ПТУШКІ НОВАЙ ЗЕЛАНДЫІ

Новая Зеландыя

Наша падарожжа распачалося на пачатку студзеня гэтага года. Як раз пасярэдзіне зеландскага лета. Выехаць з Беларусі ў 25 градусаў марозу і трапіць у разгар субтрапічнага лета – здавалася, што мары пачалі здзяйсняцца. Месца дыслакацыіі – горад Оклэнд, самы вялікі горад Новай Зеландыі, размешчаны на Паўночным востраве. Як добра, калі ёсць сваякі ў такіх далёкіх райскіх месцах :).

Хаця наша падарожжа не было спецыяльна арніталагічным,  бінокль мы з сабой захапілі.

Кораценька з гісторыі. Усім вядомую назву краіне даў галандскі мараплавец Абель Тассман, у гонар адной з правінцый Нідэрландаў. Але ў краіны ёсць і другое, больш старажытнае імя ад першых жыхароў, паленізійскага племя Маоры. Аотэароа (Aotearoa) – так завецца краіна на іх мове, што ў перакладзе азначае “Краіна вялікага белага воблака”. Менавіта гэта назва выкарыстоўваецца ў прывітальных роліках, буклетах і шыльдах па ўсёй краіне.

Адзінае што я ведала пра гэту краіну, што каля паловы відаў арнітафауны Новай Зеландыі з'яўляюцца эндэмікамі і нідзе больш не сустракаюцца. Што яшчэ?.. Пра гэту яе мала што чуваць, напэўна з-за геаграфічнай ізаляванасці. Але, пераканаўшыся на ўласныя вочы, аказалася, што Новая Зеландыя ўваходзіць у лік найбольш развітых краін свету па ўзроўню жыцця, эканамічным і сацыяльным развіцці. Захаванню прыроды, ахове навакольнага асяроддзя і турызму ў краіне надзяляецца многа ўвагі. Мясцовыя расліны і жывёлы з’яўляюцца сімваламі і гонарам краіны. Прычым птушкам тут надаецца асаблівая ўвага. І ў многіх птушак тут дзве назвы – ад маоры, і ад еўрапейцаў.

Наша знаёмства з арнітафаунай Новай Зеландыі пачалося з пукеку або султанкі (Porphyrio melanotus melanotus). Гэтыя птушкі тут сустракаюцца найчасцей. Пукеку паўсюль: на схілах, палях, узбочынах дарог, у гарадскіх парках, каля сажалак, нават на прыватных газонах. Людзей падпускаюць блізка, а ў некаторых месцах нават выпрошваюць пачастункі, - амаль як нашы галубы.

Пукеку

sultanki

 

Індыйская майна, або саранчовы шпак (Acridotheres tristis) будзіў нас кожную раніцу замест будзільніка. Таксама сустракаецца велімі часта на гарадскіх тэрыторыях.

Indyjskaya majna

А першая “карэнная” птушка, якую мы сустрэлі, была туі (Prosthemadera novaeseelandiae). Туі можна сустрэць на ўскраінах лясоў, у садах і парках. Гэта цёмная птушка, з белым гальштукам як у пастара, па прыгажосці спеваў не саступае нашым салаўям. Цікавы факт прачыталі пра туі ў батанічным садзе: калі адцвітаюць магноліі, туі напіваюцца падбрадзіўшага нектара і, пасля нядоўгіх “п’яных” спеваў, падаюць з ветак. Цікава было б паназіраць за такім “птушкападам”!

Tui

Птушкі там наогул не баяцца людзей. Але разнастайнасць і колькасць іх не такая вялікая, як хацелася б і ўяўлялася для такіх захапляючых краявідаў. Прасторныя прыбярэжныя даліны, круглыя голыя выспы з авечкамі, густыя лясы, горы, геатэрмальныя зоны з гарачымі крыніцамі, вадаспады, горныя рэкі і азёры.

Турыстам прапануецца вялікі выбар прыродных пейзажаў. Паўсюль, для зручнасці, абсталяваны экатропы, з маршрутамі і прыкладным часам прыемных прагулак.

