Працяг.
Папярэднія часткі тут:
УСХОДНЯЯ АФРЫКА ЧАСТКА 2. МАСАІ МАРА, ПТУШКІ
Усходняя Афрыка частка 3. Масаі Мара, звяры
УСХОДНЯЯ АФРЫКА ЧАСТКА 4. ВОЗЕРА НАЙВАША
Наступнай кропкай нашага ўсходнеафрыканскага падарожжа з’яўляўся Нацыянальны парк Накуру, размешчаны на аднайменным возеры і вакол яго. Першапачаткова парк быў утвораны для захавання вялікіх і малых фламінга, якія ў сваёй большасці гнездаваліся на скалістых берегах Вікторыі, а тут у пэўны час збіраліся карміцца, прыцягнутыя водарасцямі, якія ў велізарнай колькасці размнажаліся на плыткаводдзях салёнага возера. З цягам часу межы парка пашырыліся і зараз у яго склад уваходзяць даволі вялікія плошчы саванны і акацыевых лясоў з поўным наборам характэрных відаў. Асноўнай жа “фішкай” сухапутнай часткі парка Накуру з’яўляецца тое, што тут можна сустрэць абодва віды афрыканскіх насарогаў – белага і чорнага, менавіта для падтрымання іх папуляцый і пашыраліся межы нацыянальна парка. Ну і, нарэшце, інтрыга ўзмацнялася тым, што насарог заставаўся апошнім трафеем, неабходным для закрыцця славутага спіска афрыканскай Big five.
Фламінга – візітная картка Накуру, дзякуючы гэтым птушкам парк атрымаў сусветную вядомасць. У Сеціве можна адшукаць сотні здымкаў, дзе фламінга стаяць альбо ляцяць так шчыльна, што за імі літаральна не бачна вады. І ўсё гэта здымалася тут, на Накуру, параўнальна нядаўна. Сітуацыя змянілася дзесьці ў пачатку дзевяностых мінулага стагоддзя – узровень вады ў возеры значна панізіўся, што стварыла ўмовы, неспрыяльныя для развіцця водарасцяў і, адпаведна, для харчавання фламінга. Зразумела, што птушкі пачалі шукаць іншыя месцы для харчавання і колькасць іх на Накуру значна паменшылася. Зараз узровень вады штогод падымаецца, разам з ім павялічваецца і колькасць фламінга, але ўсё ж “таго, што раньш было” ужо няма. Ну, а ў дадатак да ўсяго, мы трапілі на возера “не ў сезон”, так што замест чырвонага полымя птушыных крылаў напаткалі толькі невялікія чародкі малых фламінга Phoeniconaias minor, якія месцамі карміліся на плыткаводдзі, ды яшчэ на даволі вялікай адлегласці, а падыйсці да іх бліжэй не было ніякай магчымасці.
Невялікія рэчкі, якія падсілкоўваюць возера, пасля дажджоў нясуць у яго значную колькасць гліністых адкладаў, але ў гэты месцы, дзе ўтвараецца невялікі вадаспад, катлаван, з цягам часу ўзнікшы пад струменямі вады, выконвае ролю своеасаблівага адстойніка.
Ужо літаральна за некалькі дзесяткаў метраў пасля вадаспаду вада становіцца амаль празрыстай, а імклівы паток ператвараецца ў спакойную лясную рачулку.
Як і варта было чакаць, першым, хто нас сустрэў на падыходах да возера, быў жоўтадзюбы бусел Mycteria ibis, які пільна нёс сваю нялегкую службу па ахове ўваходу ў парк.
Яго напарнік, вольны ў гэты час ад вахты, разам з шэрагаловымі чайкамі Larus cirrocephslus падсілкоўваўся недалёка ад ахоўнага аб’екта.
