Увечары па беразе Гараднічанкі я вяртаўся дадому ад норкі зімародка. Пасля высокага маста праз рэчку, пад якім я йшоў, пачаўся шэраг дамоў і каля першага з іх на кабель у паветры сеў шпак (Sturnus vulgaris). У дзюбе ён трымаў не ежу для птушанят, а ... белую яснотку (Lamium album) з кветкамі! Расліна была свежая, побач, на беразе іх было шмат і птушка яўна вырвала яе толькі што. Я дастаў фоцік і стаў здымаць, чакаючы працягу. І шпак з кветкай у дзюбе паспрабаваў ... спяваць! Выходзіла гэта не вельмі гучна, але і спрабаваў ён нядоўга, зляцеў з кабеля некуды пад дах бліжэйшага дому.
Я толькі аднойчы раней бачыў, як шпак аднёс (таксама адарваную ім) кветку ў гняздо і чакаў, што гэтак жа адбудзецца і ў гэты раз. Але праз секунды птушка вярнулася з той самай ясноткай у дзюбе і села на той самы кабель. А яшчэ праз некалькі секунд шпак выкінуў тую кветку і заспяваў. Заспяваў па-сапраўднаму, гучна і часам нават 'дапамагаў' сабе крыламі:
Кветка яго ўжо больш не цікавіла, ляжала пад кабелем, дзе я яе і сфатаграфаваў. Што пайшло не так і чаму яна не аказалася ў гняздзе, дзе спачатку планавалася, я не зразумеў. Але тое, што без ясноткі ў дзюбе спявалася нашмат лягчэй - без сумневу.
Гродна, 28-04-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