У мясцовым лесе (у іх ён завецца "буш"), растуць дрэвападобныя папараці. Фантазія лёгка малявала на іх фоне дыназаўраў :)

Silver fern

 Таму Іншыя мясцовыя расліны: пальмы, ліяны, экзатычныя віды дрэў ужо не так уражваюць.

 

У бушы мы сустрэлі новазеландскую шэрую веерахвостку (Rhipidura fuliginosa),адзіны від веерахвостак які жыве толькі ў Новай Зеландыі. А можа яна нас сустракала? Гэтая маленькая птушачка вядома тым, што сама падлятае да людзей, пералятае вакол з галіны на галіну, раскрывае крылы, спявае, а на прыканцы прадстаўлення распускае хвосцік веерам.

 NZ grey fantail

NZ fantail

Па ўскраінах бушу можна сустрэць спецыяльныя пасткі для трусоў. З-за пастаяннага і хуткага размнажэння яны шкодзяць сельскай гаспадарцы і дзікай прыродзе.

Pastka

У цэнтры горада Оклэнда нечаканасцю для нас было ўбачыць “дзікіх” свойскіх курэй цэлымі сямействамі. Паводзілі яны сябе зусім прадказальна: грабліся на клумбах і падбягалі да людзей “папрашайнічаць”.

Карміць птушак там забаронена. Але здавалася, што птушкі да гэтага яшчэ не прывыклі.

Peunik u NZ

Kury u NZ

На ўскрайку Оклэнда, каля рэчкі, на лузе, пасліся новазеландскія пярэстыя або райскія качкі (Tadorna variegata), а з вады падплывала крыжанка з качанятамі. Здівіла, што за крыжанкай хутка выплыў угор. Здвалася, што ён таксама разлічваў на пачастункі.

papango

kryzanka i vugor

Пабачыць легендарную птушку ківі ў дзікай прыродзе ў рамках нашай паездкі не было магчымасці. Ківі жывуць толькі на ахоўных тэрыторыях, ды яшчэ ў іх амаль выключна начная актыўнасць. Таму нічога не заставалася, як пайсці ў мясцовы заапарк. З пяці існуючых відаў там жыве паўночны карычневы ківі (Apteryx mantelli). Супрацоўнікі заапарка сказалі, што пабачыць ківі нават у заапарку - вялікая ўдача. Там для яе абсталявана цёмнае памяшканне са спецыяльнымі ўмовамі, аднак птушка можа і не паказацца. Фатаграфаваць жа там забаронена.

Асаблівым падарожжам для нас стала паездка на запаведны зараз востраў Цірыціры Матангі (Tiritiri Matangi), размешчаны на паўночны усход ад Оклэнда. У XIX ст. на востраве амаль поўнасцю выпалілі буш для выпаса авечак. А ў канцы XX ст. былі праведзены мерапрыемствы па аднаўленню родных лясоў. Зараз пад бушам знаходзіцца 60% тэрыторыі вострава, астатнія 40 працэнтаў у выглядзе лугоў, спецыяльна для такахэ або бяскрылай султанкі (Porphyrio hochstetteri). Разам з такахэ тут жывуць яшчэ 11 відаў рэдкіх і эндэмічных відаў птушак.  Востраў мае статус навуковага запаведніка. Тут ёсць дзеючы маяк і інфармацыйны цэнтр для турыстаў. Ёсць і маленькі гатэль, які трэба браніраваць загаддзя. Дарэчы, вельмі папулярны.

Дастаўка турыстаў на востраў адбываецца на параходзе. Усім наведвальнікам перад уваходам на востраў трэба ачысціць свой абутак, каб выпадкова не занесці сюды чужародных раслін або жывёл. Для гэтага ёсць спецыяльныя шчоткі і чысцячыя сродкі. Сустракаючыя супрацоўнікі распавядаюць аб правілах на востраве і прапануюць платныя экскурсіі на птушак. Наведвальнікам адвозіцца прыкладна чатыры з паловай гадзіны. Спазняцца на параход забаронена. Усё роўна тыя, хто спозняцца, не застануцца на востраве. Парушальнікам трэба самастойна дабірацца і аплачваць марское таксі, якое каштуе прыкладна 350$.

tiritiri matangi

ecatrapa

 

Наш маршрут пачаўся з назірання за навазеландскай чыркай (Anas chlorotis). Від знаходзіцца пад пагрозай знікнення.