Спачатку гэта можа падацца даволі незвычайным, але шэры венцаносны журавель Balearica regulorum – звычайная птушка, шырока распаўсюджаная ў ветлэндах Усходняй Афрыкі. І, скажу сумленна, змірыцца з гэтай незвычайнасцю, ва ўсякім выпадку мне, было не вельмі проста – першы час усё не пакідала думка, што я трапіў не ў сапраўдную дзікую Афрыку, а ў нейкі добра абсталяваны ландшафтны заапарк, менавіта ў такіх умовах я і бачыў гэтых птушак раней. Відаць, дзякуючы сваёй вельмі экзатычнай знешнасці, венцаносныя жураўлі правакавалі гэты мой натуралістычны дыскамфорт у значна большай меры, чым іншыя афрыканскія птушкі і звяры.
Ад пачуцця дыскамфорту я ўсё ж пазбавіўся, але гэта было ўжо потым, калі адпусціў першы адрэналін і можна было спакойна ўспомніць і прааналізаваць усе свае назіранні. Ну, а першая сустрэча, паўтаруся, была вельмі і вельмі незвычайнай.
Гэтая пара жураўлеў, дзякучы сваёй прывязанасці да адной пэўнай невялікай балаціны, якая прымыкае да дарогі ад возера ў саванну, стала сапраўднай “візітнай карткай” Накуру – усе наведвальнікі парка сустракалі іх абавязкова. Гэта, па словах наша гіда, быў якраз той рэдкі выпадак, калі сустрэчу з жывёлай можна было дакладна гарантаваць: – “А ці сустрэнем мы венцаносных жураўлёў?” – “Няма пытанняў!, Нават магу паказаць на мапе месца і з дакладнасцю да паўгадзіны назваць час, калі гэта здарыцца!”
Ну, а калі каго ўсё ж напаткала пачуццё “натуралістычнага дыскамфорту”, і ён ніяк не можа пазбавіцца ад думкі, што разглядае рэкламныя паштоўкі заапарка, то паверце мне на слова – птушкі насамрэч дзікія!
Забалочаныя берагі Накуру амаль на працягу ўсёй берагавой лініі пакрытыя стваламі загінуўшых дрэў, якія з павышэннем рэльефу паступова пераходзяць у жывы лес.
Акрамя таго, што ўзровень вады ў возеры вагаецца у гістарычным плане – зараз адбываецца яго паступовы прырост, – ён таксама вельмі залежыць і ад сезонаў засухі і дажджоў, якія ў гэтых шыротах цыклічна чаргуюцца адзін з адным.
Я зусім не спрабую усхваляць маральнае аблічча марабу, але гэтая птушка, якая самастойна здабывае ежу на прыбярэжным плыткаводдзі, як гэта робяць іншыя, больш паважаныя буслы, выглядае куды прэзентабельней, чым яе суродзічы, якія кормяцца на трупах загінушых жывёл, сметніках і ў іншых прывабных месцах.
Хутчэй за ўсё, малыя фламінга ніколі не чулі пра тое, што буйвалы самыя небяспечныя звяры Афрыкі. Ва ўсякім разе, яны не звярталі ніякай увагі на адзінокага маладога буйвала, які мэтанакіравана спяшаўся некуды проста праз плыткаводдзе, дзе карміліся птушкі. Наўрад бы яны паводзілі сябе так бесклапотна, калі б у іх сталоўку завітаў хто-небудзь з людзей, нават і у поўнай адзіноце. Вось і мяркуй пасля гэтага, хто самы небяспечный звер Афрыкі!
Плыткая зона возера прывабная не толькі для фламінга – качыныя і кулікі знаходзяць ежу бліжэй да берага, а для капытных гэта адносна бяспечны вадапой, дзе рызыка трапіць на зуб кракадзілу мінімальная.
Нават у канцы сухога перыяду, калі ў саванне ўжо не застаецца ніякай зелені, на берагах возера яшчэ можна адшукаць зарасці свежай зялёнай травы.
