ў прыемнай мяккай зялёнай вокладцы і круглы значок з выявай казаркі. Гэты значок да заканчэння службы я і насіў на парадцы пад час рэгулярных выхадаў у горад Маскву, дзе праслужыў 2 гады. Такім чынам, таварыства з самага пачатку не было элітарным, яно прыцягвала да сябе аматараў назіранняў за птушкамі рознага ўзросту, якіх тады яшчэ ніхто не называў бёрдуочарамі…
Першым кіраўніком Беларускага аддзялення ВОО стаў М.С. Долбік. Яго змяніў Л.П.Шкляроў, які як першы прэзідэнт таварыства кіраваў і БАТам. Пасля яго смерці і да ліквідацыі таварыства ў 1998 г. ім кіраваў М.Я.Нікіфараў. Менавіта Міхаіл Яфімавіч быў двойчы абраны прэзідэнтам АПБ пасля яе стварэння. Цяпер Старшынёй АПБ з’яўляецца У.В.Іваноўскі, які таксама двойчы абіраўся на гэтую пасаду.
Для тых, хто яшчэ не выходзіць у свой вольны час з біноклем ці трубой, каб быць бліжэй прыроды ды птушак, нагадаю словы знакамітага брытанца Чарльза Дарвіна: “Я пачаў з задавальненнем сачыць за жыццём птушак … і па сваёй прастаце здзіўляўся, як гэта кожны джэнтльмен не становіцца арнітолагам…”
Са Святам, дарагія сябры і калегі!
Дзьмітры Вінчэўскі,
Сябра Беларускага аддзялення ВОО, БАТ імя А.В.Фядзюшына, ЗБТАП і АПБ
Выява сяброўскага значка ВОО з http://forum.faleristika.info
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
biot - 15.04.2010 - 01:45
Віншую ўсіх аматараў птушак з
Віншую ўсіх аматараў птушак з іх афіцыйным святам! Будзем жа пісаць гісторыю далей, каб і нашыя імены былі ў чарадзе за тымі, што ўжо апынуліся ў гэтай навіне!
Разам мы зможам многае! Разам: для птушак і людзей! Дзеля захавання біяразнастайнасці! Дзеля нашчадкаў!
З павагай, Дзяніс Кіцель, у АПБ з 2003 года
АВ (госць) - 15.04.2010 - 14:12
In reply to Віншую ўсіх аматараў птушак з by biot
Усих калег са Святам! Нарэшце