Адзінокая чырка паласкалася ў лужыне і не звяртала ўвагу на гледачоў.

brown teal

Прайшоўшы далей па экатрапе, ўсе прыпыняюцца каля сталоўкі з нектарам. Нектарам і сочнай садавінайі тут  харчуюцца хіхі, туі і корімако. Птушкі шчабечуць і пералятаюць з галіны на галіну недалёка ад сталоўкі, але ў гушчары пазнаць і разглядзець каго-небудзь нерэальна. Жаданне ўбачыць птушак становіцца такім моцным, што ўсе турысты аж заміраюць і не рухаюцца. І першая ўзнагарода – да сталоўкі пачалі падлятаць хіхі (Notiomystis cincta). На гэтым востраве праходзіць іх паспяховая рэінтрадукцыя.

hihi

hihi samec

Рухаючыся далей каля паілак з вадой мы паназіралі за незвычайна прыгожымі эндэмічнымі новазеландскімі гуйямі - кокако (Сallaeas wilsoni) і тіеке (Philesturnus rufusater).Птушкі пілі ваду, купаліся ў паілках і шустра адляталі далей.

kokako

Кокако

kokako kalja pailki

tieke

Тіеке

tieke 2 fotki

Там жа, зусім блізка, і цікавячыся намі, падлятала да нас мясцовая малінаўка (Petroica a. longipes). Гэта, напэўна, адзіная птушка, якая цярпліва пачакала і дала сябе сфатаграфаваць зблізку.

malinauka

Заўсёды цікавыя былі сустрэчы з новазеландскім галубом керэру (Hemiphaga novaeseelandiae). Спачатку адчуваеш на сабе нечый погляд, а потым заўважаеш Яго. Голуб звычайна сядзіць на галіне і, з вышыні, спакойна і амаль нерухома займаецца назіраннем.

kereru

На прыканцы маршрута ўсіх прывялі ў захапленне норкі малых пінгвінаў корора (Eudyptula minor).Гэта адзіны від пінгвінаў, які жыве ў паўночнай частцы Новай Зеландыі. На востраве для іх усталяваны спецыяльныя гнездавыя скрыні, якія яны ахвотна займаюць. Можна адкрыць накрыўку і паглядзець - ці ёсць пінгівін “дома”? У акенцы для бяспекі усталявана шкло. Пінгвінчыкі звыкліся і як сапраўдныя селібрыці не рэагуюць на людзей.

domik korora

 

korora

Бяскрылую султанку такахэ мы так і не пабачылі, але ўдалося пабачыць корімако (меданос-званочак)(Anthornis melanura melanura); белагаловую мохуў (Мohoua albicilla); новазеландскага стралка (Acanthisitta chloris granti) паўночны падвід новазеландскіх крапіўнікаў, самую маленькую птушку Новай Зеландыі і самую апошнюю рэінтрадуцыраванную птушку ўзнаўлённай сям’і на гэтым востраве; чырвоналобага папугайчыка какарыкі (Сyanoramphus novaezelandiae)

papugaj

і даўгахвостую чаротаўку матату (Bowdleria punctata), якую Маоры лічылі “мудрай” птушкай - яна была для іх вястуном і добрых і дрэнных перамен.

matata

pohutukawa

Похутукава (Metrosideros excelsa). Дрэву каля 800-1000 год. 

