Хаця свайго першага самца шэрай лескі (Sylvia communis) я пачуў сёлета яшчэ на прыканцы красавіка, гэты самец з'явіўся сярод хмызняку на беразе Нёмана толькі прыкладна праз два тыдні. Спяваў ён актыўна, як і пералятаў з месца на месца. Час ад часу такаваў і рабіў 'горачкі' - узнімаўся на 3-5 метраў у паветра і прызямляўся ўжо на другім кусце. Але нешта яму не шанцавала на пару і дзень за днём я бачыў як ён спявае, такуе, пералятае, але без патрэбнага яму выніку.
З часам ён пачаў выбіраць для спеваў - і потым працягваў - дзіўнаватыя для шэрых лесак месцы. Першым з гэтага шэрагу 'дзіўных' стаў самотны высокі вяз на набярэжнай. Спачатку самец лескі спяваў недзе з галін верхняй паловы дрэва, а потым усё часцей і з самай верхатуры = вяршаліны. Зразумела, што гэтак яго простая і кароткая песенка разносілася далей, чым з невысокай моладзі вяза бліжэй вады, але і гэта не дапамагло яму з самкай. Тады, працягваючы часам выкарыстоўвываць высокі вяз, птушка праляцела амаль да пляжа і там спявала таксама з высокага, але ніжэйшага за вяз амерыканскага ясенелістнага клёну. Аднак побач з клёнам быў толькі пляж і скошаныя газоны без хмызняку побач і гэтае месца хаця і прыцягвала самца і пазней, але я чуў яго адтуль даволі рэдка.
Наступным у спісе 'дзіўных' (але па часе апошнім) сталі невысокія кусты туяў каля фантану. Нячаста, але самец спяваў і з іх (гл. здымкі ніжэй).
І нарэшце самым дзіўным месцам спеваў стаў .. т.зв. стары мост праз Нёман. Дакладней яго металічныя апоры, на якія, таксама даволі высока для шэрай лескі, самец сядаў і спяваў раз за разам адтуль. Песенка тады гучала нашмат мацней і выразней, дзякуючы рэху. Штораз там я хутка траціў птушку і зняць самца, які спявае з апоры, атрымалася толькі аднойчы ў сярэдзіне чэрвеня.
Двойчы пасля маста птушка вылятала за яго і метрах у 30 за ім спявала з невысокіх кустоў чорнай бузіны і ясенелістных клёнаў, але таксама без поспеху. Усяго ж адлегласць паміж скрайнімі прысадамі - ад пляжа за мост - на якіх спяваў самец шэрай лескі, складала метраў 250-300, што даволі шмат для такой невялікай птушкі. І наўрацці б ён мог кантраляваць такі вялікі ўчастак, калі б туды прыляцеў яшчэ адзін самец шэрай лескі. Але не прыляцеў, як і самка. І вось два дні таму самец перастаў спяваць на ўсёй гэтай тэрыторыі або знік.
Чэрвень 2024, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 24.06.2024 - 09:17
Цікавае назіранне і добрыя…
Цікавае назіранне і добрыя фатаграфіі, але сумны канец. Не пашанцавала, на гэтай тэрыторыі, самцу шэрай лескі на любоўным фронце. Можа павязе ў іншым месцы, дзе сустрэне сваю адзіную...