Мне ніколі не даводзідася бачыць нашых птушак, якія б адпачывалі вось у такой позе. А ў гэтых краях такі занятак аказаўся даволі папулярным. Першы раз я назіраў такое ў марабу, прычым, у групе з 20-25 буслоў такую позу прымалі адразу некалькі птушак. Потым у такой укленчанай позе мне трапіўся жоўтадзюбы бусел і нават кнігаўка-каваль. Праўдападобную прычыну, чаму ўсё ж яны гэтак робяць, я так і не змог прыдумаць.
На Накуру адбылася яшчэ адна сустрэча з землякамі – з некаторых пор мы маем усе падставы лічыць хадулачніка Himantopus himantopus не толькі еўрапейскім, але і нашым, беларускім, відам. Пасля фотасесіі, якую я праводзіў з гэтым незвычайным куліком на тураўшчыне, удвая прыемным аказалася сустрэць старых знаёмых на берагах Накуру. Дарэчы, і там і тут хадулачнікі пазбягалі вялікай вады і здавольваліся дробнымі сажалкамі і нават лужынамі, дзе ім, затое, ніхто не складаў харчовай канкурэнцыі.
Саванна ў наваколлі Накуру па сваёй структуры нагадвае лесастэп – адкрытыя ўчасткі, парослыя рэдкімі акацыямі і малачаямі, чаргуюцца тут з фрагментамі імправізаванага трапічнага лесу.
Звычайны альбо трохкаляровы бульбуль Pycnonotus barbatus даволі шматлікі і шырокараспаўсюджаны від Усходняй Афрыкі, які сустракаецца практычна ў любым біятопе, дзе толькі ёсць дрэвы альбо хмызнякі.
Дамініканская ўдавіца Vidua macroura – найбольш вядомы і шырокараспаўсюджаны прадстаўнік вельмі спецыфічнага сямейства атрада вераб’епадобных, для ўсіх прадстаўнікоў якога ўласцівы гнездавы паразітызм. Свае яйкі самкі гэтых птушак, накшталт зязюль, адкладваюць у гнёзды розных відаў астрыльдаў і ткачоў, і ніякага ўдзелу ў далейшым вырошчванні і выхаванні птушанят не прымаюць. А роля самцоў у перыяд размнажэння зводзіцца толькі да апладнення самак, якіх яны збіраюць вакол сябе цэлыя гарэмы. Так што, зусім не дзіўна, што яны, не маючы ніякіх бацькоўскіх клапот, могуць дазволіць сабе насіць такое экстравагантнае шлюбнае ўбранне.
Блізкі сваяк еўрапейскіх каменных драздоў малы каменны дрозд Monticola rufocinereus першапачаткова быў ўвогуле прыняты за шпака, і толькі потым, пры апрацоўцы здымкаў, высветлілася, што гэта зусім іншая птушка.
Негледзячы на дождж, які ішоў усю раніцу і грунтоўна прамачыў траву, гэты белахвосты жаўрук Mirafra albicaudata ад сваіх штодзённых спраў не адмовіўся. Крыху пасядзеўшы ў задуменні на ўскрайку дарогі, ён нехаця развярнуўся, а потым, нарэшце прыняўшы рашэнне, упэўненым крокам накіраваўся ў травяныя зарасці па нейкіх вельмі важных, але толькі аднаму яму вядомых справах.
А вось гэтых птушак можна смела аднесці да ліку самых звычайных драпежнікаў у наваколлі Накуру, вось толькі з іх вызначэннем узнікла цікавая блытаніца. Дакладней, з дарослай птушкай намінатыўнай формы праблем не было першапачаткова – аўгурскі канюх Buteo augur, шматлікі і шырока распаўсюджаны жыхар афрыканскіх раўнін.
Таксама без цяжкасцяў вызначылася і маладая асобіна – фатаграфіі даклана супадалі з малюнкамі ў вызначальніку, не ўступалі ні ў якую супярэчнасць і з тэкставым апісаннем.
