Перад вылетам птушанят, шпакі (Sturnus vulgaris) вымушаныя амаль штохвіліны прыносіць ім усё новую і новую ежу.
Гэта лёгка заўважыць, калі зараз хаця б хвілін 5 пастаяць ля шпакоўні ці каля натуральнага дупла, у якім гняздуюць шпакі.
Але як у дарослых птушак атрымліваецца так хутка знаходзіць столькі ежы? І тут мне пашанцавала не толькі ўбачыць гэта, але і зняць фоты і відэа. Першы ж шпак недалёка ад мяне, які прыляцеў на скошаны схіл, пасля першай жа спробы ўтыкнуць дзюбу ў глебу, адразу ж дастаў дажджавога чарвяка, якога ўмомант праглынуў. Другая спроба побач - і адразу другі чарвяк! Гэта ўжо не быў з'едзены, а прытрыманы для палёту на гняздо і шпак працягнуў пошукі безхрыбетных.
Другі шпак патрабаваў троху больш часу, каб знайсці і выцягнуць чарвяка:
Цікава, што калі адзін чарвяк ужо ёсць і трымаеш яго ў дзюбе, як шукаць другога? Правільна - трэба адкласці першага ў бок і паспрабаваць шчасця яшчэ раз:
А калі на шляху сустракаюцца насякомыя ці іх лічынкі, можна і трэба лавіць і іх. Так што шпакам пасуюць для палявання і ўчасткі са скошанай расліннасцю - тут лягчэй шукаць чарвякоў, і з няскошанай -тут лягчэй збіраць насякомых на сцяблінах і лістах на рознай вышыні.
22 і 23.05.2021, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