Мы як раз зайшлі пад т.зв. стары мост праз Нёман, як ад вады раздаўся кароткі і гучны свіст зімародка (Alcedo atthis). Я уключыў фотаапарат і стаў з яго дапамогай шукаць птушку, якая села некуды або на апору маста, або на расліннасць у вадзе пад імі, бо свіст быў яўна ўзмоцнены мастом. Хутка аказалася, што я не памыліўся - яркі на сонцы самец сядзеў на металічных скобах, якія як раз пасавалі пад яго памер і зусім трошкі выступалі за вертыкальную апору з бутавых камянёў:
Трэба было вырашаць - спрабаваць падыйсці да яго бліжэй, або здымаць тут і цяпер. Я выбраў другое і не пашкадаваў. Зімародак прасядзеў на скобах на вышыні метры 3 над вадой не больш 2-х хвілін, амаль вертыкальна, пад вострым вуглом спікіраваў у ваду і потым адразу паляцеў на другі бераг. Я так і не зразумеў, злавіў ён што ці не, але для мяне нечаканая сустрэча атрымалася вельмі прыемнай.
Гродна, 04-07-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