А вось гэтая птушка пасля некалькіх дэталёвых праглядаў усіх вызначальных табліц з драпежнікамі (а іх там, дарэчы, хапае) мела добрыя шанцы трапіць у катэгорыю “No name”, якія пасля кожнага прагляду ўсё ўзмацняліся. У рэшце рэшт здымак быў адкладзены “на потым”, паколькі матэрыялу для вызначэння хапала і без яго. Час успомніць пра гэтую таямнічую птушку настаў, калі я, вызначыўшы па табліцы аўгурскіх канюхоў, пачаў чытаць іх тэкставае апісанне. Вось тут і высветлілася, што ёсць у гэтага віда цалкам цёмная морфа, для якой на аркушы з малюнкамі проста не хапіла месца!
Калі арлоў увогуле можна лічыць шматлікімі, то гэта пра чубатага афрыканскага арла Lophaetus occipitalis. Дарэчы, ён чамусьці стараецца рабіць усё магчымае, каб толькі на сапраўдных арлоў не паходзіць: шматлікі, ростам не выйшаў – памерамі са скапу, харчуецца накшталт шуляка-карагольчыка рознай вераб’інай драбязой, праўда, глытае яе па-даросламу, цалкам.
Ну, а наконт асцярожнасці, дык і увогуле, размова асобная – на прыкладна пяцікіламетровым адрэзку дарогі праз разрэджаны лес з жоўтых акацый мы сустрэлі аж трох чубатых арлоў і ўсе яны дазвалялі наблізіцца да сябе на такую адлегласць, што ў нас не кожная сойка падпусціць! Вось толькі апераныя да самых пальцаў ногі ўсё ж выдаюць іх арлінае паходжанне…
Як высветлілася, ўсе афрыканскія шпакі, з якімі мне давялося сустрэцца, не вялікія аматары фатаграфавацца. Цудоўны шпак Lamprotornis superbus, негледзячы на сваю адносную шматлікаць, выключэння не складае. Але ёсць і ў яго абароне слабыя месцы – папаўшы пад дождж, ён, пакуль пер’е не прасохне, лётае вельмі неахвотна і нават часам дазваляе зрабць некалькі здымкаў.
Моцныя гарызантальныя сукі жоўтай акацыі – проста ідэальная пляцоўка для натуралістычнай фотасесіі, незалежна ад таго, хто выконвае ролю мадэлі – арол, малпа, цэсарка, альбо нехта іншы.
У кожнага свае ўяўленні аб тым, як мусіць выглядаць месца, куды не сорамна запрасіць даму з перспектывай доўгатэрміновага знаёмства. І без розніцы, што пра гэта мяркуюць суседзі, галоўнае, каб інтэр’ер задавальняў выбранніцу. Відаць, гэты паўночны ерчык-мурашкаед Myrmecocichla aethiops добра ведаў, што робіць, паколькі абраў для сваіх вакальных практыкаванняў менавіта гэтае ўзвышша.
Час ад часу ён узлятаў на вельмі калючы куст, які рос побач з яго канцэртнай пляцоўкаў, і настойліва стараўся прыстроіцца на двух вялікіх вертыкальны шыпах. Гэтым шыпам, мяркуючы па ўсім, у яго эратычных планах адводзілася нейкая асаблівая роля. Потым, праўда, узнікла яшчэ адно тлумачэнне такім паводзінам – танцавальныя фігуры, якія атрымліваліся пры спробе ўладкавацца на кончыку шыпа, выглядалі куды больш натуральнымі і элегантнымі, чым, калі б ён проста танчыў на зямлі альбо галінцы. Хаця, для птушкі такое прычынна-выніковае планаванне выглядае ўсё ж занадта складаным…
Яшчэ адзін з афрыканскіх ерчыкаў – скальны Myrmecocichla cinnamomeiventris, а, дакладней, “уцёсавы”, калі перакладаць з ангельскай. Афрыканскія ерчыкі падзяляюцца на дзве групы: белакрылыя ерчыкі і ерчыкі адкрытых прастораў. У афарбоўцы першых пераважаюць чорныя колеры і яны маюць мала чаго агульнага з прывычнымі нам ерчыкамі, хутчэй іх можна аднесці да падкаменак альбо драздоў, скальны ерчык і мурашкаед адносяцца менавіта да гэтай групы. Да жыхароў жа адкрытых прастораў адносяць абарыгеннага чорнагаловага ерчыка Saxicola torquata з падвідам, які зараз ужо раглядаюць як самастойны від, і нашага роднага лугавога ерчыка Saxicola rubetra, які прылятае сюды на зімоўку.