Tui kalja pailki

Туі

Вярнуўшыся на месца адплыцця, мы паназіралі за кулічком-сарокай (Haematopus unicolor), які бегаў падчас адліву па скалістаму пляжу.

kulik-saroka

Каб паглядзець як жывуць нашчадкі маоры мы паехалі ў невялікі горад Ратароуа, які знаходзіцца ў некалькіх гадзінах на поўдзень ад Оклэнда. Горад размешчаны на тэрыторыі геатэрмальнай зоны вострава. Маоры нездарма выбралі гэты рэгіён для пражывання, тут знаходзіцца вялікая колькасць крыніц і гейзераў. Як толькі трапляеш у гэту зону – адразу адчуваецца рэзкі пах серавадароду, але праз некаторы час проста прывыкаеш. Каля Ратароуа знаходзіцца гейзерны парк “Вай-А-Тапу”. Кожную раніцу там адбываецца прывітальнае шоу. Супрацоўнік вітае ўсіх турыстаў і ўрачыста “запускае” гейзер, кінуўшы ўнутр гейзера рэакцыйную сумесь. Амаль праз хвіліну фантаніраванне гейзера дасягае 20-ці  мятровай вышыні!

lady

Сам парк уражвае сваёй непаўторнасцю і разнастайнасцю вадаёмаў, гарачых і гразевых крыніц. Нездарма гэта адно з самых сюррэалістычных месцаў планеты. Але птушак там мала. Дзе-нідзе сустракаліся дамовыя вераб’і, хадулачнікі і новагвінейскія ластаўкі (Hirundo neoxena).

shampain woziera

palitra

wai-o-tapu

wai-o-tapu

У самім горадзе Ратаруа на аднаіменным возеры мы назіралі цэлую кампанію адпачываючых новазеландскіх ныркоў (Aythya novaeseelandiae).

papango

Там жа падплываў да ўсіх адзінокі чорны лебедзь (Cygnus atratus).

czorny lebedz

larus scopulinus

Чырвонаногая чайка (Larus scopulinus)

Прагульваючыся па горадзе пад нагамі можна было заўважыць, як пачынае прабіваецца новая крыніца і змяняе ўсё вакол сябе.

abyava

rataroua

На заходнім узбярэжжы Паўночнага вострава ёсць вялікі пляж Муріваі з чорным пяском і вулканічнымі скаламі.

muriwai

Там жыве самая вялікая калонія аўсталійскіх олуш (Morus serrator). Олушы занялі скальныя абрывы дзе заўсёды ёсць добры вецер, які дапамагае ім падчас узлёту. Выгадаваныя тут маладыя птушкі адлятаюць на паўднёвыя берагі Аўстраліі, дзе і праводзяць сваю маладосць. А праз некалькі год яны вяртаюцца дадому, каб завесці ўжо сваю сям’ю.

skaly

 

olushy

olushy na skale

olushy na skale

У мясцовым музеі ёсць экспазіцыі шкілета і пудзіла вымерлай птушкі моа.

moa

moa pudzila

 

І яшчэ некаторае, што патрапіла ў аб'ектыў:

pashtowaya skrynia

 

zanczyna-kiwi

Жанчына-ківі

NZ daliary

 

Навазеландскія даляры

Сувенірныя крамы робяць акцэнт на “птушыных сувенірах” і маюць іх вельмі вялікі выбар. Часам здавалася, што гэта спецыяльныя “арніталагічныя” крамы. Усе сувеніры, якія можна ўявіць, зроблены стыльна і крэатыўна.

suwieniry

 

 

suwieniry

Пасля ўсіх наведаных месцаў у Новай Зеландыі застаюцца толькі самыя прыемныя ўражанні.

Уразіла, што краіна з’яўляецца сучаснай і самабытнай адначасова.   Было прыемна, і нават нязвычна, бачыць паўсюль птушыныя вобразы. Напэўна краіна чэрпае натхненне ў сваёй прыродзе…

Можна многа чаму ў іх павучыцца. Гэта добры прыклад, як трэба ганарыцца сваёй прыродай і шанаваць яе.

Таццяна Смыкоўская

Фота Таццяна Смыкоўская, Антон Гаховіч

 

 

Кропка назірання

ПТУШКІ НОВАЙ ЗЕЛАНДЫІ

Каментары