Атрыманы адказ на загадку, якой больш за 120 год

Больш за стагоддзе сярод арнітолагаў не было адзінага погляду на колькасць відаў або падвідаў, якія ўяўляе з сябе Стэллераў арлан (Haliaeetus pelagicus). Справа ў тым, што звычайная афарбоўка апярэння арланаў Стэллера – цёмнае цела і крылы, аднак чыста белыя надхвосце, хвост, “штаны” і вялікія белыя плямы на плячах. У 1887 годзе на падставе чорна-карычневай птушкі з белым хвастом быў апісаны асобны від – чорны арлан (H. niger).

Арнітолагі лічылі, што гэты від гняздуе выключна ў Карэі. І з-за таго, што пасля апісання новага віду было зроблена толькі некалькі рэгістрацый чорнага арлана, яго пачалі лічыць зніклым відам. Апошняга чорнага арлана ў прыродзе бачылі ў 1968 годзе, а з пачатку 20 стагоддзя нічога не вядома пра іх утрыманне ў заапарках.

Чым больш часу мінала з апошняга назірання птушак, тым больш даследчыкаў схілаляся да думкі, што чорны арлан – не асобны від і нават не падвід Стэллерава арлана, а меланістычная морфа. Аднак ніякіх доказаў у падтрымку гэтага не было.
І вось сёлета атрымалася канчаткова вырашыць загадку.
У заапарку Берліна (Tierpark zoo, Berlin) з’явіўся адзіны вядомы ў свеце “чорны арлан”! Гэта стала зразумела толькі пасля таго, як маладая птушка пераліняла ў дарослае апярэнне і белым у яе застаўся толькі хвост. Куратар птушынай калекцыі заапарку, д-р Мартын Кайзэр (Dr Martin Kaiser), так пракаментаваў тое, што здарылася:
"Гэта сапраўдны сюрпрыз, калі ты раптам бачыш птушку, якая лічыцца зніклай і ніхто не бачыў яе больш за 50 год ні ў прыродзе, ні ў заапарках”.
Цікава, што птушка меланістычнай афарбоўкі з’явілася на Свет ад самца і самкі нармальнай афарбоўкі дзякуючы штучнаму запладненню ў аднаго з сакальнікоў з Баварыі. Ў 2001 годзе маладая птушка паступіла ў калекцыю Берлінскага заапарка з Нюрэмбургскага зоо, дзе выхоўвалася дарослымі амерыканскімі белагаловымі арланамі.
Абодва бацькі ўнікальнага арлана – дзікія птушкі, злапаныя ў 1980я ў Расіі.
"І самец, і самка былі нармальна афарбаваныя, што даказвае, што наша птушка – толькі каляровая морфа” – сказаў д-р Кайзэр. Акрамя таго, факт паходжання бацькоў “чорнага арлана” з Расіі даказвае яшчэ і тое, што арланы такой афарбоўкі павінны сустракацца і па-за Карэяй, дзе былі зроблены ўсе папярэднія рэгістрацыі такіх птушак.
Артыкул пра адкрыццё апублікаваны ў часопісе Journal of Ornithology.
 

Стэллеравы арланы ўваходзяць у пяцёрку драпежных птушак (акрамя кондараў і грыфаў) найбольшых памераў. Від лічыцца пагражаемым з адмоўнай тэндэнцыяй колькасці з-за знішчэння месцаў гнездавання і перавылаву рыбы на ціхаакіянскім узбярэжжы Расіі і Карэі.

Паводле www.news.bbc.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

На гэтую тэму:

 

 

 

Найстарэйшы арол знойдзены мёртвым

Comments

Лично мне более привычно называть его "белоплечим" орланом. Хотя, конечно, английское название "Стеллеров", более правильно, если учесть, что встречаются ( пусть и очень редко) совершенно черные птицы без белых плечевых пятен.