Маладыя палявыя падкаменкі (Oenanthe oenanthe) прыкладна з пачатку ліпеня ўжо не чакаюць на ежу і іншы дагляд ад бацькоў і вядуць самастойны лад жыцця. А для гэтага, найперш, важна навучыцца паляваць на насякомых і іншых бесхрыбетных дробнага памеру.
Пра тое, як гэта робяць рудахвосткі-чарнушкі (Phoenicurus ochruros), я пісаў ТУТ. Аднак яшчэ адзін іх спосаб палявання я там не апісаў, а менавіта ён і ёсць самым папулярным у маладых падкаменак.
Маладыя птушкі (як і дарослыя нашы падкаменкі) часта стаяць амаль вертыкальна трымаючы цела і дзякуючы параўнальна доўгім нагам, хвост ім у гэтым не перашкаджае.) Стаяць яны так не вельмі далёка ад края сцежкі, якая з бакоў зарасла травяністай расліннасцю. Вось у гэтую расліннасць падкаменкі і ўглядаюцца. Само паляванне працягваецца 2-3-4 секунды: птушка раптоўна нахіляецца як бягун-спрынтар, зрываецца з месца, хапае здабычу з краю расліінасці і вяртаецца на сцежку. Часам падкаменка бегае падобным чынам і даганяе насякомых, якія выбягаюць на плітку недзе недалёка ад яе.
Нядаўна скошаныя і яшчэ неадрослыя газоны падкаменак не ціквавяць - там цяжка разлічваць на насякомых і павучкоў, а вось ужо адрослая расліннасць уздоўж сцежак, я яшчэ лепш зусім не кошаная - гэта іх любімыя месцы палявання. І жыццё там віруе, часта 'выпіхваючы' шасціногіх і васьміногіх жыхароў на край расліннасці, і вісець над імі, завісаючы ў паветры ці з вышэйшай прысады, не трэба. Назірай, выбірай самых смачных і хапай.
Гродна, 15 і 18.07.2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