Белалобыя шчуркі Merops bullockoides маюць даволі складаную сацыяльную арганізацыю. Гэты звычайны і нават шматлікі ў афрыканскіх саванах від пасяляецца, як і належыць шчуркам, па суседству з ярамі альбо абрывістымі берагамі ракі, дзе і ўтварае вялікія калоніі. Маладыя шчуркі, якім яшчэ рана мець свае ўласныя сем’і, тым не менш, прымаюць у размнажэнні актыўны ўдзел, а, дакладней, дапамагаюць больш дарослым птушкам карміць падрастаючых птушанят. Такіх памагатых у кожнай сямейнай пары можа быць некалькі, у асобныя, бедныя на ежу, сезоны да дзесятка. Акрамя маладых у сям’ю прымаюцца і дарослыя птушкі, якія не змаглі знайсці сабе пару. Ім дазваляецца прымаць удзел у пабудове гнездавой нары і нават наседжваць яйкі. Паміж усімі прадстаўнікамі гэага своеасаблівага клана ўсталёўваюцца даволі цесныя ўзаемаадносіны, нават норы ў іх агульныя, а вось чужынцы на тэрыторыю “камуны” не дапускаюцца.
На жаль, адзіны прадстаўнік гэтага цікавага віду, якога нам пашчасціла ўбачыць, проста сядзеў на провадзе і ніякіх сацыяльных паводзін не дэманстраваў. Дарэчы, у поўнай адзіноце гэта зрабіць цяжкавата.
Што тычыцца “Beastwatching”-а, то да спіска ўжо добра знаёмых жыхароў саванны дадалася яшчэ некалькі відаў, у тым ліку і бонусных. Зразумела, што галоўнай мэтай пошукаў быў насарог, паколькі менавіта яго нам і не хапала для “закрыцця” спіска Big Five. Для гэтага падыходзіў любы з двух відаў, і ў нашым выпадку мелася магчымасць сустрэць іх абодва: абарыгеннага чорнага і паўднёвы падвід белага, якога штучна засялілі ў гэтых краях замест знікаючага паўночнага белага насарога. На жаль, зусім нядаўна прайшла інфармацыя, што ў Кеніі загінуў апошні самец гэтага падвіда, так што зараз яго ўжо афіцыйна можна лічыць цалкам знікшым з твару Зямлі. Дарэчы, белы насарог зусім не белы і мала чым адрозніваецца па афарбоўцы ад чорнага, гэтая яго назва трансфармавалася з бурскага слова “wijde”, “шырокі”, і характарызуе верхнюю губу насарога, якая прыстасавана да выскубання травы і нагадвае шырокі коўш бульдозера з роўным ніжнім краем.
З насарогамі ў гэты дзень не шанцавала – сустракалася ўсё, што можна, толькі не яны. Мы ўжо даўно адмянілі свае планы на вечар, вырашыўшы, са згоды нашага кіроўцы, ездзіць па саванне да перамогі альбо да паражэння, якое трэба будзе прызнаць за гадзіну да закрыцця парка. Усе ўважліва аглядалі наваколле ў біноклі і ў найменш дасведчаных удзельнікаў экспедыцыі ўзнікла пытанне: а як на вельмі вялікай адлегласці адрозніць насарога ад буйвала, больш-менш сходнага па памерах і афарбоўцы. Тлумачэнне гіда, што буйвалы ўтвараюць статкі, і што, калі мы бачым некалькі жывёл разам, то гэта, хутчэй за ўсё, яны, было працягнута рэплікай кагосьці з бывалых: “А калі мы не бачым нікога, то гэта, дакладна, насарогі!" Узбадзёраныя гэтм своечасовым жартам, мы працягвалі пошукі. Нарэшце, як у другагатункавым прыгодніцкім фільме, насарогаў мы ўсё ж адшукалі, “калі ўжо ўсе надзеі былі страчаны”. Да іх было рэальна далёка, метраў 350-400, і, больш за тое, нас раздзяляў плыткаводны заліў возера, аб’ехаць які было нельга. Тым не менш, гэта былі дзікія белыя насарогі, апошнія прадстаўнікі “вялікай афрыканскай пяцёркі”, якіх мы яшчэ не бачылі, і мы маглі без перашкод назіраць, як яны ляніва качаюцца ў гразі, і нават, прызваўшы на дапамогу ўвесь моц доўгафокуснай оптыкі, зрабіць пару здымкаў. А ніхто і не казаў, што будзе лёгка!
Усе падвіды жырафа, якіх зараз налічваецца дзевяць, маюць геаграфічна ізаляваныя арэалы, а іх прадстаўнікі добра адрозніваюцца адзін ад другога па колеру і характару плямін на скуры. На сёняшні дзень канчатковай канцэпцыі сістэматыкі жырафаў не існуе – час ад часу некаторыя падвіды становяцца відамі і наадварот, як, увогуле, і ў іншых спрэчных сістэматычных групах.
Жыраф Ротшыльда – сапраўдны эксклюзіў. Гэты самы рэдкі падвід, які, дарэчы, таксама прапанавалася зрабіць самастойным відам, сустракаецца толькі ў некалькіх Нацыянальных парках Кеніі і Уганды ў агульнай колькасці не больш за 700-800 асобін. Зразумела, што яго далейшы лёс залежыць зараз толькі ад людзей. Ну, а так, калі без гэтых сумных падрабязнасцяў, то жыраф як жыраф – і паводзіны, і знешні выгляд, калі не браць да ўвагі афарбоўку. Асноўнае знешняе адрозненне жырафа Ротшыльда ад бліжэйшага суседа масайскага жырафа – белыя “гетры” ад капыта да калена.
Негледзячы на тое, што імпалы ўжо не раз траплялі пад прыцэл маёй камеры, я не адмаўляў сабе ў задавальненні пры любой магчымасці зрабіць яшчэ некалькі дубляў, і кожны раз яны, не горш за прафесійных акцёраў, дэманстравалі усё новыя і новыя сюжэты…
Золкім ранкам куды лягчэй і прыемней хадзіць па дарозе, чым па высокай роснай траве, асабліва, калі табе нічога не пагражае.
Там, дзе з боку людзей жывёлам не пагражае небяспека, прыродная асцярожнасць паступова сатупае месца цікаўнасці і нават добрасуседскім адносінам.
Бабуіны – самая сапраўдная “гапата” гэтых краёў. З развіццём турызму гэтыя высокаарганізаваныя малпы, як, дарэчы, і многія мяцовыя жыхары, навучыліся здабываць для сябе з турыстаў максімальную выгаду. Адно з асноўных месцаў іх сучаснага промыслу – абочыны дарог, дзе праязджаюць, а лепш за ўсё, прыпыняюцца машыны з турыстамі. Нават калі людзі і не прапануюць малпам пачастунак, то заўсёды ёсць надзея пажывіцца харчовымі адыходамі, якія застаюцца ў сметніцах, альбо “прымайстраваць ногі” таму, што было дрэнна пакладзена. Мясцовыя гіды нават папярэджваюць гасцей, каб яны не кармілі малпаў – удзякі ніякай, а нахабіцца яны пачнуць яшчэ болей, часам нават з агрэсіяй, і так ужо слова “baboon” стала тут намінальным.
Статкі бабуінаў, якія часам могуць налічваць да некалькіх дзесяткаў асобін, маюць даволі складаную сацыяльную структуру і, адпаведна, узаемаадносіны паміж членамі клана. Верхнюю іерархічную прыступку займаюць адразу некалькі самых моцных самцоў, якія не варагуюць паміж сабой, а больш за тое, у выпадку неабходнасці прыходзяць адзін другому на дапамогу. У жывёльным свеце гэта даволі рэдкая з’ява.
Пакуль самкі з маладымі займаюцца сваімі справамі, нехта з правадыроў увесь час знаходзіцца на варце, гатовы у любы момант даць адпор любому ворагу. Пры яго памерах з добрую аўчарку і проста неверагоднай сіле, гэта звычайна не складае для малпы ніякіх цяжкасцяў. Ну, а калі сам на справіцца, то “браткі” заўсёды прыдуць на дапамогу.
Барадавачнікі мне чамусьць вельмі імпануюць, але да гэтага часу ўбачыць удавалася толькі свінак і маладых парсючкоў – вельмі прыгожа, толькі для паўнаты карціны самец усё ж патрабаваўся. Нарэшце на вочы трапіўся і ён – іклы, рэпрадукцыйныя магчымасці, усё, што мае быць у сапраўднага вепрука! Згадзіцеся, брутальны мужчына, сапраўдны палкоўнік!
Афрыканскі буйвал не толькі самы вялікі бык на планеце, але і дакладна самы небяспечны звер Афрыкі. На яго “баявым рахунку” значна больш чалавечых ахвяр, чым у льва і леапарда разам узятых. Гэта і не дзіўна – дарослыя самцы пад настрой могуць атакаваць чалавека без усякіх на тое прычын. Ну, а калі буйвал, барані Божа, акажацца параненым падчас палявання, то літасці ад яго дакладна не чакай. Хаця, калі на тое пайшло, то ўсе паляўнічыя, якія прыязджаюць у Афрыку за такім трафеем, – дарослыя самадастатковыя дзядзькі і на гэты крок іх ніхто не падштурхоўваў…
Быкі, якія не адмовіліся папазіраваць для гэтай фотасесіі, былі ў вельмі лагодным настроі, менавіта такімі яны і выглядаюць на здымках. Ну, а што ўяўляе сабой раз’юшаны буйвал, высвятляць чамусьці ніхто не захацеў.
Цяжка ўявіць, што з гэтага рахманага цяля праз некалькі гадоў вырасце магутны бязлітасны звер, здольны ўлёгкую справіцца з любым афрыканскім драпежнікам…
Карлікавыя зялёныя мартышкі альбо чорнатварыя верветкі паводзяць сябе куды больш сціпла, чым бабуіны. Яно і зразумела – памеры не тыя, іклы паменей, ды і сілы няроўныя. Аднак і гэтай невялікай малпачцы ёсць чым ганарыцца: яскравыя блакітна-чырвоныя геніталіі самцоў – гэта поўны гламур! На жаль, гэты найважнейшы элемент іх дэкору ў мой кадр не трапіў, малпачкі ж, як вы памятаеце, вельмі сціплыя. Ну, а калі каго зацікавіла, то можна глянуць у Сеціве, рэкамендую, не пашкадуеце!
Саванныя зебры, якіх мне прыйшлося назіраць на Накуру, часткова пацвердзілі асобныя моманты даволі цікавых дадзеных па біялогіі амаль бесперапыннага размнажэння гэтага віду, знойдзеныя мной у сеціве.
Ітак: малыя зебраняты пачынаюць пакрысе харчавацца травой ужо на другім тыдні свайго жыцця, ну і, зразумела, аснову іх харчавання ў гэты час складае малако маці. Паступова доля травы ў рацыёне павялічваецца, а малака памяньшаецца, пакуль што нічога дзіўнага, вось толькі працэс гэты расцягваецца больш чым на год – ад 12 да 16 месяцаў. Бліжэй да заканчэння гэтага тэрміну “смактунок” па памерах ужо практычна не адрозніваецца ад маці, так што, працэдура кармлення ў гэты час выглядае даволь забаўнай. Між іншым, самкі адразу пасля родаў спароўваюцца зноў, так што, яшчэ кормячы сваіх пераросткаў, яны ўжо выглядаюць “добра цяжарнымі”. У той жа час, першыя спробы спароўвання маладыя жарабцы пачынаюць прадпрымаць дзесьці ва ўзросце 18 месяцаў, ледзь завяршыўшы свой малочны перыяд жыцця. Першыя цечкі ў самак пачынаюцца і таго раней – у 13-15 месяцаў, калі яны яшчэ час ад часу харчуюцца малаком маці. Паўнавартасна да “рэпрадукцыйнага канвеера” маладыя зебры далучаюцца пазней, яшчэ праз год-паўтара, і займаюцца гэтым на працягу 15-18 гадоў практычна бесперапынна і без ярка выражанага сезону размнажэння, ну, зразумела, калі іх ніхто не з’есць. Стратэгія даволі жорсткая. Хаця, калі ўлічыць, што зебра ў значнай колькасці ўваходзіць у рацыён усіх мясцовых драпежнікаў, то гэта, бадай што, яе адзінае выйсце ў нялёгкай барацьбе за існаванне.
Негледзячы на сваю не зусім мілагучную назву, вадзяны казёл – што сам, што яго дзяўчаты – вельмі фотагенічны звер. Зразумела, не такі прыгожы, як барадавачнік, але таксама просіцца ў партфоліо!
Не разумею, чаму многія усходнія народы подлых, баязлівых і двудушных людзей называюць шакаламі… Звер як звер, не горшы за іншых. Ды яшчэ і вельмі сімпатычны ў дадатак. Амаль як воўк, толькі маленькі. Я, дарэчы, ніколі не чуў, каб хто-небудзь казаў: “Ну ты, баязлівы воўк!” альбо нешта накшталт гэтага. Вось і шакал тут таксама не пры чым. А што асцярожны вельмі, дык гэта стратэгія выжывання, прырода так нагадала. Зебры вунь пладзяцца ўсё жыццё, а ён хаваецца. Не шакал слабахарактарны, проста жыццё у яго такое!
ЗАКАНЧЭННЕ БУДЗЕ
УСХОДНЯЯ АФРЫКА ЧАСТКА 5. ВОЗЕРА НАКУРУ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Harrier - 31.03.2018 - 22:55
Фоты- агонь! Самыя цікавыя…
Фоты- агонь! Самыя цікавыя нават пералічваць было б задоўга. Тэкст- трапны і цікавы- як заўсёды. Шчыры дзякуй, Сяргей!
AV - 01.04.2018 - 18:33
суппер-пупер, Сяргей,…
суппер-пупер, Сяргей, здаецца ты нават нейкі шыкоўны асобны стыль апавядання пра Афрыку вынайшоў. Зноўку захацелася ў Афрыку пасля тваіх расказаў!
Andrzej - 02.04.2018 - 14:44
In reply to суппер-пупер, Сяргей,… by AV
Очень познаваьельно, спасибо…
Очень познаваьельно, спасибо! Медитирующий чибис, сидящий на коленях -- the best))
вас (госць) - 02.04.2018 - 15:09
In reply to Очень познаваьельно, спасибо… by Andrzej
это ж не колени, что-типа…
это ж не колени, что-типа пяток) Колени - выше)
zuyonak - 02.04.2018 - 23:09
Дзякуй, калегі! Мне таксама…
Дзякуй, калегі! Мне таксама хочацца, і ўжо дакладна паеду, квіткі ў кішэні...
Iouri - 06.04.2018 - 16:44
Я бы ў бы не супраць адчуць …
Я бы ў бы не супраць адчуць "Натуралістычны дыскамфорт" таксама у нас, але ж вось як - уцякаюць :)